Мясцовая “энцыклапедыя”
Спатрэбілася ўдакладніць геаграфічныя назвы аб’ектаў у ваколіцах Матырына. Тэлефаную ў Баброўскі сельсавет, бухгалтар раіць звярнуцца да дырэктара Матырынскай школы Надзеі Галай. Кажа:
— Яна ў нас “мясцовая энцыклапедыя” — усё ведае.
Так і кажу па тэлефоне Надзеі Іванаўне. Тая смяецца і распавядае мне нядаўні выпадак.
Прыходзіць да яе бабулька, просіць дах хаты паправіць — цячэ. Надзея Іванаўна кажа, што хата ж саўгасная, пры чым тут дырэктар школы.
— А мне сказалі, дачушка, што ў Матырыне ты самая галоўная. Дапамажы.
І ўзялася дырэктар школы вырашаць справы дырэктара саўгаса. Як адмовіш старой бабулі?
І нам дапамагла Надзея Іванаўна. Сказала, што ў назве возера Чарнец націск ставіцца на другім складзе, а азёры Малыя і Вялікія Акунічы, у адрозненне ад картографаў, навакольнае насельніцтва называе Акуннікі. А мясцовая тапаніміка — вялікая справа. Мы ж не называем возера, што за баравой гарой насупраць Рудні, Ужасья, як сцвярджае карта, а кажам: Вужачае.
Уладзімір ШУШКЕВІЧ.