Заросла речка, изжил свой век мостик

img_9257 Нідзе не бачыў гэтулькі ружовых цюльпанаў, як у Зялёным Востраве. Што ні хата — то яны. Нідзе не бачыў такіх буйных і “красамоўных” у сваёй непаўторнай красе кветак, як на падворку ў Валянціны Шалафан. Познія? Раннія? Нават не зразумела, бо для ранніх цвітуць яны надта ж запозна, а для позніх — надта вялікія памерам.

Гаспадыня корпаецца на агародзе і ў сваёй чырвона-ружовай кофце вельмі гарманіруе з кветкамі. Прыгадваю Багдановіча: “Як сама царыца ў залатой кароне…”
Гаспадыню прашу на хвіліначку пакінуць градкі і прысесці са мною на лавачку пад любімым яе клёнам. Клён, аказваецца, пасадзіла дачка, а электрыкі асцярожна падрэзалі адзін бок галін, каб не чапляліся за дрот, бо ўжо дрэва дарасло да электралініі. А другім зялёным калматым бокам клёнчык радасна вітае нас.
Гаспадыня спачатку пачала аднеквацца, маўляў, куды ўжо нам, старым, пра маладзейшых пішыце, а пасля какетліва паправіла хусцінку. І было відаць, што задаволена, што вось і пра яе ўспомнілі. А чаму не пісаць пра тое пакаленне, якое заслужыла ўвагі?
Маленства Валянціны прайшло ў Падымхах. Тата кароў у полі пасвіў, а маці… Ну, якая можа быць прафесія ў жанчыны, у якой васьмёра дзяцей! Праўда, двое маленькімі памерлі. На той час гэта было ў кантэксце жыцця. Якія там дактары, якое лячэнне?! Падкрадуцца хваробы і косяць малых дзетак, як касою.
Калі ў школу пайшла, сям’я ўжо жыла ў Зялёным Востраве. Пачатковую ў вёсцы заканчвала, а ў сямігодку бегалі ў суседнюю Дрымаўшчыну. Дырэктарам быў Уладзімір Сямёнавіч Бельскі. Памятае, адабраў у яе шарыкавую ручку і сказаў, што аддасць пасля заканчэння сямі класаў. На той час забаранялася не тое што шарыкавай, а нават пяром “з клапом” пісаць. Толькі крыжыкавым. Зараз прыгадвае той эпізод з дзяцінства школьнага, як казку, калі бывае на могілках у Шляшэўшчыне, дзе пахаваны настаўнік. А на могілках бывае часта, бо тут і яе сын, што памёр маладым, у трыццаць пяць гадоў.
-2-
Двух дзяцей пахавала жанчына. Жэнік, адзін з двайнят, памёр, калі і году не было. А пасля яшчэ і Сяргей — яе адвечны мацярынскі боль. Жыў у Санкт-Пецярбурзе, а хаваць прывезлі ў родную вёску. Засталіся ў Валянціны Геня, Марына і Міша.
У дваццаць гадоў замуж пайшла. Жаніх прыехаў з Амосаўкі да цёткі ў госці. Неўзабаве Мікалай павёз Валянціну ў Піцер, дзе сам уладкаваўся на ваенны завод. Там старэйшы сын і нарадзіўся. Доўга не затрымаліся, вярнуліся на радзіму. Муж акумулятаршчыкам працаваў у сельгастэхніцы. Яна пайшла на будоўлю. У ПМК-75 атрымала трэці разрад тынкоўшчыка. Двайняты нарадзіліся. Жыць не было дзе — перабраліся ў бацькоўскую хату. Пайшлі ў калгас — далі калгаснае жыллё. А ўсё роўна свайго хацелася. Нейкі час Мікалай пастухом працаваў, каб на хату зарабіць. З лесам на будоўлю тады вальней было. На хату лес са Слабады вазілі, а на прыбудовы калгаснага хапіла.
Пасля муж сеў на трактар, а яна кім толькі ні рабіла: і на ГЗМ, і кладаўшчыком, і брыгадзірам, і даглядала цялят, і фермай загадвала. Дзіва, скончыла нават курсы трактарыста і марыла таксама на трактар сесці. Ды тагачасны дырэктар Слесараў угаварыў на загадчыцу фермы, адкуль і пайшла на пенсію. І пасля пенсіі давялося папрацаваць крыху — сыну на помнік зарабляла.
-3-
Мужа няма ўжо. Генадзь, які жыве з маці, акультурыў бацькоўскую хату, ездзіў на заробкі ў Расію, прывёз грошай, ваду ў хату падвёў, зрабіў санвузел, вокны пластыкавыя паставіў. Садзяць яшчэ даволі вялікі агарод, гадуюць свіней і бычка.
— Лепей бы карову, — уздыхае Валянціна. — Надакучыла казённае малако. Калі сама працавала, бачыла, якое там малако ідзе на пераапрацоўку. Заракалася ніколі не купляць у краме. Ды ніколі не заракайся…
Ёсць у яе скрушным, стомленым жыццёвымі нягодамі, поглядзе нейкая “маладзінка”. Вось жа і пальцы пакручаныя працаю, вось жа і зморшчынкі на твары, а ў вачах — “бадзёрынка” і гэтакі какетліва-артыстычны светлячок грае. Загадка, разгадаў якую, толькі калі даведаўся, што быў у яе ў маладосці, яшчэ да калгаснага, творчы перыяд, калі маладая-незамужняя працавала загадчыцай клуба ў Чэрцах. Бегалі ўдзвюх з Соняй Скрабнеўскай напрасткі, праз рэчку. Тая — у Адамаўку ў кантору, а яна праз Фестывальную гару бегла далей, у Чэрцы. Маладыя былі, жвавыя, у маладосці ўсе дарогі карацейшыя. Да таго ж Сонька праз рэчку мосцік пабудавала.
Шмат з таго часу вады сплыло. Зарасла рэчка, зжыў свой век мосцік, падкошваюцца ногі, а ўсё роўна просяцца на агарод, дзе сярод капустачкі і клубнічных градак квітнеюць ружовыя цюльпаны. Далёка не ружовым выдалася жыццё, дык хай хоць кветкі нагадваюць пра тую ружовую маладосць, з якой, хоць ва ўспамінах, ды так не хочацца расставацца.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Валянціна Шалафан.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.