Улада для народа: Баброўскі сельсавет

Вясковыя ліхтары
Летам гэта было не так актуальна, бо кароткім быў цёмны час сутак. Лістапад. Значна пацямнела — у вёсках зноў гараць ліхтары. Як высветлілася, шмат дзе перагарэлі лямпачкі. Заяўкі паступілі з Баброва, Сушы, Заружанаў, Астравоў, Фатыні, Несіна, Замошша. У гэтых і іншых вёсках зараз працуюць работнікі электрасетак — наладжваюць вулічнае асвятленне.

Па народнай традыцыі
Шмат хто па традыцыі ў першую суботу лістапада адзначае Змітраўскія Дзяды. Вараць клёцкі, поліўку, куццю, ставяць на стол багата іншых страў, бо лічыцца: чым багацейшы стол на Дзяды, тым больш шчодрым будзе год.

Прыбіраюць у хаце і на могілках. Акультурваць могілкі дапамагаюць і мясцовыя ўлады. Абгарадзілі клады ў вёсцы Гаравыя. Агароджа драўляная на бетоннай аснове. На гэтыя мэты было затрачана 15 мільёнаў рублёў. Адначасова на могілках выразалі аварыйныя дрэвы. Работы праводзілі бароўскія камунальнікі.

Па дапамогу
З пачатку года паступіла шэсць пісьмовых і вусных зваротаў грамадзян. Людзі просяць дапамагчы прывезці дровы, адрамантаваць дарогі, пад’езды да могілак і г.д. Так па звароце грамадзян адрамантавалі дарогу ў вёсцы Косцінка, на што было затрачана два з паловай мільёна рублёў. Рамонтам займалася КУП “Бароўка”. Паступіла просьба адрамантаваць пад’езд да могілак ля былой вёскі Падаліца. Тут дапамогу аказала мясцовая гаспадарка КУВСГП “Баброва”.

І вяселлі, і народзіны
Сёлета паявіліся на свет чацвёра новых жыхароў сельсавета — Марына Валадзько ў Залессі, Дзяніс Патоцкі, Ульяна Астапёнак і Лёша Петухоўскі ў Баброве.
Зарэгістраваны чатыры шлюбы: тры маладыя пары з Баброва і чацвёртая — жыхары Новалукомля. На чарзе — яшчэ тры рэгістрацыі шлюбаў, заявы на якія ўжо пададзеныя.
Віктар ЛЯШЧЫНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.