Выкараненне зла ў Добрай Вадзе

Сляпой пані з Латыгалічаў прысніўся сон, што калі яна знойдзе крыніцу, якая выцякае з сярэдзіны схілу гары, і акропіць той вадой вочы, то стане відушчай. Аднак такога месца не знаходзілася. Аднойчы ад панскіх аратых уцяклі валы. Іх знайшлі каля лясной гары паблізу вёскі Чорная Лаза. Там і была крыніца. Ваду прынеслі пані, і зрок вярнуўся.

Чуткі пра гэта разнесліся па акрузе. Тое месца назвалі Добрай Вадой. Пазней там утварыліся каталіцкія могілкі. Жыхары навакольных вёсак сцвярджаюць, што крынічная вада захоўвалася тры гады і не псавалася.
Калі людзі сталі пакланяцца лясной крыніцы? Ды дзесьці неўзабаве пасля 1797 года. Адкуль такая дакладнасць? Ды лепельскія краязнаўцы знайшлі ў крыніцы дзве капейкі 1797 года вырабу. А што яны рабілі ў Добрай Вадзе? Аднаўлялі разбураную вандаламі і часам крыніцу, надмагіллі старых могілак. А навошта яны гэта рабілі? Ды таму што Добрая Вада з’яўляецца аб’ектам турыстычнага маршруту «Край жоўтых гарлачыкаў і сівых валуноў». А дзе яны бралі на аднаўленне сродкі? Выдаткаваў каардынацыйны савет праекта «Вада, прырода і людзі ў знікаючым ландшафце: развіццё ўстойлівага сельскага турызму ў Расіі і Беларусі”.
Той дзень выдаўся сонечным і цёплым. Да з’езду з дарогі Чарнаручча — Красналукі адзін за адным падкацілі тры легкавікі з Лепеля. Школьны аўтобус прывёз вучняў Слабадской школы. Праца закіпела.
Адначасова школьнікі і краязнаўцы ўзяліся аднаўляць крыніцу і расчышчаць закінутую частку старых могілак. Высякалі непатрэбны ляшчыннік. Зразалі дрэвы на саміх магілах. Сцягвалі непатрэбную драўніну за межы могілак. Збіралі смецце і зносілі яго ў спецыяльна выкапаную яму.
Завуч школы Вольга Бабаед з вучаніцамі ачышчалі складзеныя з камянёў падобныя на саркафагі надмагіллі ад моху. Вольга Ганчар чысціла надмагільныя пліты невядомых нам Яноўскіх, Янавіцкіх, Вярэнкаў, Кавалеўскіх, Корсакавых, Ясінскіх, якія жылі і памерлі ў ХІХ стагоддзі. Таня Бекерава зразала ніжнія лапкі елак, якія перашкаджалі доступу да крыніцы.
З крыніцы трэба было вычарпаць ваду, каб выграбці назапашаны за стагоддзі глей, замацаваць выпаўшыя з каменных сцен валуны.
Разам з глеем вымаліся з глыбокай ямы манеты розных эпох і краін. Дзеці наладзілі на іх сапраўднае паляванне.
Уладзімір Крыцкі, Васіль Хацкевіч і Валадар Шушкевіч узяліся ўмацоўваць каменныя сцены крыніцы, класці з дапамогай раствору каменныя ўсходы да вады.
Работы было на два дні. Вучні працавалі ў суботу да абеду. Потым іх пачаставалі прыгатаванай на вогнішчы гарбатай і ласункамі. На развітанне разам сфатаграфаваліся.
Праца прадоўжылася. Валерый Чарэцкі і Васіль Шкіндзер усталёўвалі і з дапамогай адмысловага клею замацоўвалі перакуленыя часткі пастаментаў.
З аднаўленнем крыніцы ўправіліся ў першы дзень. Аднак могілкі ўпарадкаваць не паспелі. Заначавалі ў Аношках у аграсядзібе. З раніцы зноў узяліся за справу. Перашкаджаў дробны дождж. Вырашылі не чакаць паляпшэння надвор’я. Ачысцілі падмурак былой капліцы. Замацавалі пакінутыя надмагіллі.
Пад канец нават неяк сумна стала пакідаць цудоўны куток прыроды. Прыемна было ўяўляць, як прыехаўшыя наведаць магілы родных каталікі будуць узрадаваны парадку на могілках. Але нехта ж перакульваў каменныя надмагіллі, выламаў устаўленыя ў іх каваныя жалезныя крыжы — ніводнага не засталося… Разбурылі.
Аднаўляць магілы далёкіх продкаў стала традыцыяй у лепельскіх краязнаўцаў. Добраўпарадкавалі сярэднявечныя могілкі ў вёсцы Двор-Таронкавічы, могілкі ў Велеўшчыне, дзе краязнаўцы паставілі “на ногі” пяць паваленых крыжоў, могілкі ва ўрочышчы Добрая Вада.
На здымку: новы выгляд старых могілак.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.