Выставка «Мая Беларусь» в Лепельском краеведческом музее

dsc_0070 “Мая Беларусь” — пад такой назвай працуе выстава, прысвечаная Году малой радзімы, у Лепельскім краязнаўчым музеі. Жывапісныя творы з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь ужо не першы раз можна пабачыць у музеі. Юрый Гаўрын, Валянцін Савіцкі, Віталь Цвірка, Леанід Дударэнка, Анатоль Бараноўскі, Уладзімір Пракапцоў… Творы вядомых беларускіх мастакоў уражваюць гледачоў. Наведаць выставу можна на працягу лютага.

Загадзя падрыхтаваліся да мерапрыемства работнікі краязнаўчага музея на чале з дырэктарам Алінай Стэльмах, гасцінна прымалі шаноўных гасцей, запрашалі прайсці ў залу. Усё нагадвала сустрэчу добрых сяброў. І гэта, напэўна, нездарма, бо многія знаўцы мастацтва сюды наведваюцца пры кожнай магчымасці, каб акунуцца ў чароўны свет фарбаў і мараў.
Ва ўрачыстай абстаноўцы адбылося адкрыццё выставы, дзе прысутнічалі прадстаўнікі ўлады Лепельскага раёна, педагогі дзіцячай школы мастацтваў, раённага цэнтра дзяцей і моладзі, якія прыйшлі разам са сваімі вучнямі, а таксама нераўнадушныя да мастацтва жыхары раёна.
Перад прысутнымі выступіў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак:
— Сёння сярод нас на адкрыцці выставы прысутнічае паважаны чалавек, вядомы не толькі ў Беларусі, а і за яе межамі, — Уладзімір Пракапцоў. Ён з’яўляецца генеральным дырэктарам Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь,
заслужаным дзеячам мастацтваў нашай краіны, членам Беларускага саюза мастакоў. І што асабліва прыемна — ён Ганаровы грамадзянін Лепельскага раёна. Дзякуючы Уладзіміру Іванавічу лепяльчане могуць дакрануцца да вялікага мастацтва. У Год малой радзімы пейзажы невялікіх вёсак многім нагадваюць пра карані, дзе засталася часцінка душы чалавека.
Віктар Уладзіміравіч падзякаваў дарагому госцю, што не забывае лепельскі край, наведвае яго і дорыць магчымасць мясцовым жыхарам пабачыць творы вялікіх мастакоў. Ён уручыў Уладзіміру Пракапцову падарунак, зроблены лепельскімі майстрамі.
Сапраўды, дзякуючы Уладзіміру Іванавічу не аднойчы ў нашым горадзе экспанаваліся шэдэўры Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.
Многае звязвае дзеяча мастацтваў з Лепельшчынай. Яго ўражвае прыгажосць нашай прыроды.
— Мне вельмі прыемна ў чарговы раз наведаць Лепель. Гэта горад майго юнацтва. З 1975 года я тут працаваў 22 гады другім сакратаром райкама камсамолу. Гэты вопыт вельмі спатрэбіўся мне ў далейшым жыцці. Сёння тут прысутнічаюць мае калегі і сябры, разам з якімі набываў працоўны вопыт. Вельмі прыемна ўсіх тут бачыць, усплываюць найлепшыя ўспаміны. Лепель — горад унікальны, з прыгожымі краявідамі, для любога мастака — знаходка. У душы, хоць я і нарадзіўся на Гомельшчыне, лічу сябе лепяльчанінам, — адзначыў шаноўны госць.
dsc_0079Калі чалавек ведае і любіць сваю культуру, гісторыю, мову, традыцыі, наведвае музей і тэатр, тады ён і паводзіць сябе культурна. І не важна, хто ён будзе па прафесіі. Вытокі патрыятызму — у нацыянальнай культуры.
Уладзімір Іванавіч таксама прыехаў з падарункам — кнігай Барыса Крэпака “Уладзімір Пракапцоў. Нястрыманая квадрыга жыцця”: “Лепельскаму краязнаўчаму музею на добрую памяць аб камсамольскім юнацтве, калегах, з якімі працаваў у Лепелі, а таксама з вялікай падзякай супрацоўнікам музея”.
Разам з цудоўным мастаком наведала Лепель і яго жонка Вера Пракапцова, загадчыца кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, доктар мастацтвазнаўства, прафесар. Дачка знакамітага беларускага мастака Паўла Масленікава таксама падарыла музею сваю кнігу “Павел Масленікаў. Партрэт мастака ў люстэрку часу”. Кніга цікавая не толькі з мастацтвазнаўчага пункту гледжання. Яна з’яўляецца таксама гісторыка-біяграфічнай і змяшчае ўнікальныя звесткі аб жыцці пейзажыста і яго светапоглядзе. Павел Масленікаў — глыбока нацыянальны мастак, творчасць якога вядома ва ўсім свеце. Ён таксама з’яўляўся падарожнікам і заўсёды быў адкрыты новым жыццёвым уражанням.
Словы падзякі шаноўным гасцям Лепельшчыны выказала і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Барадзейка.
Наталля Сяліцкая, мастацтвазнаўца, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, дала характарыстыку работ мастакоў, прадстаўленых на выставе з прафесійнага пункту гледжання:
— Сюжэты твораў, на першы погляд, простыя і непатрабавальныя — рэкі, дрэвы, палі, дамы і храмы. Аднак унутраным лейтматывам кожнага палатна з’яўляецца тэма вечнага і вечнасці. Напэўна, таму прадстаўленыя творы, па сутнасці, пазбаўлены прыкмет часу. Былое і сучаснасць не супрацьпастаўляюцца, не адасабляюцца адзін ад аднаго, а жывуць у прасторава-часавым адзінстве. Пейзажы прадстаўленых мастакоў ствараюць гарманічную панараму суіснавання чалавека і прыроды. Іх жывапіс падпарадкаваны задачам паэтызацыі штодзённага быцця.
Пасля ўрачыстай часткі ўсе разышліся па зале, углядаючыся ў карціны. На працягу ўсёй дзеі ў музеі гучалі прыемныя мелодыі, якія выконвала педагог дзіцячай школы мастацтваў па класе фартэпіяна Марыя Кулагіна.
Вельмі прыемна, што на адкрыцці выставы прысутнічалі дзеці. Марына Самонава і Ірына Трубека, педагогі дадатковай адукацыі раённага цэнтра дзяцей і моладзі, разам з выхаванцамі падыходзілі да твораў мастакоў, абмяркоўвалі тэхніку, дзяліліся ўражаннямі. А дзеці, захопленыя прыгажосцю, слухалі ўважліва і набіраліся вопыту.
На карцінах беларускія пейзажысты паказваюць вобраз прыроды як цэласнасць праяў рэальнасці. І чалавек з’яўляецца там неад’емнай часткай. Аўтары ў сваіх карцінах паказваюць паэтычны свет палёў, рэк, азёр, лясоў… Не заўважыла “залатых” палацаў, а толькі сціплую прыгажосць родных мясцін, вясковых вуліц.
У розных па жанры работах мастакі выказалі самае галоўнае — шчырае замілаванне роднай зямлёй, незалежна ад таго, які куток Беларусі ў той ці іншы час натхняў іх. Беларускія экспазіцыі цікавыя і замежным гледачам сваёй глыбокай культурай і гісторыяй.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.
На здымках: Віктар Азаронак уручае падарунак Уладзіміру Пракапцову; (злева направа) Аліна Стэльмах, Віктар Азаронак, Ніна Пракапцова, Уладзімір Пракапцоў, Алена Барадзейка; Марына Самонава і Ірына Трубека са сваімі выхаванцамі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.