Вызначальныя пенальці

Адбыліся вырашальныя матчы з камандай Лёзна за выхад у першую лігу чэмпіянату вобласці па футболе. Першы матч лепельскія спартсмены правялі ў гасцях, дзе прайгралі з лікам 0:2. На жаль, адмоўны ўплыў на канчатковы вынік гульні аказала выдаленне з поля ў сярэдзіне першага тайма нашага паўабаронцы Міхаіла Маскалёнка.
Асноўны час сустрэчы ў Лепелі на гарадскім стадыёне закончыўся з лікам 2:0 на карысць нашых землякоў. Дадатковыя два таймы не змянілі вынік на табло. Паколькі па выніках двух паядынкаў не ўдалося выявіць пераможцу, было прынята рашэнне аб прабіцці пасляматчавых пенальці. Тут спартыўная ўдача аказалася на баку нашых гасцей, якія забілі на адзін гол больш. Такім чынам, у наступным футбольным сезоне каманда Лёзна будзе выступаць у першай лізе чэмпіянату вобласці.

Трэцяе агульнакаманднае

У Полацку адбыліся занальныя спаборніцтвы абласной спартакіяды сярод сельскіх жыхароў. Лепяльчане занялі першае месца па гіравым спорце, другое — па валейболе сярод жанчын, трэцяе — па футболе. На жаль, не аказалася сярод прызёраў спаборніцтваў наша каманда па лёгкай атлетыцы, паколькі не ўдалося выставіць на паядынкі найбольш моцных нашых спартсменаў.
У выніковай турнірнай табліцы занальных спаборніцтваў нашы землякі аказаліся на трэцім агульнакамандным месцы.

Перасяленне клуба

Шахматна-шашачны клуб пераселены з інтэрната рамонтна-механічнага завода па вуліцы Калініна ў памяшканне, якое размешчана на другім паверсе раздзявальні раённага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. Аматарам старадаўняй гульні створаны ўмовы для правя­дзення спартыўных паядынкаў.

На канікулах

На базе Лепельскай СДЮШАР у час школьных кані­кулаў арганізаваны спартыўна-аздараўленчы лагер. Навучэнцы атрымліваюць выдатную агульнафізічную загартоўку, для іх арганізавана бясплатнае харчаванне.

Хакейная пляцоўка

Пачаліся работы па будаўніцтве хакейнай пляцоўкі побач з будынкам раённага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра. Ладкуюцца новыя барты, іншая належная аснастка. Прыкладны памер — 40х20 метраў.
М. АЗЁРНЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.