Забрал находки с собой вместо того, чтобы сообщить о них саперам

 

2-z16-7da16ee1-c54d-421d-b3aa-1432ccaa3d72Мужчына 1978 года нараджэння жыве ў вёсцы Заслонава. Нідзе не працуе, жыве выпадковымі разавымі заробкамі, збірае ягады, грыбы. Калі шанцуе, то знаходзіць і здае металалом. З заганаў варта адзначыць схільнасць да злоўжывання спіртным.

Вось і ў чарговы раз сабраўся ў грыбы, балазе лес побач, варта толькі з пад’езда выйсці. Назбіраў амаль поўны пакет. Ідучы дахаты, вырашыў скараціць дарогу і прайсці напрасткі, праз палігон. Там і знайшоў тры жалезкі, якія прыцягальна бліснулі з травы.
Паколькі Заслонава — пасяленне вайскоўцаў, то мужчына не мог не апазнаць у знаходках ПГ-7 — рэактыўныя рухавікі ад выстралаў да грознай зброі — ручных супрацьтанкавых гранатамётаў РПГ-7. На шчасце, знаходкі былі без баявых часцей. Гэта значыць, без важкага баявога зараду выбуховых рэчываў.
“Рэактыўныя рухавікі зроблены з нержавеючай сталі і каляровых металаў. За такія шмат грошай можна атрымаць на прыёмцы,” — разважаў заслонавец і прыкідваў, колькі ж віна можна будзе на тыя грошы набыць. І наш дамарослы сапёр зрабіў першую памылку — забраў знаходкі з сабой замест таго, каб паведаміць пра іх сапёрам прафесійным.
Прынёс у сваю кватэру. У той жа дзень паспрабаваў раскруціць, разабраць, каб раздзяліць паасобку сталь і каляровыя металы. Аднак заглушкі ў тарцы ўпарта не адкручваліся. “Трэба іх пагрэць. Разьба прагрэецца і адкруціцца,” — зноў падумаў гора-металіст і не знайшоў нічога лепшага, як пакласці два рухавікі на… газавую пліту! Гэта стала другой памылкай.
Абодва рухавікі выбухнулі адначасова, кухня і жылыя пакоі запоўніліся едкім дымам, які, аднак, хутка выветрыўся праз выбітыя выбуховай хваляй шыбы.
Разабраць апошні, трэці, рухавік заслонавец адважыўся толькі праз 11 дзён, калі трохі зажылі драпіны і парэзы, атрыманыя пасля першага выбуху. Алгарытм аказаўся такім жа самым: разьба не адкручваецца — трэба пагрэць — газавая пліта — агонь — выбух. Рэактыўны рухавік вылецеў на вуліцу разам з рэшткамі аконнай рамы і ўпаў на зямлю. Сапёр тым часам, нібыта нічога не было, выйшаў на вуліцу, закурыў, маўляў, а што гэта такое адбываецца, чаму паніка, куды людзі бягуць? А ў самога твар і рукі ў крыві, пасечаныя дробнымі асколкамі. Такім яго і засталі міліцыянеры, выкліканыя суседзямі, якім ужо надакучылі “піратэхнічныя” эфекты.
У народзе кажуць, што сапёр памыляецца толькі адзін раз. Наш заслонаўскі сапёр памыліўся двойчы. Пры гэтым аддзелаўся адносна лёгка: шматлікімі паверхневымі асколачнымі ранамі твару, тулава, канечнасцяў, пераломам другога пальца правай рукі. Ён адмовіўся ад шпіталізацыі! Трывожыць і яшчэ адзін момант: чаму суседзі не выклікалі міліцыю ўжо пасля першага выбуху?
Па факце незаконных дзеянняў з боепрыпасамі і выбуховымі рэчывамі праводзіцца праверка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.