Аварыя на водаправодзе

Моцныя маразы, якія раптоўна ўсталяваліся, прывялі да рэзкага змяшчэння зямельных пластоў на значнай глыбіні. Гэта стала вынікам аварыі на водаправодзе на перакрыжаванні вуліц Школьная і Калініна. Таму работнікі ЛКУВП ЖКГ “Лепель” аператыўна прыступілі да ўхілення наступстваў стыхійнага бедства. Была пастаўлена задача як мага хутчэй узнавіць водазабеспячэнне жылых дамоў, аб’ектаў вытворчага і сацыяльнага прызначэння.
На месцы аварыі працаваў на пагрузчыку “Амкадор” Генадзь Семянько.


— Загружаю мокры пясок у самазвал, які пасля адвозіцца адсюль як мага далей у ваколіцы горада, пакуль яго не паспеў трывала скаваць мароз, ператварыць у нетранспартабельныя бясформенныя глыбы, — сказаў ён. — Гэтую набрынялую вадой пясчаную масу дастаў каўшом з зямных нетраў экскаватар, калі дабіраўся да пашкоджанай часткі водаправоднай трубы.
— Для ліквідацыі наступстваў аварыі былі прыцягнуты не толькі спецыялісты водаправоднай службы, але і экскаватар, пагрузчык, аўтамашыны-самазвалы, іншая тэхніка, — адзначыў старшы майстар ЛКУВП ЖКГ “Лепель” Павел Ермаковіч. — На глыбіні ў некалькі метраў ад паверхні зямлі было выяўлена пашкоджанне водаправоднай трубы. Устанавілі спецыяльную муфту, якая ўзнавіла паступленне вады да спажыўцоў.
— Якія меры прадпрымаеце, каб мінімізаваць наступствы аварыі ў гэтым месцы?
— Водаправодная труба засыпаецца толькі сухім пяском, які праз некалькі дзён самастойна прасядзе, утрамбуецца. Пасля гэтага паверхня зямлі будзе разраўнавана, каб зручна было праязджаць аўтамабільнаму транспарту, а вясной — заасфальтавана.
М. АЗЁРНЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.