Аб надзённых праблемах

Зусім не выпадковым было наведванне інфармацыйна-прапагандысцкай групай на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Мікалаем Нікіціным сярэдняй школы №3 горада Лепеля, паколькі тэма абмеркавання была “Адукацыя і навука — сіла эканамічнага росту”. Загадчыца аддзела эпідэміялогіі ДУ “Лепельскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” Наталля Паборцава засяродзілася на выпадках захворванняў сальманелёзам, звязаных са спажываннем забруджаных, неапрацаваных належным чынам яек курэй з асабістых прысядзібных гаспадарак, а таксама мясных прадуктаў і рыбы. Няма падстаў для зняцця з кантролю праблемы прафілактыкі захворвання грыпам, іншымі вострымі рэспіраторнымі немачамі. Асноўны сродак папярэджання такіх хвароб — вакцынацыя. Застаецца актуальнай і барацьба з шаленствам. Сёлета былі выяўлены чатыры хворыя лісіцы і адна янотападобная сабака.

Начальнік аддзела арганізацыі рознічнага гандлю раённага спажывецкага таварыства Алена Жарнасек акцэнтавала ўвагу прысутных на тым, што спажывецкая кааперацыя зараз займае ў горадзе і раёне нішу ўсяго 39 працэнтаў ад агульнага гандлёвага тавараабароту, астатняе прыпадае на іншыя прыватныя гандлёвыя сеткі.

Намеснік начальніка аддзела кантролю за фізічнымі асобамі інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Лепельскім раёне Таццяна Каралевіч расказала пра парадак аплаты падаходнага падатку, узнікнення пэўных падстаў для прадстаўлення дэкларацый і параіла як мага хутчэй, яшчэ задоўга да вызначанага апошняга тэрміну (16 лістапада 2015 года), усім плацельшчыкам падаткаў на зямлю і на нерухомасць разлічыцца з бюджэтам.

Інспектар нагляду і прафілактыкі раённага аддзела па надзвычайных сутуацыях Ягор Зінаў паведаміў, што з пачатку года на Лепельшчыне было зарэгістравана 16 пажараў, якія прынеслі значныя матэрыяльныя страты, аднак удалося пакуль што не дапусціць на іх гібелі людзей. Звярнуў увагу на тое, што не сам бязлітасны агонь, некантралюемае полымя, а ўдушша дымам — галоўная прычына трагічных наступстваў узгаранняў. Расказаў пра асаблівасці карыстання вогнетушыцелем, каб можна было хутка і эфектыўна затушыць любы пажар у выпадку яго раптоўнага ўзнікнення.

У ходзе сустрэчы была ўзнята праблема перабояў з падачай вады на пятыя паверхі шматкватэрных дамоў, у тым ліку па вуліцы Чуйкова, 117. На што было патлумачана, што завяршаецца будаўніцтва другой чаргі аб’екта “Водазабеспячэнне горада Лепеля”, зроблены вадавод з поліэтыленавых труб дыяметрам 250 міліметраў агульнай даўжынёй каля пяці кіламетраў ад водазабора каля аграгарадка Стаі і да перакрыжавання вуліц Барысаўскі тракт і Чуйкова. Заканчэнне ўсіх неабходных будаўнічых работ у поўным аб’ёме стрымліваецца адсутнасцю фінансавання з абласнога бюджэту.

Мікалай ГАРБАЧОЎ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.