Што выбіраюць маладыя спецыялісты на Лепельшчыне?
Хто будзе спрачацца, што эфект выпадковасці заўсёды прысутнічае ў жыцці. Вось і Мікіта Бабкін апынуўся ў Лепелі дастаткова выпадкова. Ён, гараджанін, жыхар Полацка, раней і не думаў нават, што давядзецца ехаць за семдзесят кіламетраў ад роднага горада, здымаць кватэру, жыць аднаму, працаваць на прадпрыемстве, пра якое дагэтуль і не чуў…
Сустрэліся мы на рамонтна-механічным заводзе, дзе малады спецыяліст вось ужо трэці месяц працуе фрэзероўшчыкам у інструментальным цэху.
— Як тут апынуўся?
— Прыслалі па размеркаванні. Я скончыў Наваполацкі дзяржаўны політэхнічны каледж па спецыяльнасці «тэхналогія машынабудавання – тэхнік».
— Не было магчымасці ўладкавацца ў родным горадзе?
— Спрабаваў – не атрымалася.
Фрэзероўшчыкам – вельмі гучна сказана. Мы размаўлялі з майстрам участка Мікалаем Галінскім, які курыруе маладога спецыяліста. Мікіту ён пахваліў: «Хлопец добрасумленны, ад працы не ўхіляецца, дапамагае на розных участках работы.
— Аднак самастойна даверыць яму фрэзу і складаны заказ пакуль не спяшаемся. Тэорыя, якой вучылі ў каледжы, – адно, а патрэбна практыка. Вучыць яго яшчэ і вучыць, а тут, напэўна, хутка ўжо і расстанемся. У армію хлопец ідзе вось-вось.
— Іду ў паветрана-дэсантныя войскі, — паведаміў мне і сам Мікіта, калі я запытаўся пра яго далейшыя планы. Паслужу, а там відаць будзе. Верагодна, што і застануся ў арміі.
— Ну так усе кажуць, пакуль не служылі, а паслужыўшы, часта мяняюць свае планы. Маеш запасны, так бы мовіць, цывільны варыянт? Чаму пайшоў вучыцца на тэхніка машынабудавання, калі хочаш быць вайскоўцам?
— Трэба ж быцо нейкую прафесію асвоіць. Ёсць перспектывы застацца працаваць у родным городзе, пайсці, скажам, на «Вымяральнік», «Тэхналіт», на завочнае паступіць і атрымаць вышэйшую адукацыю. Менавіта такія планы і маю ў якасці запаснога варыянту.
— Лепель спадабаўся?
— Прывыкаю. Невялікі гарадок, аднак усё тут ёсць. І адпачыць ёсць дзе. Вось толькі прадукты дарагаватыя таму даводзіцца прывозіць з Полацка.
— Сам гатуеш?
— А як жа. Вечарам прыходжу з працы, адпачну крыху, зраблю прабежку і станаўлюся да пліты, бо трэба на наступны дзень есці прыгатаваць.
— Не надакучвае?
— Нармальна. Неаднойчы даводзілася гэта рабіць і раней, дома, калі ў каледжы вучыўся. Бацькі на працы, маці швачкаю працуе, бацька — цесляром.
— Адзін у сям’і?
— Так.
— Напэўна, аднаму сумна?
— Нічога, затое і любімы.
— А ў Лепелі дзе жывеш?
— Кватэру здымаю па Калініна, дакладней, пакой у кватэры. Аплачвае цалкам завод.
— Хапае заробленага на жыццё?
— Ды што вы! Гэтым разам два мільёны сямсот атрымаў – гэта з пад’ёмнымі, без іх – мільён трыста. Калі б не дапамагалі бацькі…
Дарэчы сказаць, на рамонтна-механічны сёлета два маладыя спецыялісты прыйшлі, акрамя Мікіты, у тэхаддзел — дзяўчына. А вось двое хлопцаў, адбыўшы абавязковыя два гады, сышлі на іншую, больш заробкавую працу. Не надта шмат моладзі на заводзе, і яе можна зразумець, трэба жыццё пачынаць самастойнае, сем’і заводзіць, вось і шукаюць, дзе лепей.
— Любіш пасядзець за камп’ютарам?
— Толькі ў крайнім выпадку, калі надвор’е кепскае. Сюды, у Лепель, увогуле ноўтбук не браў. А так лепей тэлевізар паглядзець ды – на вуліцу, спортам пазаймацца. Яшчэ са школы займаюся лёгкай атлетыкай, на спаборніцтвах быў — і на раённых, і на абласных.
На здымку: фрэзероўшчык Мікіта Бабкін.
Фота аўтара.