Жартам кажучы, нейкая алергія была ў дваццацічатырохгадовага Андрэя Проня на закон

Жартам кажучы, нейкая алергія была ў дваццацічатырохгадовага Андрэя Проня на закон. Пяць разоў да таго туліўся на мулкай лаве падсудных. І ў шосты трапіў. Хаця меў перад тым нязнятую судзімасць, закарцела, відаць, пракаціцца з ветрыкам напярэймы.

У жыхара Заслонава завалодаў ключамі ад іншамаркі. І пакаціў у напрамку вёскі Гарадзінец. Спынілі пазней аматара “чужых колаў” работнікі Дзяржаўтаінспекцыі.
Лёс затым закінуў “аўтааматара” ў іншы край рэспублікі — вёску Затон Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці. Там паўтарыў адпрацаваную схему. Завалодаў ключамі ў даверлівай кабеты і без мэты крадзяжу пакатаўся на аўтамабілі ”Форд-Эскорт”. А быў на тую пару нападпітку. П’яны за рулём — патэнцыйны злачынец. Ды фартуна была на баку Андрэя. Усё абышлося. Ды да пары збан ваду носіць…
На пасяджэнні суда А.В.Пронь быў прызнаны вінаватым у выездзе за межы раёна без згоды на тое мясцовага аддзела ўнутраных спраў, калі за ім быў устаноўлены прэвентыўны кантроль, неправамерным завалоданні транспартным сродкам і паездцы на ім без мэты крадзяжу паўторна. Па сукупнасці злачынстваў ён пазбаўлены волі на пяць гадоў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі жорсткага рэжыму.
Чужы каравай только адразу здаецца салодкім. Потым смак асінавай гаркотай мроіцца за кратамі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.