Яблыні ля школы

C-3Першага верасня 1952 года я стала першакласніцай Заазерскай сярэдняй школы. У той час урачыстых лінеек не праводзілася. Нас сустрэлі першыя настаўнікі Еўдакія Рыгораўна і Таісія Нічыпараўна Седзіна. Пасля вайны ўцалеў толькі адзін стары будынак школы. Тут размяшчаліся два класныя пакоі, астатнія ж дзеці вучыліся па дамах у Пятра Андрэевіча Тухты і Івана Фаміча Духовіча.


У 1954 годзе пад кіраўніцтвам Аляксея Васільевіча Седзіна была пабудавана новая школа. Для дзяцей былі падрыхтаваны светлыя, прасторныя класы. Аляксей Васільевіч выкладаў у нас гісторыю, Мікалай Фёдаравіч Хвошч — матэматыку, Лідзія Сямёнаўна Гайсёнак-Хвошч — рускую мову і літаратуру, Ніна Фамінічна Маркоўская вучыла нас нямецкай мове, а Іван Карпавіч Лях быў настаўнікам батанікі, заалогіі і хіміі. Веды, якія мы атрымалі ў школе, сталі для нас асноўнымі на ўсё жыццё.
Таісія Нічыпараўна Седзіна нарадзілася 14 кастрычніка 1926 года ў вёсцы Ляхавічы Лепельскага раёна. Паспела скончыць два курсы Лепельскага педагагічнага вучылішча, а давучвалася пасля вайны. Выйшла замуж і прыехала працаваць разам з мужам на яго радзіму, у вёску Заазер’е.
C-4Урокі нашай любімай настаўніцы забыць немагчыма. Памятаю, як мы вучыліся чытаць па складах, пісалі першыя літары. Пісалі ў той час чарніламі, таму было вельмі складана не пакінуць кляксу, якую стараліся ўбіраць пальцам. Гумка на той час была вялікай рэдкасцю.
Дом нашых настаўнікаў з усіх бакоў упрыгожвалі вялікія клумбы кветак. А ля будынка школы па ініцыятыве настаўніка батанікі Івана Карпавіча Ляха быў закладзены вялікі яблыневы сад.
Вучні Таісіі Нічыпараўны сталі для яе адной вялікай сям’ёй. Гады добрасумленнай працы былі адзначаны дзясяткамі Ганаровых грамат. Калі ж пайшла на заслужаны адпачынак, настаўніца была ўзнагароджана медалём “Ветэран працы”.
Непрыкметна пралятаюць гады. З той светлай школьнай пары прайшло 60 год. Ужо няма будынка нашай школы, таго яблыневага саду. Знесены клуб, у іншае месца перанесены будынак сельсавета. Аднак кожны з нас з асаблівай цеплынёй успамінае далёкія школьныя гады, дарагіх настаўнікаў, якія “пасеялі ў нас разумнае, добрае, вечнае…”
Надзея
РАГАВЕНКА-КЛЕПЧА,
жыхарка г.п. Бялынічы
Магілёўскай вобласці.
На здымках: першая настаўніца Таісія Нічыпараўна Седзіна; новы будынак Заазерскай школы.
Фота з сямейнага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.