Геаграфія супрацоўніцтва

Да ААТ “Лепельскі рамонтна-механічны завод” праяўляюць цікавасць кітайскія інвестары, — прайшла такая інфармацыя. Дырэктар завода Яўген Козел абвяргаць яе не стаў, а патлумачыў наступнае.
Сапраўды, адна з кітайскіх машынабудаўнічых кампаній зацікавілася профільнымі прадпрыемствамі ў Беларусі, сярод іх і Лепельскі рамонтна-механічны. Разглядаецца некалькі розных варыянтаў, канчатковае рашэнне будзе прынята ў бліжэйшы час.


Бізнэсмэны з Паднябеснай маюць намер наладзіць вытворчасць заводаў па вырабе цэментных раствораў, бетонаў і асфальту. Гэта будуць гатовыя комплексы, модулі. Прадукцыя разлічана не толькі і нават не столькі на рынак Беларусі, як на рынак Расіі. У нашай усходняй суседкі прынята і рэалізуецца маштабная праграма рэканструкцыі аўтадарог, таму цэлыя заводы і комплексы па вырабе бетону, асфальтабетону там, хутчэй за ўсё, будуць запатрабаваны. Плюс будзе і для беларускага боку, які атрымае валюту ад экспарту.
Лепельскі РМЗ сёння самастойна наладзіць вытворчасць падобных комплексаў не можа: не стае неабходнага абсталявання, тэхналогій, кадраў. Кітайскі ж бок усё гэта мае, а таксама неабходныя грошы.
Наколькі вядома, кітайцы маюць намер не проста арандаваць пэўныя вытворчыя памяшканні, а ўвайсці ў сузаснавальнікі ААТ, унесці сваю долю ў статутны фонд.
Рэалізацыя гэтага праекта адкрые для лепяльчан самыя шырокія перспектывы на сусветных рынках.
Не спыняецца і сумесная праца з англійскімі партнёрамі. Лепяльчане на апошнім свяце горада маглі бачыць на пляцоўцы перад новым будынкам райвыканкама агрэгат, пафарбаваны ў зялёны колер. Як патлумачылі прысутныя там спецыялісты, гэта ўстаноўка можа накручваць і раскручваць полі¬этыленавыя трубы, шлангі, скруткі кабелю. Агрэгат разлічаны на выкарыстанне яго на нафтагазавых радовішчах. Некалькі ўстановак закупілі расіяне для працы на поўначы. Не менш вялікае спадзяванне і на рынкі далёкага замежжа, бо ў лепельскай прадукцыі выкарыстоўваюцца вузлы вядучых еўрапейскіх кампаній, а каштуюць яны на парадак танней.
Не забываюць лепяльчане і пра сваю асноўную прадукцыю — клетачнае абсталяванне для птушкафабрык і збожжасушыльныя комплексы. Калі па вытворчасці апошніх супрацоўніцтва з канцэрнам “Амкадор-Можа” часова прыпынілася, то “клеткі” апошнім часам вырабляюцца даволі актыўна. Выконваецца зараз заказ Шчучынскай птушкафабрыкі на тры камплекты абсталявання для гадавання яйканоскіх кур.
Пашыраецца супрацоўніцтва і з Кобрынскай птушкафабрыкай, куды ў апошні час укладаюць сродкі польскія інвестары. Праведзены тэндар, лепяльчане адправілі ў Кобрын камерцыйную прапанову, спадзяюцца атрымаць заказ на выраб трох — пяці камплектаў абсталявання. Мяркуецца, што два з іх будуць разлічаны на гадаванне курэй-бройлераў. Падобныя камплекты — адносная навінка для лепяльчан, бо звычайна птушкаводы разводзяць бройлераў шляхам падлогавага ўтрымання.
Геаграфія супрацоўніцтва лепяльчан пашыраецца.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.