Елена Томашевич — отличник налоговой службы

img_0806 Кожны працоўны дзень Алены Тамашэвіч літаральна распісаны па хвілінах: правядзенне кантрольнай работы, выбарачных і пазапланавых праверак, маніторынгаў, папераджальны кантроль прадпрыемстваў…
Дзясяткі важных спраў штодзень на павестцы дня Алены Генадзьеўны. Аднак сваю работу жанчына ведае дасканала. Рабоце ў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Лепельскім раёне Алена Генадзьеўна прысвяціла 26 год. Зараз яна з’яўляецца намеснікам начальніка інспекцыі — начальнікам упраўлення кантрольнай работы.

Вядома, што за шматлікія гады работы набыты значны працоўны вопыт. Самаадданая праца адзначана шэрагам узнагарод. Сёлета ж загадам Міністра па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Алена Тамашэвіч узнагароджана нагрудным знакам “Выдатнік падатковай службы”. З гэтай важнай нагоды і адбылася наша сустрэча з Аленай Генадзьеўнай.

— Ваша бездакорная самаадданая праца прынесла вялікі плён. Прафесіяналізм, высокая кампетэнтнасць і адказнасць з’яўляюцца ўзорам у рабоце маладых спецыялістаў. Аднак як жа пачынаўся ваш працоўны шлях?
— Яшчэ ў школьныя гады мяне асабліва цікавілі дакладныя навукі, глыбока вывучала матэматыку і ўжо, напэўна, тады я вырашыла стаць эканамістам. Пасля заканчэння школы з лёгкасцю паступіла ў Мінскі інстытут народнай гаспадаркі (зараз Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт), дзе і набыла жаданую спецыяльнасць. Так, у 1993 годзе прыйшла працаваць старшым дзяржаўным падатковым інспектарам аддзела падаткаабкладання юрыдычных асоб Дзяржаўнай падатковай інспекцыі. Чацвёртага студзеня 1999 года была прызначана намеснікам начальніка аддзела кантролю за юрыдычнымі асобамі. Першага лістапада 2004 года я стала начальнікам аддзела кантролю за юрыдычнымі асобамі, а 20 студзеня 2006 года — намеснікам начальніка інспекцыі — начальнікам аддзела кантролю за юрыдычнымі асобамі. З першага верасня 2017 года, калі да інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Лепельскім раёне былі далучаны яшчэ два раёны — Чашніцкі і Ушацкі, я з’яўляюся намеснікам начальніка інспекцыі — начальнікам упраўлення кантрольнай работы.
— Вядома, што з далучэннем двух раёнаў ваш аб’ём работы значна павялічыўся. Працоўных клопатаў у вас і вашых супрацоўнікаў заўсёды шмат.
— Безумоўна, аб’ём работы заўсёды вельмі вялікі. Аднак можна з упэўненасцю сказаць, што калектыў інспекцыі складаецца з людзей, якія дасканала ведаюць сваю справу і выконваюць яе на высокім узроўні. Дзякуючы добрым паказчыкам наша інспекцыя па выніках работы за два папярэднія гады з’яўляецца лепшай у рэспубліцы.
Пра ўзровень працы яскрава сведчаць лічбы. Па выніках кантрольнай работы за 2018 год праведзены 253 выбарачныя і пазапланавыя праверкі, у тым ліку 56 дзеючых плацельшчыкаў, 197 суб’ектаў, якія падлягаюць ліквідацыі. У час падатковых праверак устаноўлены парушэнні ў 56 дзеючых плацельшчыкаў, што складае сто працэнтаў ад колькасці правераных, і ў 159 плацельшчыкаў, якія знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі, спынення дзейнасці, што складае 80,7 працэнта. Па выніках кантрольнай работы па дзеючых суб’ектах даналічана 37338, 64 рубля, у тым ліку штрафаў — 2467,50 рубля, па суб’ектах, якія падлягаюць ліквідацыі, — 94696,96 рубля, у тым ліку штрафаў 1712,60 рубля. Працэнт спагнання даналічаных сум склаў па дзеючых плацельшчыках 57,6 працэнта, па плацельшчыках, якія падлягаюць ліквідацыі, спыненню дзейнасці — 57,4 працэнта.
Па выніках працы за 2018 год праведзены 54 пазапланавыя тэматычныя аператыўныя праверкі, выніковасць якіх склала сто працэнтаў, здзейснена вядзенне 42 адміністрацыйных працэсаў. Па выніках аператыўных мерапрыемстваў даналічана плацяжоў на суму 3083,98 рубля, арыштавана тавараў і выяўлена даходаў ад незаконнай дзейнасці на суму 4 928,83 рубля. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 49 парушальнікаў на суму штрафаў 3755,67 рубля.
Акрамя таго, праведзена трынаццаць маніторынгаў дзейнасці суб’ектаў гаспадарання. Па выніках праведзеных маніторынгаў дадаткова паступіла ў бюджэт 10145, 88 рубля.
У час правядзення камеральнага кантролю ў мінулым годзе плацельшчыкам накіравана 430 паведамленняў, па 423 з іх прадастаўлены тлумачэнні і (або) удакладеныя падатковыя дэкларацыі (разлікі). Сума падаткаў, якая дадаткова паступіла ў бюджэт, склала 1819539,77 рубля. Спынены неабгрунтаваны зварот з бюджэту сум падатку на дабаўленую вартасць у памеры 810119,03 рубля. Праведзены чатыры камеральныя праверкі ў адносінах індывідуальных прадпрымальнікаў. Даналічана падаткаў у суме 24815,18 рубля. Па выніках камеральнага кантролю выяўлена схема пазбягання падаткаабкладання суб’ектамі гаспадарання, якія імпартуюць на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь тавары, што прыйшлі з трэціх краін і ўваходзяць у групу санкцыйных у сувязі з гандлёвымі абмежаваннямі, уведзенымі Расійскай Федэрацыяй. Акрамя таго, па выніках камеральнага кантролю выяўлены суб’ект прадпрымальніцкай дзейнасці, у дзеяннях якога прасочваюцца прыкметы ілжывага прадпрымальніцтва. Па выніках праведзеных мерапрыемстваў гэты суб’ект унесены ў Рэестр камерцыйных арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў з павышанай рызыкай учынення правапарушэнняў у эканамічнай галіне.
— Мяркую, што значных паказчыкаў у рабоце вам удалося дасягнуць і сёлета.
— Так. Па стане на першага ліпеня бягучага года намі праведзены 62 выбарачныя і пазапланавыя праверкі, у тым ліку пяці дзеючых плацельшчыкаў, і 57-мі тых, якія падлягаюць ліквідацыі. Парушэнні ў час падатковых праверак устаноўлены ў пяці дзеючых плацельшчыкаў, што складае сто працэнтаў ад колькасці правераных, і ў 54 плацельшчыкаў, якія знаходзяцца ў стадыі ліквідацыі (спынення дзейнасці), а гэта 94,7 працэнта.
Па выніках кантрольнай работы (выбарачных і пазапланавых праверак) даналічана па дзеючых суб’ектах 457561,71 рубля, у тым ліку штрафаў — 9325,46 рубля, па аб’ектах, якія падлягаюць ліквідацыі — 226175,01 рубля, у тым ліку штрафаў — 2948,01 рубля. Прадухілены неабгрунтаваны залік (зварот) з бюджэту сум падатку на дабаўленую вартасць у памеры 236968, 76 рубля.
Акрамя таго, праведзена пяць маніторынгаў суб’ектаў гаспадарання па плацельшчыках Лепельскага раёна, з іх тры — выніковыя.
Па выніках камеральнага кантролю па стане на першага ліпеня бягучага года плацельшчыкам накіравана 119 паведамленняў, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам — 18. Колькасць паведамленняў, па якіх прадастаўлены тлумачэнні і (або) удакладненыя дэкларацыі (разлікі) склала 108, у тым ліку па паведамленнях мінулага справаздачнага перыяду — два.
За першае паўгоддзе бягучага года сума даплаты падатку ў бюджэт склала 984286,01 рубля, на 152650,29 рубля зменшана сума ПДВ, якая падлягае звароту з бюджэту. Індывідуальнымі прадпрымальнікамі па паведамленнях дадаткова ўплачана ў бюджэт 5002,89 рубля.
— Алена Генадзьеўна, вядома, што для дасягнення такіх высокіх працоўных паказчыкаў патрэбна прыкласці нямала энергіі і сіл, нярэдка даводзіцца ахвяраваць і ўласным часам. Што ж з’яўляцца для вас крыніцай энергіі і пазітыўных эмоцый?
— Вядома, гэта мая сям’я. Мяркую, што ў жыцці кожнага чалавека вялікае значэнне мае цёплая падтрымка родных і блізкіх людзей, якая дапамагае пераадолець любыя цяжкасці і ўпэўнена ісці далей.
Сваёй любімай сям’і я прысвячаю вольны час, тут жа атрымліваю зарад добрага настрою. Дачушцы Аліне споўнілася 24 гады. Як і я ў свой час, Аліна скончыла сярэднюю школу №3, затым — Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Бухгалтарскі ўлік у прамысловасці”. Удасканаліла веды ў магістратуры, а зараз вучыцца ў аспірантуры пры БДЭУ і ў будучым жадае быць выкладчыкам гэтага ж універсітэта.
Сын Захар, якому споўнілася восем год, трэцякласнік сярэдняй школы №3. Ва ўсіх справах адчуваю падтрымку мужа Васіля, які не адзін год працаваў у галіне прадпрымальніцтва, а зараз займаецца вадзіцельскай справай.
— Магчыма, у вас ёсць і захапленні…
— Калі з’яўляецца вольны час, з задавальненнем займаюся мастацкай творчасцю, вельмі люблю маляваць прыроду. Гэта дапамагае заспакоіцца, адпачыць ад працоўных клопатаў. Люблю працаваць на агародзе, зямля таксама дорыць шмат энергіі. Захапляюся кветкамі. І ля дома, і на дачы ствараю вялікія клумбы, якія заўсёды радуюць прыгажосцю.
— Алена Генадзьеўна, якія ж якасці вы найбольш цэніце ў людзях?
— Сумленнасць, шчырасць і добразычлівасць. Не выношу падхалімства.
— Ваша бездакорная праца неаднаразова была ацэнены заслужанымі граматамі і падзякамі. Нагрудны знак “Выдатнік падатковай службы” — гэта яскравае пацвярджэнне вашага прафесіяналізму, адданасці справе. Няхай жа вас ніколі не пакідаюць працоўная энергія, аптымізм, дабрабыт ва ўсіх справах! Няхай заўсёды жыве крыніца вашай энергіі і новых працоўных здзяйсненняў!
Інтэрв’ю правяла Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.