Раздзельны збор

Жыву ў вёсцы, камунальным абслугоўваннем якой, і ў прыватнасці вывазам смецця, займаецца КУВП “Бароўка”. Раз на тыдзень выношу з дому поліэтыленавы пакет са смеццем, які выкідваю ў кантэйнер, што стаіць у канцы вёскі. У металічнай скрыні пастаянна змяшчаецца па некалькі падобных пакетаў, проста высыпаныя бытавыя адходы, аднак ніколі не сустракаў перапоўненага кантэйнера, з якога б змесціва аж высыпалася вонкі.

Калі камунальнікі вывозяць, куды —  жыхары не ведаюць і нават не задумваюцца, занятыя сваімі штодзённымі клопатамі.

Між тым з такіх драбніц, як своечасовы вываз і ўтылізацыя бытавых адходаў, пачынаецца клопат пра нашу непаўторную і багатую прыроду, экалагічны баланс.

Як распавёў начальнік участка збору і ўтылізацыі камунальных адходаў КУВП “Бароўка” Мікалай Глускі, за суткі транспартам прадпрыемства вывозіцца да 40 — 50 кубаметраў цвёрдых адходаў. Асабліва напружаным перыядам можна лічыць сярэдзіну вясны, калі адбываецца масавае прыбіранне населеных пунктаў і сутачныя аб’ёмы вывазу павялічваюцца ў разы. Аднак на месячных лічбах яны адбіваюцца неістотна.

Па магчымасці работнікі “Бароўкі” стараюцца праводзіць сартаванне смецця з мэтай вылучэння і ўключэння ў паўторны гаспадарчы абарот такіх відаў другаснай сыравіны, як макулатура, драўніна, металалом, пластык і іншае.

КУВП “Бароўка” актыўна распрацоўвае і ўкараняе праграмы па забеспячэнні паўторнага выкарыстання адходаў. Кантэйнеры для раздзельнага збору смецця — толькі першыя ластаўкі. Вядома, адразу гэты ход не даў масавага эфекту. Жыхары населеных пунктаў па звычцы ссыпалі, а часцяком і да гэтага часу ссыпаюць усё смецце ў адзін кантэйнер. Супрацоўнікі “Бароўкі” гатовыя крочыць яшчэ далей. Планамі дзеліцца дырэктар прадпрыемства Уладзімір Аксяновіч:

— Важна вучыць, заахвочваць насельні­цтва да раздзельнага збору смецця, таму мы вывучаем пытанне і плануем ажыццявіць такі варыянт. Насельніцтву, у першую чаргу вясковым гаспадарам, будзем бясплатна выдаваць поліэтыленавыя пакеты для раздзельнага збору смецця. Металалом, цэлую шклатару вяскоўцы часцей здадуць самі, драўніну, паперу спаляць, раслінныя рэшткі выкарыстаюць як угнаенне на сваіх сотках. Нам у перспектыве застануцца ПЭТ-бутэлькі ды іншы пластык і рознага роду бітае шкло, нестандартныя шкляныя бутэлькі, якія зазвычай не бяруць на прыёмных пунктах. У вадзіцеля смеццявоза будуць двое вагаў для узважвання адходаў. У выніку людзі нават атрымаюць грошы за тыя рэчы, якія раней проста выкідвалі на сметнік. А мы пасля таксама здадзім іх далей у спецыялізаваныя прыёмныя арганізацыі. Шклобой, напрыклад, — у Полацк.

 — Вы плаціце людзям грошы за другасную сыравіну, потым самі здаяце яе далей і проста вяртаеце суму назад. Сумняваюся, што ў выніку такой фінансавай аперацыі прадпрыемства атрымае прыбытак. У чым выгада?

 — Выгады яшчэ няма. Яе паспрабуем атрымаць наступным чынам. За кожны кубаметр, кожную тону цвёрдых камунальных адходаў, якія вывозім для ўтылізацыі на спецыялізаваны палігон, мы павінны заплаціць пэўную суму. Таму чым менш адходаў ідзе на палігон, чым больш трапляе ў другасную сыравіну, тым больш выгадна фінансава для нас і экалагічна для прыроды. Разумею, што звышпрыбыткаў не атрымаем, але ж, як у старой прымаўцы, капейка да капейкі, глядзіш — і рубель. Мяркую, калі-небудзь настане час, калі на палігон будзе адпраўляцца зусім мізэрная частка адходаў, а большасць з іх пойдзе ў другасную перапрацоўку.

 — Думаю, што насельніцтва прыхільна сустрэне такое новаўвядзенне. А якія зараз нарматывы дзяржаўных сацыяльных стандартаў у галіне вывазу смецця?

 — Паводле навукова разлічаных нарматываў, ад аднаго чалавека за год застаецца ў сярэднім каля 1,3 кубаметра цвёрдых камунальных адходаў, якія мы, камунальнікі, павінны ўтылізаваць па цвёрдых тарыфах.

 — А калі хтосьці распачаў рамонт у кватэры, у выніку — шмат будаўнічага смецця?

 — Выкідваць будаўнічы друз у кантэйнер для бытавога смецця нельга, такое караецца штрафамі. У дадзеным выпадку трэба заказваць за асобную аплату наш транспарт, які забярэ будаўнічы друз і вывезе яго, а мы далей утылізуем. Драўніну — у дровы, бітае шкло — у другасную сыравіну, бітую цэглу ды пясок — на іншыя патрэбы.

 — Выклікаць машыну ці трактар для такой мэты, напэўна, дорага…

 — Каля 150 тысяч рублёў. Але, паверце, штраф за забруджванне тэрыторый ці высыпанне будаўнічага друзу ў бытавы кантэйнер нашмат большы.

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.