Адораныя вучні

  Выступаючы перад удзельнікамі пасяджэння, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Валерый Быкаў адзначыў, што ў аддзеле і ўстановах адукацыі раёна створана сістэма работы з адоранымі дзецьмі.

 Гэта работа пачалася з комплексна-мэтавай праграмы “Адораныя дзеці”, якая распрацавана ў 2000 годзе і заснавана на прынцыпе пераемнасці: дзіцячы сад, пачатковая, сярэдняя школа. Праграма была распрацавана з мэтай стварэння ўмоў для развіцця і навучання дзяцей з рознабаковымі здольнасцямі.

У рамках праграмы створаны банк даных, праводзяцца школьныя і раённыя мерапрыемствы “Настаўнік года”, фестываль “Прывітанне, свет!”, “Сонечны круг”, раённыя злёты выдатнікаў і пераможцаў алім­піяд, выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Горад майстроў” і іншыя.

Творчасць — з дзяцінства

 У цяперашні час зроблены акцэнт на развіццё здольнасцей дзяцей да­школьнага ўзросту. Станоўчы вопыт сабраны ў дзяржаўнай установе адукацыі “Дзіцячы сад-яслі №1”. Важным і істотным з’яўляецца тое, што ва ўстанове створаны ўсе ўмовы для разнастайнасці формаў, метадаў работы з адоранымі дзецьмі. Атрымалі распаўсюджанне “Гарызантальны пластычны балет”, “Пластык-шоу” па сістэме кандыдата педагагічных навук М.М. Ефіменкі, якія з’яўляюцца новым сінтэтычным накірункам у фізвыхаванні і аб’­ядноўваюць у сабе рысы аэробікі, балета, шэй­пінга, танца і акрабатыкі. Гэты новы стыль работы закранае псіхічныя, інтэлектуальныя рысы дзяцей, развівае іх рухавыя здольнасці. Асаблівая ўвага ў гэтай установе ўдзяляецца развіццю мастацкіх здольнасцей. У практыцы работы — нетрадыцыйныя спосабы малявання: клякса­графія, маляванне пальчыкамі, соллю, маннай, пяском, памадай. Малышы з задавальненнем займаюцца распырскваннем, друкуюць разна­стайнымі недаўгавечнымі штампамі з морквы, бульбы і г.д., малююць паралонавымі жгуцікамі і скамечанай паперай. Разнастайнасць матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца ў час практыкаванняў, развіваюць фантазію, уяўленне, каардынацыю рухаў.

 У дзіцячым садзе-яслях №6 працуе гурток “Акрабатыка”, дзе займаюцца дзеці з якасна свое­асаблівым спалучэннем рухавых здольнасцей. Малышы засвойваюць элементы акрабатыкі, мастацкай і спартыўнай гімнастыкі. Асаблівую папулярнасць сярод дарослых і дзяцей атрымала дзіцячая забава “Цырк — гэта свята”.

 Вось ужо другі год на базе раённага цэнтра дзяцей і моладзі працуе школа ранняга развіцця, дзе займаюцца дзеці дашкольнага ўзросту. У мінулым годзе тут працавала дзве групы па 11 хлопчыкаў і дзяўчынак трох — чатырох год у кожнай. Навучальную дзейнасць у школе ажыццяўляюць тры педагогі дадатковай адукацыі і педагог-псіхолаг. Рэалізуюцца праграмы аб’яднанняў па інтарэсах “Выяўленчае мастацтва”, “Хачу ўсё ведаць”, “Вучымся гуляючы” і “Танцавальны”. З наступнага года плануецца вывучэнне англійскай мовы.

Юныя навукоўцы

 Удасканальваецца даследчая дзейнасць школьнікаў. У гэтым накірунку працуюць гімназія імя І. Ерашова і сярэдняя школа №1. З 2007 года на базе гімназіі працуе навуковае таварыства вучняў “Алмаз”. Штогод праводзяцца гімназічныя канферэнцыі, на якіх школьнікі прэзентуюць свае даследчыя праекты, праграмы і г.д. Члены навуковага таварыства паспяхова выступаюць на канферэнцыях рознага ўзроўню на базе вышэйшых навучальных устаноў: БДУ, ВДУ імя П. Машэрава і іншых. Вучні гімназіі сталі лаўрэатамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы адоранай и таленавітай моладзі. Даследчая работа пачынаецца з пачатковага звяна.

 У лютым 2012 года былі падведзены вынікі абласнога конкурсу навукова-даследчых праектаў, па выніках якога дыпломам першай ступені ўзнагароджана група вучняў 9 “В” класа па праекце “Поўны Георгіеўскі кавалер Дамінік Вікенцьевіч Канопка”. Дыплом першай ступені за перамогу ў міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна ў памяці беларускага народа” атрымала вучаніца 11 “А” класа сярэдняй школы №1 Юлія Струк. Вучні гімназіі Алена Карпіцкая і Ганна Ганчар сталі пераможцамі абласной навукова-практычнай канферэнцыі ў г. Віцебску і прадставілі наш раён у сакавіку 2012 года на рэспубліканскай эколага-біялагічнай канферэнцыі.

 Усяго ў 2011 годзе вучнямі школ нашага горада атрымана 63 дыпломы першай, другой і трэцяй ступеняў на навукова-практычных канферэнцыях, творчых конкурсах, выставах і спартыўных мерапрыемствах.

 На працягу трох гадоў вучні школ раёна прымаюць актыўны ўдзел у абласных, міжнародных дыстанцыйных алімпіядах па розных прадметах, у навукова-практычных канферэнцыях.

 Найбольш актыўнымі ў гэтым накірунку дзейнасці з’яўляюцца вучні гарадскіх школ, а таксама Бароўскай, Стайскай, Старалядненскай і іншых сярэдніх школ.

 Сацыяльны стандарт па забеспячэнні камп’ютарнай тэхнікай вучняў устаноў агульнага сярэдняга звяна выкананы. Усе ўстановы адукацыі падключаны да сеткі Інтэрнет. Тут у дастатковай колькасці ёсць неабходнае праграмнае забеспячэнне для арганізацыі работы па прадмеце.

 Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі арганізавана 990 факультатываў, якія наведваюць 87 працэнтаў вучняў гарадскіх і 86 працэнтаў — сельскіх школ. За курс сярэдняй школы ў 2010 — 2011 навучальным годзе залатымі медалямі ўзнагароджаны 17 выпускнікоў.

 У 2011 годзе 255 выпускнікоў скончылі сярэднюю школу, 156 (61 працэнт) паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

 Па выніках абласных алімпіяд за пяць год раён заваяваў 29 дыпломаў. Пераможцамі рэспубліканскай алімпіяды стала трое вучняў. У 2011 — 2012 навучальным годзе вучні школ заваявалі тры прызавыя месцы — адно першае і два трэція. Трэба адзначыць, што вучаніца сёмага класа гімназіі імя І. Ерашова Аляксандра Галі­новіч, выступаючы за дзясяты клас, перамагла на абласным узроўні. Пераможца абласной алім­піяды па гісторыі, вучань 11 класа Бароўскай СШ Ра­дзівон Мадатаў, які набывае веды ў настаўніцы Е.Р. Ерыцян, у цяперашні час рыхтуецца прыняць удзел у чацвёртым, заключным, этапе рэспубліканскай алімпіяды, якая пройдзе ў красавіку ў г. Баранавічы.

Дадатковая адукацыя

 Школьнікі маюць магчымасць займацца ў тэатральных гуртках і студыях, музычных, фальклорных, харэаграфічных калектывах, аркестрах народных музычных інструментаў, гуртках дэкаратыўна-прыкладной, іншых відах творчасці, спартыўных секцыях.

 Чатыры калектывы — “Купалінка” (кіраўнік В.У. Ільніцкая), “Духавы аркестр” (кіраўнік В.М. Піскуноў), “Цінэйджар” (кіраўнік А.А. Драбышэўскі) і “Трыяда” пад кіраўніцтвам А.С. Дабрыдневай раённага цэнтра дзяцей і моладзі — маюць званні ўзорных. У цяперашні час тут займаецца больш за сто выхаванцаў, якія сталі пераможцамі абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.

 Раённы цэнтр дзяцей і моладзі можа па праве ганарыцца Клубам інтэлектуалаў “РА”. За час свайго існавання клуб выпусціў больш за 120 выхаванцаў. Яны сталі гісторыкамі, журналістамі, педагогамі, адным словам, паспяховымі людзьмі. Значных перамог дасягнулі выхаванцы, якія займаюцца ў клубе зараз.

 Увазе прысутных быў прапанаваны відэа­фільм, у якім падрабязна расказана аб рабоце з адоранымі вучнямі ва ўстановах адукацыі нашага раёна.

 Аб сістэме работы з адоранымі дзецьмі ў гімназіі імя І. Ерашова ўсе даведаліся з выступлення дырэктара ўстановы Раісы Баравец. Раіса Уладзіміраўна падрабязна расказала аб асноўных накірунках навучальнага працэсу ў гімназіі, прынцыпах работы педагагічнага калектыву, поспехах вучняў у навучальнай і творчай дзейнасці.

 Нікога з гледачоў не пакінуў раўнадушным канцэрт, падрыхтаваны юнымі артыстамі гімназіі імя І. Ерашова.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.