Экстрэмальны акрастрыт

184На  рэспубліканскім конкурсе “Мабіла-арт”, які праходзіў пад эгідай БРСМ, на лепшы відэаролік, зняты на мабільны тэлефон, у несумненным выйгрышы аказалася праца баброўскіх адзі­наццацікласнікаў Улада і Дзімы Бобрыкаў. Відэа можна было пабачыць “Укантакце”. Уражваюць гэтыя ролікі. Кагосьці, бу­дзем шчырымі, яны палохаюць, хтосьці — у захапленні ад спрыту выканаўцаў. Як бы там ні было, але абыякавымі яны нікога не пакідаюць — гэта факт.

Справа ў тым, што ў хлопцаў — экстрэмальнае захапленне — акрастрыт. У перакла­дзе з англійскай мовы — вулічная акрабатыка. Гэта спорт для падрыхтаваных людзей. Адразу хочацца папярэдзіць: нельга бяздумна паўтараць убачанае! Непадрыхтаванаму чалавеку, пад уражаннем ад удалага трука кагосьці іншага, вось так проста выйсці на вуліцу і  адразу “пачаць лятаць” можа каштаваць жыцця. Трэніруюцца паступова, выкарыстоўваючы татамі ці іншыя змякчальныя прыстасаванні, адпрацоўваючы да аўтаматызму кожны рух. Увогуле ж, такой акрабатыкай калі і займацца, то лепей дзесьці ў мяккім пясчаным кар’еры ці на сене…

Захацелася бліжэй пазнаёміцца з баброўскімі экстрэмаламі. Акрамя Бобрыкаў, адзін з якіх, Улад, выконвае трукі, а другі, Дзіма, здымае на відэа, акрастрытам займаецца іх аднакласнік Саша Пліско.

 — Адкуль, хлопцы, прыйшло да вас такое экзатычнае захапленне?

 — Можна сказаць, з дзяцінства. Займацца пачалі гадоў у чатырнаццаць, пад уражаннем трукаў Джэкі Чана, фільмаў “Ямакасе”, “Трынаццаты рабон”, а таксама відэа ў інтэрнэце.

 — У вас ёсць свая група ў сусветным сеціве?

 — Так, група “Іt’s way” — свой шлях. У ёй каля трохсот ­удзельнікаў. Ёсць таксама група “Тыповы трэйсер” (бег з перашкодамі), у якую ўваходзіць сорак тысяч чалавек.

 — І ў нашым раёне ёсць тыя, хто займаецца падобным?

 — У нас — не, у Віцебску ёсць некалькі чалавек, пераважна — у Маскве.

 — Раскажыце больш падрабязна, што сабой уяўляе акрастрыт?

 — Гэта мастацтва трымаць устойлівасць на руках на ўзвышшах, скачкі з вялікай вышыні, сальта з рознай вышыні, праз перашкоды, прамежкі, абрывы і г.д. Пачынальнікі — Паркур, Дэвід Бэль і іншыя.

 — І вы ўсе гэтыя трукі робіце ў Баброве?

 — Вядома, не, тут усё не выканаеш, бо няма дзе. Шукаем пясок, мяккую глебу, траву. Зімой, на вялікім снезе, прасцей.

 — Вось у відэароліку вы адчайна сягаеце з вышыні ў гурбу. А калі раптам у той гурбе будзе штосьці цвёрдае? Вы разумееце, што гэта вельмі небяспечна?

 — Вядома, разумеем. Справа ў тым, што гэтыя самыя гурбы мы спярша самі намятаем. І ў нас ёсць адно правіла — ніколі не рабіць непадрыхтаваных трукаў, не ведаючы сваіх магчымасцяў.

 Ёсць, як высветлілася, у хлопцаў і любімыя трукі. У Улада — махавае сальта, у Сашы — супермэн: трэба скочыць шчупаком, паспець скруціцца, рэзка распрастацца і ўстаць на ногі. Выглядае відовішчна, тым не менш — рызыкоўна.

 — Як ставяцца бацькі да вашых экстрэмальных практыкаванняў?

 — Яны, вядома, не ў вялікім захапленні, але пакуль што разумеюць нас. А што, лепей было б, каб мы праводзілі вольны час за півам і цыгарэтамі, бадзяліся ці біліся на дыскатэках?

 Сапраўды, ці болей рызыкуюць хлопцы здароўем за падлеткаў на п’яных разборках, падчас ліхацтва на матацыклах, альбо “сцвярджаючы сябе” за куфлем піва ці ў цыгарэтным чадзе. Кожнаму сваё, юнацтва заўсёды ціхамірнае. Максім Горкі казаў: “Наро­джаны поўзаць — лятаць не можа!”. Можна перафразаваць, маўляў, той, хто хоць аднойчы лятаў, не захоча поў­заць, але ж, як у той песеньцы, “но всё-таки надо куда-то энергию тратить свою”. Баюся, што аднымі акцыямі па зборы макулатуры шаснаццацігадовых пацаноў не спакусіш. Дык чаму б не зацікавіцца і тым самым экстрэмальным акрастрытам дарослым, што займаюцца спартыўным выхаваннем, ды, як кажуць, “падаслаць” пад гэты рызыкоўны занятак “педагагічную саломінку”?! Мякчэй ды ўтульней было б шустрым падлеткам…

 — Вы, хлопцы, не збіраецеся са спортам звязаць далейшае жыццё?

 — Адзін з нас будзе паступаць на фізвыхаванне, другі — на чыгуначніка… Акрастрыт — проста наша захапленне. Але мы хацелі б, каб была магчымасць ездзіць у Маскву на семінары, на заняткі да тых людзей, з якімі зараз толькі перапісваемся “Укантакце” ды перазвоньваемся.

 На здымку: Саша Пліско і Улад Бобрык.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.