Славутыя землякі

У апошнія гады значна абудзілася цікавасць людзей да гісторыі свайго краю, роду. Усё часцей задаюць пытанні кшталту: хто, якія людзі жылі тут, што яны рабілі для сваёй зямлі, горада? Намаганнямі краязнаўцаў узноўлена і ўшанавана імя канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі. Аднак жа не толькі ён жыў і працаваў тут.
Першым усплыло ў гісторыі імя князя Міхаіла Жыгімонтавіча.

Быў ён сынам вялікага князя Літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча, даводзіўся пляменнікам Вітаўту Вялікаму, пераможцу крыжакоў пад Грунвальдам. Сам Міхаіл, хоць і прэтэндаваў на вялікакняскі пасад, усё ж мэтаў сваіх не дамогся. Ён жа ў 1439 годзе перадаў Лепель як свой маёнтак Віцебскаму каталіцкаму касцёлу.
Жыццё самога князя Міхаіла настолькі было насычана падзеямі і прыгодамі, што вартае стаць сюжэтам прыгодніцкага рамана. Ён не раз бываў на краі гібелі, знаходзіўся ў палоне і ў заложніках у Тэўтонскага ордэна. Потым ваяваў супраць крыжакоў, татараў, удзельнічаў у міжусобных войнах. У 1451 ці 1452 годзе трапіў у Маскву, шукаў там падтрымкі ў барацьбе за карону Вялікага княства Літоўскага, але быў узяты ў палон і атручаны ва ўзросце 70 гадоў.
Наступным важным этапам у гісторыі Лепеля стала Інфлянцкая (Лівонская) вайна 1558 — 1583 гадоў. Баявыя дзеянні праходзілі ў тым ліку і на Лепельшчыне. Менавіта ў гэты час (каля 1560 года) узводзіцца Лепельскі замак. Дзеля арганізацыі барацьбы на Полаччыне даюцца значныя паўнамоцтвы, падмацаваныя зямельнымі надзеламі і даходамі з іх, кашталяну Полацкаму Юрыю Мікалаевічу Зяновічу, з 1570 года — яшчэ і лепельскаму старасце.
Пачынальнікам роду Зяновічаў з’яўляецца полацкі баярын Братоша, які згадваецца ў летапісах у 1387 годзе як дарадца князя Андрэя Полацкага. Ад імя яго сына Зіновія і ўтварылася пазней радавое прозвішча.
Юрый Зяновіч справу абароны наладзіў грунтоўна. Акрамя таго, што замак меў добры гарнізон, ён у войска са сваіх земляў выстаўляў яшчэ 47 коннікаў. На той час коннік — гэта не адзін чалавек з канём, а баявое звяно з ваяра, памочніка, збраяносца, лучніка. Такім чынам, баявая адзінка з 47 коннікаў магла складаць атрад агульнай колькасцю да 150 — 200 чалавек са зброяй, амуніцыяй, коньмі.
У 1577 годзе Лепельскае староства перайшло пад кіраванне Полацкага ваяводы Мікалая Мікалаевіча Манвіда Дарагастайскага (каля 1530 — 28.1.1597). Гэты дзяржаўны муж працягваў пачынанні, закладзеныя яго папярэднікам.
1586 — 1606 гады на Лепельшчыне прайшлі пад сцягам канцлера ВКЛ Льва Сапегі. А пасля яго наступіла бясслаўная пара, калі амаль два стагоддзі Лепелем валодаў кляштар манахаў-бенедыктынцаў. Прычым, манахі жылі ў Вільні, таму самі горадам не кіравалі, яго развіццём і росквітам не апекаваліся.
Пад’ём Лепеля пачынаецца з далучэннем яго да Расійскай імперыі ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай. Справа ў тым, што ў Расіі на той час у цэркваў і манастыроў дзяржава забірала ў казну вёскі, гарады, там уводзіліся цывільныя органы кіравання. Такім чынам, Лепель стаў казённым горадам, а лепяльчане былі пераведзены ў саслоўе абывацеляў. У тую ж пару ўзнікае і рэалізуецца праект пабудовы Бярэзінскай воднай сістэмы, якая злучыла рэкі басейнаў Чорнага і Балтыйскага мораў і ўдыхнула ў населены пункт новае жыццё. Гэты перыяд звязаны з такімі імёнамі, як польскі пісьменнік, гісторык, эканаміст Тадэвуш Чацкі, які напрыканцы XVIII стагоддзя адным з першых указаў на патрэбу такой сістэмы.
Непасрэдна стварэннем Бярэзінскай воднай сістэмы кіравалі генерал Фрэйнганг, інжынер-генерал дэ Віттэ, таемны саветнік Герард і інжынер-генерал-лейтэнант Дэвалант. Усе яны былі выдатнымі гідратэхнікамі. Агульнае кіраўніцтва было ўскладзена на міністра шляхоў зносін Сіверса.
Сістэму збудавалі, але такі гідратэхнічны аб’ект патрабуе пастаяннага догляду і рэгулярнага рамонту. На гэта ўказваў у 1935 годзе начальнік сістэмы інжынер-маёр Цюфяеў. Тым больш, што многія збудаванні моцна пацярпелі ў часы вайны 1812 года і не былі да канца адноўленыя.
З Бярэзінскай воднай сістэмай і Лепелем звязаны шасцігадовы перыяд жыцця паэта Яна Чачота, які працаваў тут чыноўнікам.
У першай палове ХІХ стагоддзя ў Лепелі адчыняюцца навучальныя ўстановы. У прыватнасці, у 1830 — 1840 гадах у Лепельскім павятовым вучылішчы вучыліся будучыя ўдзельнікі паўстання пад кіраўніцтвам Канстанціна Каліноўскага Іасафат Агрызка і Фелікс Тапчэўскі.
Другая палова ХІХ стагоддзя на Лепельшчыне адзначылася ростам цікавасці да краязнаўства. Менавіта ў гэту пару праявілі сябе такія асобы, як Фёдар Кусцінскі, Дзмітрый Даўгяла, Іван Гарбачэўскі, Рыгор Кладніцкі, Адам Юцэвіч.
На працягу ХІХ стагоддзя Лепель кіраваўся на манер іншых гарадоў Расійскай імперыі, на чале стаяў гарадскі галава, які прызначаўся губернатарам. За гэты час імі былі: Абезгаўз (1803 — 18013), Радкевіч (1813 — 1851), Іван Шостак (1851 — 1858), Леў Петрушкевіч (1859 — 1865), Марк Замкоўскі (1865 — 1874), Рыгор Загрэцкі (1874 — 1880), Іван Ардыновіч (1880 — 1886), Максім Загрэцкі (1886 — 1890), Дзяніс Камароўскі (1890 — 1891), часова Марк Замкоўскі вярнуўся на пасаду (1891 — 1893), апошнім гарадскім галавой быў Емяльян Камека (18 лістапада 1893 — 20 верасня 1894 гг.). У гэты перыяд у імперыі ўводзіцца спрошчанае гарадское ўпраўленне, на чале гарадоў прызначаюцца гарадскія старасты. Першым на пасаду Лепельскага старасты быў выбраны дваранін Пётр Ільіч Галашчапаў.
З гэтымі асобамі непарыўна звязана амаль 500-гадовая гісторыя Лепеля, гэтыя людзі сваімі стараннямі рабілі шмат для развіцця горада, яго росту.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.