Жыццё знакамітых людзей Лепельшчыны: Наталля Іванова – чалавек года

Иванова Н.В., Лепельский район Запытаецеся, чаму Наталля Іванова працуе ў сістэме сацыяльнай абароны? Адкажу нетрадыцыйна: прычыны трэба шукаць… у яе дзяцінстве. Вось займае чалавек адказную пасаду. Мы ведаем яго дзелавыя якасці, бачым вынікі яго працоўнага поспеху. Але ці так шмат мы ведаем пра дзіцячыя і юнацкія гады лю­дзей публічных, якія сёння навідавоку і на слыху?

Дзяцінства і юнацтва неяк сарамліва хаваецца пад шырмаю асабістага жыцця. А між тым каб зразумець чалавека, і тым больш кіраўніка, трэба ведаць яго «вытокі». Бо менавіта ў дзіцячыя і юначыя гады фарміруецца характар чалавека, яго звычкі і прыярытэты, выбудоўваецца лінія паводзін.

Уявіце сабе непрыкметную, сціплую дзяўчынку са спагадлівай, добрай душою…

— У дзяцінстве я вельмі часта хварэла, — успамінае Наталля Віктараўна. — Жылі мы ў Лепелі. Аднак часта праводзілі час то на Чашніччыне ў бабулі з дзядулем, то ў Заслонаве ў сяброў сям’і. Там былі таксама дзве дзяўчынкі, амаль нашы з Таняй равесніцы. Мы з імі сябравалі, гулялі. Сястра старэйшая за мяне на тры гады… Да вёскі Грыбіна на Чашніччыне, дзе жылі дзядуля з бабулей, а таксама бабуліна сястра, ад торфапрадпрыемства трэба было ісці кіламетраў пяць. Мы пераадольвалі іх пешшу, неслі гас­цінцы. Не проста ішлі ў госці, а дапамагаць. У іх была гаспадарка, карова, свінні. Мы збіралі ім траву ну і, вядома ж, пілі сырадой. І на арэлях гушкаліся, якія дзядуля для нас у сенях змайстраваў.

Яна распавядае, а мне бачыцца не тая маленькая дзяўчынка Наташа Зіміцкая з далёкіх васьмідзясятых, а сённяшняя дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Наталля Віктараўна Іванова, усё такая ж добрая душою, спагадлівая… Едзе з гасцінцамі да пажылых людзей у «Святліцу», імкнецца асабіста павіншаваць юбіляраў-доўгажыхароў на кватэры, прыязджае да іх, падоўгу гутарыць, распытвае, спачувае, падтрымлівае… Няўжо гэта ў яе з дзяцінства?

— Я любіла павесяліць родных, блізкіх мне людзей. Прыдумвала сабе розныя ролі, касцюмы. Магла спяваць, танцаваць, парадыраваць. Казалі, што пародыі ў мяне добра выходзяць… Мы любілі, калі да нас прыязджала стрыечная бацькава сястра з Хабараўскага краю. Цётка Надзя прывозіла нам абноўкі: японскія сукенкі, туфелькі. З яе сынам Міцем хадзілі ў лес за суніцамі. У маліны мяне, малую, яшчэ не бралі. А ў Заслонаве часта хадзілі на рэчку рыбу лавіць. Памятаю, я збіралася на рыбу, як  у вандроўку. Усё з сабою брала. Мне здавалася, што ўсё там спатрэбіцца. Аднойчы ўзяла слоўнік нямецкай мовы і клубок нітак. Слоўнік, вядома, не спатрэбіўся, а вось ніткі прыйшліся дарэчы. Па суседству ў рыбакоў невад парваўся…

* * *

…Адчуваеце почырк Наталлі Івановай, якая да кожнага мерапрыемства ў цэнтры рыхтуецца з усёй скрупулёзнасцю ды адказнасцю. І яе творчая фантазія, смелая выдумка, якая перадалася калектыву цэнтра, абагацілі змест шматлікіх гурткоў па інтарэсах у аддзяленнях рэабілітацыі і сацыяльнай адаптацыі…

— Хадзілі на рэчку купацца. Звычайна з намі бабуля заўсёды была, а тут адхінулася. Плавалі дзе глыбей, а плаваць я не ўмела. Ледзьве не патанула. Маладая пара ўбачыла, выратавала. І бабулі ніхто не сказаў. Я зноў пабегла купацца…

…Не варта апускаць рукі, калі штосьці не атрымліваецца ў гэтым жыцці. Трэба заўсёды спа­дзявацца, знойдуцца добрыя людзі, якія заўсёды ўратуюць, выцягнуць з жыццёвага віру… Менавіта гэты пастулат закла­дзены ў аснове самога тэрытарыяльнага цэнтра. Трэба верыць у лю­дзей — яны дапамогуць. І яны дапамагаюць, самаадданыя дзяўчаты, дужыя, спрытныя хлопцы з «тэрытарыялкі», якой ад самага пачатку кіруе Наталля Іванова. Дапамагаюць інвалідам, якія штодня, перамагаючы сябе, хто ў вазочку, а хто так дабіраюцца да цэнтра. Бо тут яны не проста бавяць час, тут яны адчуваюць сябе паўнавартаснымі людзьмі, самадастатковымі, як бы зноў народжанымі,  бо паявіўся сэнс жыцця. Дапамагаюць старым нямоглым бабулям і дзядулям гвардыя сацыяльных работнікаў, атрад хуткай дапамогі — у хаце, на агародзе, у магазіне, у бальніцы і г.д. Яны дапамагаюць людзям годна і якасна жыць на схіле веку…

— У нас ніводныя выхадныя не абыходзіліся без гасцей. Дзядуля з бабулей, ды і бацькі былі вельмі хлебасольнымі… Дый самой часта даводзіцца стаяць ля пліты. Хаця, здавалася б, ужо і малых у хаце няма. Ромка вялікі, працуе праграмістам у лясгасе, а некалі ж сын вельмі любіў малачко. Дзеля яго і карову трымалі, дый не адну. У мужа прафесія паходная, той усё па дзялянках лясных, у леспрамгасе галоўны інжынер.

— А якім быў ваш шлях у прафесію?

— Я заканчвала чацвёртую, чыгуначную школу, затым СШ №2, пасля ў тэхнікуме на меліяратара вучылася. І ўсюды мне падабалася. Памятаю ў школе свайго класнага кіраўніка Фаіну Якаўлеўну Дзямко і ў тэхнікуме куратара Зінаіду Піліпаўну Камека. Мне вельмі падабалася вучыцца. І на практыцы падабалася. Хадзілі на будоўлю райбальніцы, практыкаваліся і ў Гарадоцкім раёне.

* * *

— А як вы трапілі ў тэрытарыяльны цэнтр?

— Тады яшчэ такой структуры не было. Было ўпраўленне па сацыяльнай абароне і занятасці насельніцтва. Кіравала ім Надзея Сарамбаева. Яна ўзяла мяне на працу. Яе лічу таксама сваёй настаўніцай — духоўнай. Усё мне расказала, паказала, шмат чаму навучыла. Было нялёгка. Я працавала інспектарам па матэрыяльным быце. На той час акурат выдавалі пасведчанні вязням фашысцкіх засценкаў  для атрымання льгот. Трэба было аформіць кваліфікацыйныя карты на прыкладна паўтысячы чалавек. А ў 2002-м па ўсёй краіне пачалі стварацца тэрытарыяльныя цэнтры. І я стала першым кіраўніком.

— Вучыліся далей?

— Калі яшчэ ва ўпраўленні працавала, паступіла завочна ў педінстытут імя М. Танка на факультэт сацыяльнай педагогікі і практычнай псіхалогіі. Вучылася па спецыяльнасці «спецыяліст па сацыяльнай рабоце». Ды і без гэтага шмат чаму вучыцца давялося. Была, напрыклад, у Швейцарыі, дзе вывучалі мясцовы вопыт працы. Там — пераважна з інвалідамі.

— Па якой методыцы будуеце працу тэрытарыяльнага цэнтра?

— Вядома, мы працуем па метадычных распрацоўках нашага камітэта, аднак хоць у вобласці і шмат тэрытарыяльных цэнтраў, ды ў кожнага з іх ёсць свая адметнасць, свой твар. Тут без індывідуальнай творчасці, вядома ж, не абысціся. Дарэчы, наш камітэт ужо другі год запар трымае першынство ў рэспубліцы.

— А які ў вас кіраўнічы стыль?

— Гэта, мабыць, лепей відаць збоку. Стараюся трымаць дысцыпліну, працаваць ва ўзаемапавазе і на ўзаемным даверы. І яшчэ важна даць людзям магчымасць раскрыць свае здольнасці, іншымі словамі, не нашкодзіць і не замінаць.

— Што лічыце вашым калектыўным поспехам?

— Той факт, што за гэтыя гады структура цэнтра ўзбагацілася дзевяццю аддзяленнямі. Што ў нас ёсць «Святліца» — унікальны сацыяльны аб’ект. Мы шмат там папрацавалі. Узяць хаця б апошнія штрыхі: мадэрнізацыя ў «Святліцы», устаноўка геліясістэмы для гарачага водазабеспячэння на харчблоку. Сёлета пачынаем будаваць працоўныя майстэрні для інвалідаў па вуліцы Лабанка.

Дадам, што несумненны поспех — і сам калектыў тэрытарыяльнага цэнтра, які яны разам спакваля рабілі самі. Калектыў творчы, працаздольны, зладжаны — у нязмушанай сямейнай атмасферы. Лічыцца праверкай для кіраўніка тое, наколькі эфектыўна падведамасная яму структура працуе ў яго адсутнасць. Наталля Іванова ўпэўнена ў самастойнасці сваіх падначаленых і ніколі не цураецца «не кабінетнай» працы. Трэба — з дзяўчатамі і клеілі, і фарбавалі разам.

Да працы фізічнай звыклая. Дома і клёцкі зварыць, і любімы сямейны салат «грэцкі-гароднінны» прыгатуе: сыр фету, агурочак туды, перчык, вялены памідорчык, аліўкавым алем заправіць, гарчыцаю ды лімонным сокам аздобіць. Смаката! І для ружаў любімых, і для архідэй, і для фіялак, якіх аж стракаціць ля хаты, час знойдзе. А ў час вольны — як калісьці дзяды і бацькі — гасцей прыме.

 Уладзімір МІХНО.

 На здымку: Наталля Іванова.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.