«Жавороночки, прилетите…»

gukanne-vyasny-3 На Лепельшчыне зноў гукалі вясну! Дзякуючы аматарам народнай культуры, краязнаўцам тут працягваюць актыўна адраджацца народныя святы і абрады. Ужо трэці год праводзіцца абрад “Гуканне вясны”, і кожны раз удзельнікаў становіцца ўсё больш і больш. Сёлета да свята далучыліся не толькі лепяльчане, а і госці з Віцебска, Мінска, Глыбокага і нават Расіі. Актыўны ўдзел узялі таксама вучні Слабадской ясляў-сада школы.

Напярэдадні свята дзецям на ўроках расказалі пра веснавое кола святаў, пра вясну як прыродны цыкл у жанрах мастацкай творчасці. Пазнаёмілі з краязнаўчым матэрыялам пэўнага накірунку. А затым вырашылі разам з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры выехаць на прыроду і паўдзельнічаць у “Гуканні вясны”. Вучаніцы трэцяга — шостага класаў падрыхтавалі прыгожыя вяночкі, развучылі гульні, песні-вяснянкі і танцы. З самага ранку адправіліся з цудоўным настроем на Перунову гару, што непадалёк ад Поўсвіжа, дзе “Гуканне вясны” ўжо каторы год ладзіцца аматарскім гуртом “Рэха” і турыстычным клубам “Паходнік”. Хлопчыкі разам з мясцовымі краязнаўцамі збіралі галіны і зносілі іх у адно месца, дзе было запланавана рабіць вогнішча для спальвання Зімы. Дяўчаты ж разам з настаўніцай, якая выконвала ролю цёткі Васіліны, стваралі вобраз Зімы, упрыгожвалі і размалёўвалі яе. Неўзабаве ўсе ўдзельнікі сабраліся ў карагод і разам з вучаніцамі Слабадской школы заспявалі на пагорку песні-вяснянкі.
— “Жавароначкі прыляціце, вясну красную прынясіце”, — разносілася па наваколлі… Кожны радок песні заканчваўся працяглым рэфрэнам-гуканнем: “Гу-у-у”. Спевы вяснянак і гукальных карагодаў на гары суправаджаліся падкідваннем на даматканым пакрывале ўверх пячэння ў выглядзе жаваронкаў, што прынесла цётка Васіліна. Гэта сімвалічны абрад, які ў даўнія часы набліжаў надыход вясны. Вучні развешвалі на галінках дрэў зробленыя выцінанкі-птушачкі, загадвалі жаданні і завязвалі каляровыя стужачкі. Звонкія, радасныя песні і смех разносіліся паўсюдна. Удзельнікі лепельскага аматарскага гурта “Рэха” і дзяўчаты з гурта “Паўночная Сухадроўка” падарылі гасцям цудоўныя народныя спевы. Неад’емная частка свята — народныя гульні, забавы і традыцыйныя танцы пад дуду, скрыпку, барабан і бубен. У завяршэнне свята ўсе былі запрошаны папіць духмянага чаю з гарачымі блінамі.
Удзельнікі свята атрымалі зарад пазітыву і дакрануліся да мінулага роднага краю. Вельмі важна, што ў час правядзення народных святаў не толькі адраджаюцца культурныя традыцыі нашага народа, а і перадаецца нашчадкам эстафета продкаў. Радуе, што з кожным годам усё больш і больш людзей цікавіцца традыцыйнымі культурнымі святамі, актыўна далучаецца да святкавання моладзь.
Наталля МІРАНОВІЧ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Слабадской
ясляў-сада школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.