Рабочы почырк

Камбікормавы завод. Схаваныя пад засцярогай механізмы манатонна гудуць.
У першага сустрэчнага спытаў, дзе можна знайсці начальніка цэха Андрэя Хамёнка.
— У цэху, — быў адказ.
— Дык там ніводнага чалавека няма…
— Заходзьце ў аператарную. Там будуць людзі.
— Калі на нашым заводзе цішыня і рабочых не бачна, гэта азначае, што вытворчы працэс праходзіць без збояў, — смяецца Андрэй Хамёнак.

— Каб вы пачулі грукат ды ўбачылі мітусню — дрэнь справа, паломка нейкая. Такое здараецца рэдка. Рабочыя ёсць, толькі яны не ля механізмаў завіхаюцца, а дзяжураць у пакоі адпачынку. Гэта майстар Святлана Пшонка, аператары Цімур Чарноў і Дзмітрый Грыгор’еў, электраманцёр Андрэй Зяленін, драбільшчык Дзмітрый Драздоў, два слесары і два падсобныя рабочыя. Вось і ўвесь штат змены цэха кормавытворчасці Лепельскага філіяла ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”.
Паверыць цяжка, што такім складам за змену вырабляецца 120 тон камбікорму. Працуюць у тры змены. Перазменкі праходзяць у восем, 16 і 24 гадзіны. Створаны ж чатыры змены, каб працаваць па бягучым графіку. Так і вытворчы працэс не спыняецца, і выхадныя рабочыя маюць згодна з заканадаўствам.
Два аператары ўтаропіліся ў маніторы камп’ютараў. Дзмітрый Грыгор’еў на адным кантралюе працэс гранулявання птушынага камбікорму. Цімур Чарноў кіруе працэсам прыгатавання свінога камбікорму. Тры яго маніторы запоўнены прамавугольнымі, круглымі, авальнымі, квадратнымі сімваламі, злучанымі прамымі ці ломанымі лініямі. Так пазначаны ўсе кормапрыгатавальныя механізмы і транспарціровачныя артэрыі. Калі механізмы даюць збой, аб тым паведамляюць на пульт кіравання ўстаноўленыя паўсюдна датчыкі. Аператар сігналізуе дзяжурным слесарам ці электраманцёру, і тыя ўхіляюць няспраўнасць. Такое здараецца рэдка, паколькі стан механізмаў кантралюецца пры рэгулярных прафілактычных аглядах. Падношаныя ці падазроныя дэталі і вузлы адразу заменьваюцца.
Працэс прыгатавання камбікорму заключаецца ў здрабненні грубых кармоў, дапаўненні іх кармавымі дабаўкамі і перамешванні. Скажам, на гэты раз запушчаны тэхпрацэс прыгатавання корму для свінаматак. Згодна з лабараторнай картай, аператар запаўняе сістэму неабходнай колькасцю грубага фуражу: кукурузы, ячменю, шроту соевага і сланечнікавага, сушанага грануляванага жому (адходы пасля вырабу цукру з буракоў), камбікорму КК-55. Усё гэта перамешваецца і перамолваецца. Затым дадаецца прыгатаваная ў міні-цэху сумесь кармавых дабавак з прэміксу (мінералы, вітаміны росту), солі, монакальцыю фасфату, крэйды, віязіму, трэяпіну і кармалізіну (лякарствы). Пасля перамешвання дзвюх сумесяў дадаецца трэцяя, якая складаецца з рапсавага ці сланечнікавага алею і пшанічнай мукі першага гатунку. Вось які склад здавалася б простага камбікорму!
Пасля таго, як якасць гатовай прадукцыі праверыць лабараторыя, яна паступае на склад. Куды колькі паставіць камбікорму, ведае Андрэй Хамёнак: ён кожны дзень звязваецца з усімі спажыўцамі і вывучае попыт. Практычна ўсе яны — структурныя падраздзяленні ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”. Толькі нязначная колькасць прадукцыі ідзе на продаж і разлік за пастаўленую сыравіну.
У сярэднім за месяц цэх кормапрыгатавання выдае дзевяць тысяч тон камбікорму.
Уладзімір ШУШКЕВІЧ.
На здымку: аператар аўтаматызаванай сістэмы кіравання вытворчым працэсам Цімур Чарноў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.