Высокую награду в Беларуси получили юные жительницы Лепельщины

Ёсць выкладчыкі, якія вучаць нас правільна пісаць і лічыць, а ёсць тыя, хто дапамагае ўбачыць і пачуць свет музыкі, свет прыгажосці. Менавіта да такіх можна аднесці і Галіну Казаровец. Яна сваім прыкладам і нястомнай энергіяй, майстэрствам і ўменнем дапамагае раскрываць здольнасці дзяцей, прывівае ім цікавасць да класічных музычных твораў і творчасці сучасных кампазітараў.

Галіна Васільеўна — настаўнік музыкі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі па класе домры і гітары філіяла “Бароўская дзіцячая школа мастацтваў” ДУА “Лепельская ДШМ”, настаўнік з вялікім стажам і вопытам.

Не хопіць аркуша, каб пералічыць узнагароды педагога і яе выхаванцаў. Так, у 2018 годзе вучань Цімафей Хацько ўзнагароджаны граматай за паспяховае выступленне ў абласным туры VІІІ рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І. Жыновіча. У гэтым жа годзе дыплом лаўрэата ў абласным туры атрымаў Мікіта Кузьміч, які потым удзельнічаў у заключным, рэспубліканскім, этапе. У 2019 годзе Аляксандра Цар і Вікторыя Дудзіцкая сталі лаўрэатамі 1-й ступені ў VІ Адкрытым конкурсе вакалістаў і інструменталістаў “Сяміцвецікі”, які праходзіў у Віцебску. Дыплом 1-й ступені ў рэспубліканскім фестывалі-конкурсе “Львёнак” (Лідскі вянок) атрымала Аляксандра Цар, а Вікторыя Дудзіцкая – дыплом 2-й ступені…

З асаблівым захапленнем Галіна Васільеўна расказвае пра сваіх вучняў і іх поспехі. Вось і нядаўна яны парадавалі педагога дасягненнямі. Вікторыя Дудзіцкая ў намінацыі “гітара” і Аляксандра Цар у намінацыі “домра-мандаліна” сталі лаўрэатамі ІХ Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І. Жыновіча.

Хочацца адзначыць, што конкурс вельмі прэстыжны, праводзіцца 1 раз у 3 гады. Трапіць на яго складана, бо да юных талентаў прад’яўляюцца высокія патрабаванні. Арганізатарамі з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, абласныя і Мінскі гарадскі выканаўчыя камітэты.

Шматлікія дыпломы з гэтага і іншых конкурсаў, якія займаюць ганаровае месца на сцяне ў класе, сведчаць пра тое, што настаўнік знаходзіцца на правільным адуацыйным і выхаваўчым шляху.

— Навучанне музыцы не простая справа, якая патрабуе штодзённай клапатлівай працы. Вельмі часта цікавасць страчваецца пры ўзрастанні складанасцяў. Таму даводзіцца падтрымліваць цесную сувязь з бацькамі, раіцца з імі і разам шукаць шляхі падыходу да дзіцяці, імкнуцца данесці, што музыка аказвае рознабаковы ўплыў на фарміраванне асобы, спрыяе развіццю эстэтычных густаў, пашырэнню далягляду, выхаванню характару, — кажа Галіна Васільеўна.

Дасягненні Галіны Казаровец не засталіся незаўважанымі і мясцовымі ўладамі.  У 2017 годзе таленавіты педагог была занесена на раённую Дошку гонару.

Як кажуць вучні, якія наведваюць яе заняткі, усе ўрокі па класе домры яркія, эмацыйна насычаныя, цікавыя і пазнавальныя. Дзеці ад Галіны Васільеўны заўсёды выходзяць з запалам у вачах, бо яна выкарыстоўвае розныя метады, якія дапамагаюць зразумець характар музычных твораў і дабіцца добрых вынікаў. Працуе жанчына і над калектыўным згуртаваннем — амаль усе яе вучні ўваходзяць у дзіцячы аркестр рускіх народных інструментаў “Папуры”, кіраўніком якога яна ж і з’яўляецца.

Як аказалася, Галіна Васільеўна працуе не толькі з дзецьмі, а і з дарослымі творчымі людзьмі. Ансамбль рускіх народных інструментаў «Натхненне» пад яе кіраўніцтвам шмат разоў займаў прызавыя месцы не толькі ў абласных конкурсах, але і міжнародных.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.