Як у Домжарыцах ваўка судзілі

343Не так даўно ў Домжарыцах адбыўся суд. На шалях Феміды апынуліся… воўк і жаба. Пра ваўка і гаворка кароткая. Усюды яго абзываюць драпежнікам, спрэс абвінавачваюць, маўляў, звяруга знішчае жывёлу ды пагражае людзям. Вось толькі ці падумаў хто пра «гуманную місію» ляснога санітара, які па-свойму, па-звярынаму, аднак жа наводзіць у лесе парадак. З ваўком усё зразумела, а вось за што трапіла ў няміласць жабка?

Калі хацелі пра гэта даведацца, трэба было прыходзіць у музей Бярэзінскага біясфернага запаведніка… цёплай майскай ноччу. Так-так, менавіта гэтаю цёмнаю парою сутак музеі праводзяць рэкламна-забаўляльнае мерапрыемства, якое так і называецца — «Ноч музеяў». Не выключэнне і Домжарыцы, дзе позна ўвечары сабраліся ў мясцовым музеі не толькі вучні школы, але і іншыя жыхары вёскі. Было цікава. Можна было, напрыклад, узважыцца ў… зязюлях. Ну зусім, як у тым папулярным дзіцячым мульціку, дзе ўдава вымяралі ў папугаях. Узважыцца ў зязюлях, бабрах, ваўках ці нават мядзведзях – чаму б і не! Усё магчыма ў фантастычную «Ноч музеяў», адзіную ноч, калі ў любы музей можна прыйсці так, бясплатна, і атрымаць сапраўднае задавальненне.

Гэтым разам музейная ноч праходзіла па тэме «Музей і ўстойлівае развіццё грамадства». Гасцей сустракалі Баба Яга і славуты Балотнік, міфічны персанаж, які паступова становіцца своеасаблівым брэндам запаведніка. Балотнік, у ролю якога ўжыліся супрацоўнікі турыстычнага аддзела, сустракае гасцей на экалагічных сцяжынах, забаўляе публіку на розных экашоў і заадно выконвае асветніцкую місію. А потым судзілі беднага ваўка з жабкаю. Пастаноўку арганізавалі ўсё тыя ж супрацоўнікі турыстычнага аддзела. А яшчэ задумалі віктарыну «Што? Дзе? Калі?». Гаворка ішла пра флору і фаўну дваццаць першага стагоддзя. Прыгадвалі полбу (паўдзікі сорт пшаніцы) і нават лебяду, пеўня, свіныя свісцёлкі, мядзведзя, зайца і рыб. Затым жа супрацоўніцы Алена Вашкевіч і Алена Ячэня правялі майстар-класы па мастацтве квілінга і арыгамі.

Наступіла лета – гарачая пара для турыстаў і турыстычнага бізнэсу. Сёлета ў Домжарыцах асвоілі новы від турыстычных паслуг — назіранне за птушкамі, якое, між іншым, займае шостае месца ў свеце па абароце грошай з усіх відаў турызму. Прыязджаюць турысты з Расіі, англічане, немцы, палякі. Вядома ж, карыстаецца папулярнасцю турызм у запаведніку і сярод беларусаў. Толькі за пяць месяцаў гэтага года на турыстычных маршрутах Бярэзінскага біясфернага запаведніка пабывалі 9779 чалавек, з іх 1954 замежныя грамадзяніны. Запаведнік правёў дзвесце восемдзесят экскурсій, пераважная большасць якіх

пешаходныя. Толькі тры экскурсіі былі водныя і дзве веласіпедныя. Праведзены сорак адзін турыстычны тур, з іх дзевяць навагодніх, восем экалагічна-назіральных, столькі ж азнаямленча-адукацыйных «Першы раз у «зялёны клас» і шаснаццаць тураў «Таямніца запаведнага балота». 1377 чалавек пабывалі ў турах, з іх 295 замежных грамадзян.

Цікава, што актыўна займаюцца турызмам дзеці. 5130 дзяцей і падлеткаў пабывалі сёлета на маршрутах, 1012 удзельнічалі ў турах.

Пастаянна ў запаведніку адпачываюць байдарачнікі, аматары веласіпедных падарожжаў. Хто не жадае выпрабаванняў у палатках, селіцца ў гасцініцах. Нядаўна пасля рамонту адчынілася гасцініца «Сергуч» у Домжарыцах. Другая працуе ў Плаўне. У Ніўках жа знаходзіцца турыстычны комплекс.

Экскурсія ў дзікую прыроду стала чарговаю навінкаю турыстычнага бізнэсу запаведніка. Тут распрацаваны экскурсіі па прыродным календары. Ходзяць назіраць за мядзведзем, каб завабіць якога, пасеялі цэлае поле аўса. Назіраюць за рэдкімі відамі раслін, за воднымі птушкамі, за першацветамі і міграцыяй земнаводных. Неўзабаве супрацоўнікі запаведніка павядуць турыстаў на сустрэчу з барсуком.

Уладзімір МІХНО.

 На здымках: «Ноч музеяў» у Домжарыцах.

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.