Грунтоўны дыялог

На чарговым пасяджэнні прэзідыума Лепельскага раённага Савета дэпутатаў быў разгледжаны шэраг актуальных пытанняў. Тэме фінансава-гаспадарчай дзейнасці філіяла “ДЭУ-37” РУП “Віцебскаўтадар” прысвяціў сваё выступленне начальнік прадпрыемства Ігар Архіпенка.

На абслугоўванні знаходзіцца 452,206 кіламетра дарог рэспубліканскага значэння, для гэтага створана шэсць лінейных дарожных дыстанцый. Летась выручка склала 23 мільярды 554 мільёны рублёў, што на 204,9 працэнта вышэй за мінулы год, сабекошт рэалізаванай прадукцыі, работ, паслуг — 18 мільярдаў 904 мільёны рублёў, дадатковы кошт — восем мільярдаў 854 мільёны рублёў.

 Прыбытак склаў 724 мільёны рублёў, у тым ліку ад рэалізацыі работ — 553 мільёны рублёў, ад транспартных паслуг іншым арганізацыям і насельніцтву — 171 мільён рублёў. Чысты прыбытак дасягнуў 121 мільён рублёў, а працэнт выканання — 576,2 працэнта, запланаваны 21 мільён рублёў.

 Сярэднямесячны заробак работнікаў у цэлым па прад­прыемстве склаў тры мільёны 219 тысяч 468 рублёў, запланавана па бізнэс-плане тры мільёны сто тысяч рублёў. Рост заработнай платы ў адносінах да мінулага года дасягнуў 200,2 працэнта.

 Аб удасканаленні сістэмы выхаваўча-прафілактычнай работы па папярэджанні правапарушэнняў і злачынстваў сярод непаўналетніх расказала ў сваім выступленні намеснік старшыні Камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Таццяна Часнакова. У раёне назапашаны пэўны вопыт па ўзаемадзеянні зацікаўленых службаў, арганізацый і ўстаноў па прафілактыцы супрацьпраўных паводзін падлеткаў.

 Камісія па справах непаўналетніх у межах сваёй кампетэнцыі каардынуе дзейнасць органаў, устаноў і іншых арганізацый, якія займаюцца прафілактыкай безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх. Члены камісіі распрацоўваюць комплексныя мерапрыемствы (праграмы) па прафілактыцы безнагляднасці, правапарушэнняў непаўналетніх, па абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, а таксама кантралююць іх рэалізацыю.

 Комплексны план мерапрыемстваў па папярэджанні безнагляднасці і правапарушэнняў вызначае сумесную дзейнасць устаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя, спорту і турызму, моладзі, РАУС і іншых службаў.

 На вялікі жаль, у нашым раёне ёсць нямала сем’яў, дзе бацькі адмаўляюцца ад належнага выхавання дзяцей, злоўжываюць спіртнымі напоямі, вядуць амаральны лад жыцця. Як правіла, дзеці з такіх сем’яў часова адбіраюцца і знаходзяцца на выхаванні ў сацыяльна-педагагічным цэнтры. Бацькам жа даецца шанц змяніць свой лад жыцця, выйсці на правільны шлях. Галоўнае, што ад іх патрабуецца, — рэгулярна хадзіць на работу, адмовіцца ад спіртнога, навесці парадак у доме, клапаціцца, каб дзеці былі накормленыя і дагледжаныя. Так, сёлета ў нашым раёне з пяці сем’яў былі адабраны сямёра дзяцей, якім патрэбна дзяржаўная абарона. Пасля выхаваўчай работы з бацькамі шасцёра дзяцей, якія былі адабраны ў мінулым го­дзе, вернуты ў тры сям’і. 95 дзяцей з 52 сем’яў знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы. Такія сем’і камісіяй узяты на ўлік, з імі вя­дзецца актыўная работа.

 У нашым раёне нямала прыкладаў, калі гора-бацькоў зусім не цікавіць далейшы лёс родных дзяцей. Камісіяй па справах непаўналетніх у свой час была пастаўлена на прафілактычны ўлік маладая маці, якая пражывае ў вёсцы Бароўка. У кастрычніку мінулага года паступіў трывожны сігнал ад… сына няўдалай маці. Хлопчык пазваніў сваім бабулі і дзядулі ў г. Чашнікі і сказаў, што не хоча ісці дадому, паколькі маці і яе сужыцель выпіваюць і дрэнна абыходзяцца з ім. Пад апеку няшчаснага хлопчыка ўзялі бабуля і дзядуля. Для прафілактычнай гутаркі маці была выклікана на пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх, дзе паводзіла сябе груба. Жанчыну цалкам задавальняе тое, што сын жыве асобна, да таго ж знаходзіць апраўданне сваім паводзінам.

 Зусім не хвалюе лёс маленькай дачкі маладую жанчыну, якая пражывае ў г. Лепелі. Маці яна стала ў дваццаць год. Калі ж дзяўчынка апынулася ў сацыяльна небяспечным становішчы і была накіравана ў прытулак, маці пачала весці разгульны лад жыцця. Праз месяц пасля таго, як дзяўчынка трапіла ў прытулак, работнікі сацыяльна-педагагічнага цэнтра прапанавалі маці сустрэцца з дзяўчынкай, і яна пагадзілася. Паколькі маці не выйшла на шлях выпраўлення, дзяўчынка трапіла на выхаванне ў прыёмную сям’ю. Цяжка ўявіць, але калі жанчына сустракае на вуліцы родную дачку з прыёмнай маці, адварочваецца і ідзе ў іншы бок…

 Ёсць і станоўчыя прыклады, калі бацькі-выпівохі выхо­дзяць на шлях выпраўлення. На прафілактычны ўлік была пастаўлена сям’я з аграгарадка Стаі. Бацькі злоўжывалі спіртным. Зараз свае паводзіны перайначылі. У доме — належны парадак, закуплены дровы. Дзеці накормлены і дагледжаны.

 Аднак, як паказвае статыстыка, у Лепельскім раёне, як і ў цэлым па рэспубліцы, не ўдаецца ў поўнай меры вырашыць праблемы пераадолення п’янства і алкагалізму, сямейнага недабрабыту, злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх.

 Усім суб’ектам прафілактыкі неабходна актывізаваць сваю дзейнасць і накіраваць яе на папярэджанне, прафілактыку супрацьпраўных паводзін падлеткаў. Трэба звяртаць больш пільную ўвагу на ўцягненне непаўналетніх, у першую чаргу тых, якія знаходзяцца на ўсіх відах уліку, у работу гурткоў, секцый, за­дзейнічаць іх у брыгадах другаснай занятасці. Важна засяродзіць увагу на індывідуальным працаўладкаванні, развіцці разнастайных формаў аздараўленчых лагераў.

 У час работы прэзідыума былі разгледжаны і іншыя актуальныя пытанні, па кожным з якіх прынята адпаведнае рашэнне.

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.