Перакрыжаванне шляхоў

У артыкулах “Сляды даўніны” (№87 ад 1 лістапада 2011 года) і “Шлях з варагаў у грэкі?”(№1 ад 4 студзеня бягучага года) вялася гаворка аб тым, што адно з адгалінаванняў старадаўняга гандлёвага шляху “з варагаў у грэкі” магло праходзіць з Балтыйскага мора праз рэкі Заходняя Дзвіна — Ула — Лукомка — возера Лукомскае — рака Югна — возера Сялява — рака Эса і далей па водных артэрыях цяперашняга Лепельскага раёна, пакуль не дасягала ракі Бярэзіны — правага прытоку Дняпра, які нясе сваю водную плынь у Чорнае мора. Воднае ж падарожжа гандляроў на адным з адрэзкаў гэтага воднатранспартнага шляху, які цягнецца строга на поўдзень ад ракі Лукомкі і возера Лукомскага праз раку Югна і возера Сялява да ракі Эсы, з’яўляецца залішне доўгім, кругавым.

У тры — чатыры разы бліжэй было б дабірацца старажытнымі гандлёвымі лодкамі-стругамі да Эсы, па­плыўшы ад ракі Лукомкі напрасткі, адразу на захад — спачатку па возеры Лукомскае да вусця ракі Цытранкі, а затым, рухаючыся ўверх па цячэнні гэтай воднай артэрыі, дасягнуць забалочаных вярхоўяў ракі Гнілкі, якая нясе свае воды ў раку Дзеражанку — правы прыток ракі Эсы.

У гэтым выпадку можна было б поўнасцю пазбегнуць неабходнасці цягнуць лодкі-стругі волакам, па сушы, а ўвесь час перамяшчацца па вадзе. Для гэтага трэба было толькі зладкаваць у гэтым месцы паміж вярхоўямі рэк Цытранка і Гнілка на працягу аднаго — двух кіламетраў рукатворную пратоку, падобную той, якая была зроблена ў старажытнасці, напрыклад, праз імшаныя балоты, парослыя нізкарослымі, чэзлымі сасновымі дрэўцамі ў выгля­дзе спрамленага вытоку ракі Юраўкі з возера Безадэннага або паглыбленай і спрамленай на працягу не менш аднаго кіламетра ракі Цэнтралкі, якая выцякае з возера Аношкаўскае.

Праўда, на жаль, выявіць на сённяшні дзень наяўнасць такой рукатворнай пратокі ад ракі Цытранкі да ракі Гнілкі — правага прытоку Дзеражанкі, вельмі складана, паколькі поймы ўсіх гэтых рэк зараз суцэльна зрэзаны меліярацыйнымі каналамі. Рака Дзеражанка ўпадае ў раку Эсу паблізу вёскі, якая называецца Стругі. Назва гэтага населенага пункта, які зараз адносіцца да Крупскага раёна Мінскай вобласці, хутчэй за ўсё пайшла ад умення мясцовых жыхароў рабіць у гэтым населеным пункце старадаўнія гандлёвыя лодкі-стругі.

Усё гэта яшчэ раз пацвярджае, абгрунтоўвае дадатковымі доказамі, растлумачвае той на першы погляд даволі дзіўны гістарычны факт, чаго ў цяперашні час зусім невялікая вёска Лукомль у Чашніцкім раёне, размешчаная на ўзбярэжжы возера Лукомскае і рацэ Лукомка, была ў старажытнасці буйным квітнеючым гандлёвым і рамесным цэнтрам, які нават узгадвае ў сваім “Павучэнні” Уладзімір Манамах пры апісанні паходу на ўладанні полацкага князя Усяслава Брачыславіча (Чарадзея) ў 1078 годзе, і чаму з XII стагоддзя гэта паселішча наогул стала цэнтрам удзельнага княства (да якога тады адносіліся і землі сучаснай Лепельшчыны), з XIV стагоддзя ўвайшоўшага ў склад Вялікага княства Літоўскага.

Аднак усё ж нельга разглядаць адно з гэтых найбольш ажыўленых адгалінаванняў знакамітага старажытнага шляху “з варагаў у грэкі”, аб якім ідзе гаворка, толькі як зручную і танную транспартную дарогу, якая пралягала пераважна з поўначы на поўдзень. Рух разнастайных тавараў ішоў і ў зваротным накірунку — з поўдня на поўнач. Бясспрэчна, развіваўся бойкі, з узаемнай карысцю, гандаль, абмен рознымі таварамі і з захаду на ўсход, для чаго шырока выкарыстоўваліся не толькі рэкі Бярэзіна, Эса, Ула і іншыя, якія працякаюць па тэрыторыі Лепельскага раёна, але і водныя артэрыі, што нясуць сваю водную плынь па іншых бліжэйшых мясцовасцях цяперашняй Беларусі, перш за ўсё размешчаных у поймах рэк Заходняя Дзвіна і Днепр.

 Мікалай ГАРБАЧОЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.