На ўліку — кожная хвіліна

 Сонечнае надвор’е ў значнай ступені садзейнічае паспяховаму ходу ”зялёнага жніва”. Штодзень на лугі выязджаюць дзясяткі кормаўборачных камбайнаў. Аб сітуацыі на сенажацях расказвае намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання — начальнік аддзела механізацыі і інтэнсіфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці Любоў Плігаўка.
— Любоў Мікалаеўна, скажыце, калі ласка, колькі ўжо нарыхтавана кармоў?
— Пры плане нарыхтоўкі зялёнай масы 7108 гектараў у раёне ўжо ўбрана 3674 гектары, або 53 працэнты.
— Якія гаспадаркі маюць найбольш высокія паказчыкі?

— Найбольш актыўна вядзецца работа ў ААТ “Лядна”, дзе ўжо нарыхтавана 10,72 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Нядрэнна працуюць работнікі сельскагаспадарчага вытворчага прадпрыемства “Пражэктар” — 7,87 цэнтнера кармавых адзінак, а таксама ў ААТ “Ладасна” з паказчыкам у 7,74. У сярэднім жа па раёне назапашана 5,94 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. З 75 тысяч тон сенажу ў траншэях — 26 тысяч 447, або 35,3 працэнта.
— Колькі тэхнікі задзейнічана на сенажацях?
— Штодзень працуюць 24 кормаўборачныя камбайны, з іх дванаццаць — КВК 800, а таксама камбайн замежнай вытворчасці, “Crone” — у сельскагаспадарчым вытворчым філіяле “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК”.
— Любоў Мікалаеўна, колькі слоў аб тэхналогіі корманарыхтоўкі.
— Для нарыхтоўкі сена, як правіла, выкарыстоўваюць шматгадовыя травы, культурныя пашы, натуральныя сенакосы. Лепшымі травамі з’яўляюцца цімафееўка, кастрэц бязосты, а таксама бабова-злакавыя сумесі з утрыманнем бабовых кампанентаў не менш за 50 працэнтаў.
Тэрміны нарыхтоўкі ад скошвання траў да закладкі ў сховішчы не павінны перавышаць трое сутак. Час скошвання — з чатырох — пяці да дзевяці — дзесяці гадзін раніцы. У гэтым выпадку забяспечваецца больш хуткая сушка, травы ўтрымліваюць больш пратэіну і каратыну. Звычайна іх скошваюць у валок на вышыні пяць — сем сантыметраў, на травастоях з люцэрнай — на вышыні восем — дзесяць сантыметраў. Першае варочанне праводзяць праз дзве — чатыры гадзіны пасля скошвання, наступныя (пры неабходнасці) — праз тры — чатыры гадзіны.
Нельга варушыць масу пры вільготнасці 30 — 35 працэнтаў, паколькі ўзрастаюць страты лісця. Масу правяльваюць у пракосах да вільготнасці 50 — 55 працэнтаў для бабовых і да 45 — 50 працэнтаў для злакавых травастояў. Затым масу зграбаюць у валкі і дасушваюць да вільготнасці 30 — 35 працэнтаў.
Пры нарыхтоўцы прасаванага сена траву ў валках дасушваюць да кандыцыйнай вільготнасці 17 — 18 працэнтаў, затым валкі падбіраюць, прасуюць прэс-падборшчыкам з адначасовай пагрузкай цюкоў у транспартныя сродкі.
Высокая якасць і зніжэнне страт забяспечваецца пры нарыхтоўцы прасаванага сена ў палімернай упакоўцы. Такі спосаб нарыхтоўкі выкарыстоўваецца ў сельскагаспадарчым вытворчым філіяле “Заазер’е” ААТ “Лепельскі МКК”. У гэтым выпадку масу можна прасаваць нават пры вільготнасці 50 працэнтаў, што зніжае залежнасць ад умоў надвор’я. Рулоны і цюкі абмотваюць спецыяльнай поліэтыленавай плёнкай. Плёнка шчыльна прылягае да паверхні рулона або цюка, паколькі здольна расцягвацца на 55 — 70 працэнтаў, што забяспечвае добрае захаванне кармоў. Сена, нарыхтаванае такім спосабам, працяглы час утрымлівае шмат карысных рэчываў. Гэта тэхналогія ў філіяле “Заазер’е” выкарыстоўваецца на працягу трох апошніх год.
Сянаж рыхтуюць са шматгадовых, аднагадовых бабовых і злакавых культур. Перавагу аддаюць шматгадовым бабовым травам: люцэрне, канюшыне, бабова-злакавым сумесям.
Самае ж галоўнае ў цяперашні час — рацыянальна выкарыстоўваць кожную пагодлівую хвіліну, каб дасягнуць патрэбных паказчыкаў на нарыхтоўцы кармавых культур.
— Вялікі дзякуй, Любоў Мікалаеўна, за змястоўную размову.
Інтэрв’ю правяла
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.