Вакцына для лепяльчан

На аIMG_7910драс рэдакцыі нярэдка паступаюць пытанні аб тым, наколькі неабходна правядзенне вакцынацыі супраць грыпу і хто можа атрымаць прафілактычныя прышчэпкі бясплатна. Больш падрабязна аб гэтым пойдзе наша размова ў інтэрв’ю з галоўнай медсястрой установы аховы здароўя “Лепельская ЦРБ” Аксанай Акуневіч.
— Аксана Васільеўна, раскажыце, калі ласка, аб дзейнасці вакцыны супраць грыпу.
— Імунітэт пасля вакцынацыі захоўваецца шэсць — восем месяцаў. Варыянты вірусаў грыпу, якія выклікаюць штогадовыя эпідэміі, мяняюцца кожны год, таму вакцынавацца патрэбна перад кожным эпідэмічным сезонам.
У мінулым эпідэмічным сезоне захворванні грыпам і вострымі віруснымі інфекцыямі сярод насельніцтва не насілі эпідэмічны характар дзякуючы праведзенай вакцынацыі 40 працэнтаў грамадзян краіны. На працягу ўсяго эпідэмічнага сезона школы функцыянавалі ў звычайным рэжыме, адукацыйны працэс не спыняўся ні ў адной навучальнай установе.
У нашай краіне адносіны да вакцын з боку дзяржавы вельмі сур’ёзныя. Да іх прад’яўляюцца такія ж патрабаванні, як і да іншых лекавых сродкаў. Усе вакцыны, што выкарыстоўваюцца пры правядзенні кампаніі вакцынацыі ў Рэспубліцы Беларусь, праходзяць абавязковую рэгістрацыю — праводзіцца экспертыза на адпаведнасць крытэрыям якасці і бяспекі. Такая ж праверка праводзіцца пры ўваходным кантролі ў кожнай партыі вакцыны, што паступае на тэрыторыю краіны перад выкарыстаннем яе ў насельніцтва. Паняцця “вакцыны для бясплатнай і платнай вакцынацыі” пры праверцы якасці не існуе. Да якасці і бяспекі ўсіх вакцын прад’яўляюцца аднолькавыя патрабаванні.
— Аксана Васільеўна, якія катэгорыі людзей могуць атрымліваць прафілактычныя прышчэпкі бясплатна?
— Дзецям ва ўзросце ад шасці месяцаў да трох гадоў, дзецям ад трох гадоў і дарослым з хранічнымі захворваннямі, школьнікам, асобам з імунасупрэсіяй. Прышчэпкі робяцца бясплатна таксама грамадзянам, старэшым за 65 год, цяжарным, медыцынскім работнікам, дзецям і дарослым, што знаходзяцца ва ўстановах з кругласутачным рэжымам знаходжання, работнікам дзяржаўных органаў, што клапоцяцца аб бяспецы дзяржавы і жыццядзейнасці насельніцтва.
— Многія жыхары раёна сумняваюцца ў дзейснасці вакцыны, лічаць, што пры ўзнікненні захворвання вакцына наўрад ці дапаможа. Што вы можаце сказаць наконт гэтага?
— Вакцынацыя супраць грыпу сапраўды эфектыўная. Гэты факт пацвярджаецца навуковымі клінічнымі даследаваннямі. Ва ўсіх людзей, якія атрымалі прафілактычныя прышчэпкі, фарміруюцца абаронныя антыцелы супраць усіх трох варыянтаў вірусу грыпу. Вынікамі абследавання пацыентаў у мінулым эпідэмічным сезоне ў 2014 — 2015 гадах выпадкі грыпу сярод людзей пасля прышчэпкі не ўзнікалі.
Атрымаць прышчэпку супраць грыпу неабходна, таму што менавіта гэты вірус у выпадку захворвання выклікае смяротны зыход і цяжкія ўскладненні з боку сардэчна-сасудзістай, нервовай і іншых сістэм, а таксама з’яўляецца прычынай цяжкіх пнеўманій.
Для атрымання інфармацыі па пытаннях вакцынацыі неабходна звяртацца ў прыёмны пакой цэнтральнай раённай бальніцы па тэлефоне 4-85-88, у рэгістратуру паліклінікі па нумары 4-19-40, рэгістратуру дзіцячай кансультацыі (4-18-37) або да ўчастковых тэрапеўтаў і ўрачоў агульнай практыкі па месцы жыхарства. Для пацыентаў, якія знаходзяцца на стацыянарным лячэнні ў аддзяленнях бальніцы, вакцынацыя праводзіцца па месцы лячэння.
Інтэрв’ю правяла
Святлана
СІЛЬВАНОВІЧ.
На здымку: прышчэпку супраць вірусных інфекцый атрымлівае галоўны ўрач установы аховы здароўя “Лепельская ЦРБ” Ілья Шандалесаў.
Фота В. МАТЫРКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.