Надзённыя праблемы гараджан
Пасля выступлення ўдзельнікаў інфармацыйна-прапагандысцкай групы прысутныя атрымалі магчымасць звярнуцца да прадстаўнікоў служб з хвалюючымі пытаннямі. Першае з іх датычылася работы жыллёва-камунальнай службы:
— Чаму не прадугледжаны скідкі на камунальныя паслугі для інвалідаў?
Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КУВП ЖКГ “Лепель” Мікалай Палтавец адказаў, што сістэма скідак у рабоце жыллёва-камунальнай службы не прадугледжана, ёсць толькі бясплатныя і платныя віды паслуг.
— Чаму аплату паслуг пэўнага спецыяліста жыллёва-камунальнай службы нельга зрабіць на месцы, а трэба ісці ў разлікова-касавы цэнтр або аддзяленне банка?
— Работнік, які ажыццявіў пэўны від паслуг, не мае права браць аплату на месцы, паколькі гэта не адпавядае нарматыўна-прававой базе.
— Якая перыядычнасць рамонту пад’ездаў жылых дамоў?
— Па меры неабходнасці, калі вокны, дзверы патрабуюць абавязковага рамонту, а сцены, лесвічныя пляцоўкі знаходзяцца ў непрывабным стане. Кватэраздымшчыкі павінны сачыць за належным парадкам у пад’ездах.
— У вельмі непрывабным стане знаходзіцца першы пад’езд дома №12 па вуліцы Мінская. На які час запланаваны яго рамонт?
— Пытанне будзе разгледжана.
— У пад’ездзе дома па вуліцы Ленінская, 5 была заменена дзвярная каробка, аднак з-пад яе да цяперашняга часу тырчыць пакулле, якое псуе агульны выгляд.
— Недахоп будзе ліквідаваны.
— У свой час быў праведзены капітальны рамонт дома №40 па вуліцы Інтэрнацыянальная. Затым у двары дома быў заменены трубаправод, а тэрыторыя не прыведзена ў парадак.
— Пытанне ўзята на кантроль.
— У двары дома №81 па вуліцы Калініна калісьці пачалі замену бардзюраў, але работу не завяршылі.
— Замена бардзюраў прадоўжыцца сёлета.
— Уздоўж дамоў па вуліцах Інтэрнацыянальная, 40, 41а пачалася пракладка тратуараў, аднак работа не закончана, далей жа па-ранейшаму стаяць дыры…
Чаму ля дамоў не прадугледжаны месцы для паркоўкі аўтамабіляў, дзіцячыя пляцоўкі?
— Як толькі ўстановіцца добрае надвор’е, пракладка тратуараў будзе працягвацца. Стварэнне месцаў для паркоўкі аўтамабіляў, абуладкаванне дзіцячых пляцовак паступова будзе ажыццяўляцца.
— На гарадскіх вуліцах нямала бадзяжных сабак, якія нярэдка нападаюць на прахожых. Якія меры прымаюцца работнікамі для вырашэння праблемы?
— Распрацаваны графік адлову бадзяжных сабак, і ў хуткім часе пытанне будзе вырашана.
— Ля інтэрната ДКУБП “Лепельская ПМК-75” не задзейнічана значная тэрыторыя. Чаму б там не арганізаваць аўтамабільную стаянку?
— Пытанне ўзята на кантроль.
— З надыходам вясны, калі пачынае таяць снег, узнікаюць вялікія праблемы ў жыхароў нізінных вуліц. Затапляе двары дамоў па вуліцах Лясная, Эсенская, 2-ая Сянная, Партызанская. Чаму нельга зрабіць сцёк талых вод?
— З раённага бюджэту кожны год выдзяляецца пэўная сума грошай на добраўпарадкаванне горада, таму ўсе неабходныя работы ажыццяўляюцца, зыходзячы з наяўнасці сродкаў.
— Калі будзе добраўпарадкаваны ўчастак тэрыторыі паміж будынкамі аддзялення №211/63 Цэнтра банкаўскіх паслуг і сярэдняй школы №3, ля плошчы Свабоды?
— У бліжэйшы час плануецца зрабіць утульнае месца для адпачынку гараджан: будзе пакладзена тратуарная плітка, устаноўлены лаўкі і ліхтары.
— Кошт тавараў, у прыватнасці, адзення ў магазіне “Універмаг” заўсёды даволі высокі. Чаму не прадугледжаны скідкі на касцюмы, якія знаходзяцца ў продажы працяглы час?
Адказала галоўны эканаміст Лепельскага райспажыўтаварыства Тамара Дуж:
— Адзенне паступае ў продаж, як правіла, да пэўнага сезона, таму раскупляецца своечасова. Пры магчымасці перыядычна выкарыстоўваецца сістэма скідак.
— Якасць прадукцыі хлебазавода не задавальняе спажыўцоў. Чаму нельга арганізаваць продаж хлеба-булачных вырабаў з суседніх гарадоў, сталіцы?
— Пытанне будзе абмеркавана адміністрацыяй Лепельскага райспажыўтаварыства.
— Чаму настолькі ўзраслі цэны на прадукцыю ААТ “Лепельскі МКК”? Біялагічныя, ёдавыя дабаўкі, якія выкарыстоўваюцца пры выпуску малочнай прадукцыі, задавальняюць не ўсіх пакупнікоў.
— Пытанне адрасуецца адміністрацыі ААТ “Лепельскі МКК”.
— У магазінах, якія размешчаны ў цэнтральнай частцы горада, вечарам не заўсёды належны асартымент малочнай прадукцыі.
— Прадаўцам гандлёвых прадпрыемстваў, размешчаных у цэнтры, вельмі цяжка спрагназаваць колькасць патрэбнай прадукцыі, паколькі іх наведваюць не толькі мясцовыя, а і прыезджыя пакупнікі.
— Чаму б у Лепелі не адкрыць магазін “Еўраопт”, дзе цэны на тавары значна ніжэйшыя?
— Будаўніцтвам магазіна “Еўраопт” плануе заняцца індывідуальны прадпрымальнік Юрый Мацеша.
— Чаму ў Лепелі няма дзіцячага кафэ?
— Кафэ “На Месяцы” днём могуць наведаць дзеці з бацькамі. Для юных наведвальнікаў — вялікі выбар ласункаў.
— На гарадскім пляжы ўлетку заўсёды збіраецца вялікая колькасць адпачывальнікаў. Даўно наспела неабходнасць адкрыцця гандлёвай кропкі, дзе можна было б набыць ахаладжальныя напоі, кулінарныя вырабы. Выязнога ралета на гарадскім пляжы недастаткова.
— Пытанне будзе разгледжана адміністрацыяй райспажыўтаварыства.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.