Введение в эксплуатацию дома №17 по улице Школьной планируется в 3-ем квартале

img_2285Згодна з намечанымі тэмпамі вядзецца будаўніцтва новага 38-кватэрнага дома па вуліцы Школьнай, 17 — у гэтым у чарговы раз упэўніўся, наведваючы новабудоўлю. Працоўны дзень толькі пачаўся. Муляры дзелавіта выкладвалі рады цаглін, вежавы кран раз-пораз падаваў то чарговую ёмістасць з растворам, то паддон з цэглай, то жалезабетонныя пліты перакрыццяў. Побач з будуемым домам з зямлі выглядаюць бетонныя кольцы калодзежаў дрэнажу. Грунт навокал гліністы, пераўвільготнены, таму такая сістэма вельмі запатрабаваная.
Фундамент складзены з вялікіх бетонных блокаў. А пад імі — бетонныя палі, забітыя ў грунт яшчэ летась. Такім чынам забяспечваецца ўстойлівасць і даўгавечнасць усёй канструкцыі.
Перад пачаткам будоўлі была зроблена адсыпка грунту пяском, у які ўпітавецца залішняя вада. За некалькі дзён да візіту карэспандэнта быў апошні ўсплёск зімы, завіхурыла-засыпала снегам. Аднак такія капрызы надвор’я, па словах прараба Аляксандра Броўкі, калі і замарудзілі працу, то зусім нязначна:
— Абутак і вопратка адпаведныя ёсць, вопыт працы ў розных умовах надвор’я таксама — няма падстаў для турботаў. Зімой жа мы таксама працавалі.
На будаўніцтве працуюць каля 35 чалавек. У асноўным гэта муляры, бетоншчыкі. Большасць работнікаў — дасведчаныя спецыялісты. У асноўным выкарыстоўваюцца матэрыялы і канструкцыі, набытыя і прывезеныя спецыяльна. Аднак могуць на месцы вырабіць патрэбны элемент, адліць з бетону, скажам, нестандартны блок.
Асобнае слова варта сказаць пра выкананне правілаў бяспекі. Яшчэ падыходзячы да будаўнічай пляцоўкі, заўважыў, што ўсе рабочыя забяспечаны шлемамі. Лесвіцы трывалыя, зробленыя па правілах.
Паралельна вакол такога ж дома, здадзенага ў эксплуатацыю восенню, праводзілася добраўпарадкаванне і тынкаванне вонкавых сцен. У мінулым годзе іх не паспелі завяршыць з-за надвор’я, таму перанеслі на вясну. Акрамя гэтага, перад пад’ездамі з бетону заліваюць пад’язныя дарожкі. Зрабіць застаецца зусім няшмат: датынкаваць некалькі сцен, разраўнаваць зямлю, засеяць газоны, зрабіць падыход да дзіцячай гульнёвай пляцоўкі.
Блізкае будаўніцтва, вядома, прыдае пэўныя нязручнасці суседзям, аднак з гэтым мірацца, бо часова.
Як паведаміў начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Вадзім Варган, здача і ўвядзенне ў эксплуатацыю дома №17 па вуліцы Школьнай мяркуецца ў трэцім квартале. Вядома, калі не адбудзецца затрымкі з фінансаваннем.
Гаворыць намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Шыдлоўскі:
— З 38 кватэр тры будуюцца за кошт прамысловых прадпрыемстваў горада. Яшчэ 16 кватэр будуюцца з дзяржаўнай падтрымкай — ільготнымі крэдытамі ААБ “Беларусбанк”. Астатнія кватэры будуюцца цалкам за кошт грамадзян — дольшчыкаў жыллёва-будаўнічага кааператыва. На сёння яны ўнеслі больш за 40 тысяч рублёў.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: муляры Мікалай Семянько і Дзмітрый Дубровін.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.