Бандэроль ад маршала

C-4Напярэдадні свята абаронцаў Айчыны хочацца расказаць пра слаўны шлях Уладзіміра Міхайлавіча Міхалкіна, маршала артылерыі, імем якога Лепельшчына можа па праве ганарыцца.
Уладзімір Міхайлавіч нара­дзіўся 30 чэрвеня 1927 года ў ваенным гарадку Кісялевічы пад Бабруйскам. Частку свайго дзяцінства ён правёў у ваенным гарнізоне на Лепельшчыне, куды яго бацьку перавялі служыць афіцэрам Чырвонай арміі. Дом, у якім жыла сям’я Міхалкіных, знаходзіўся ў цяперашнім Заслонаве, непадалёк ад іпадрома, дзе дзеці чырвоных камандзіраў (бацька У. Міхалкіна ў той час камандаваў артылерыйскім палком) займаліся коннай падрыхтоўкай.
І раптам пачалася вайна… У гэты час Уладзімір аказаўся ў Выбаргу, дзе яго бацька ўзначаліў артылерыю 50-га стралковага корпуса. У чатырнаццаць год Валодзя быў ужо на фронце. У ліпені 1941 года стаў артылерыйскім разведчыкам. Доўгія месяцы спасцігаў азы артылерыйскай навукі на Пулкаўскіх вышынях, якія з верасня 1941 года аказаліся ў эпіцэнтры баявых дзеянняў Ленінградскага фронту.
…Калі ў студзені 1944 года артылерысты разам з іншымі падраздзяленнямі Чырвонай арміі пачалі аперацыю па прарыве Ленінграда, Уладзіміру Міхалкіну ішоў сямнаццаты год, ён стаў яфрэйтарам, кавалерам медалёў “За адвагу” і “За абарону Ленінграда”. Як ён сам прызнаўся, менавіта ў гэтай аперацыі ён упершыню ўжо як прафесіянал па-сапраўднаму ўсвядоміў, якой магутнай сілай з’яўляецца артылерыя і як востра яна мае патрэбу ва ўдасканаленні сваёй разведкі.
Перамогу Уладзімір Міхалкін сустрэў у Чэхаславакіі ў званні малодшага лейтэнанта. У пачатку 1946 года іх полк дыслакаваўся ў Ціраспалі. Праз нейкі час Уладзімір падаў рапарт на звальненне. Хацеў вучыцца на інжынера. Аднак Георгій Канстанцінавіч Жукаў, які быў прызначаны камандуючым Адэскай ваеннай акругі, вырашыў па-іншаму: нельга звальняць з арміі афіцэраў у васямнаццаць год, калі ў іх за плячыма — чатыры гады вайны. І Уладзімір застаўся ў страі, атрымаў прызначэнне ў адну з часцей Ленінградскай ваеннай акругі.
Многае з таго, што выконваў за час сваёй службы Уладзімір Міхалкін, рабілася ўпершыню. Менавіта ён спрабаваў прыняць меры па выратаванні ракетнага комплексу “Ака”, якому, дарэчы, і ў цяперашні час няма роўнага ў свеце. Аднак палітычная воля тагачаснага кіраўніцтва краіны, на вялікі жаль, аказалася мацнейшай за здаровы сэнс.
Па іроніі лёсу знак адрознення “Маршальская зорка” Уладзімір Міхайлавіч атрымаў у Крамлі 26 красавіка 1989 года з рук таго, чыім простым росчыркам пяра і быў знішчаны ўнікальны ракетны комплекс. І толькі праз трынаццаць год на прыёме ў пасольстве Рэспублікі Беларусь у Маскве ён сустрэўся з Міхаілам Гарбачовым і выказаў яму ўсё, што думаў у сувязі з гэтым. Такі ён, апошні маршал артылерыі Савецкага Саюза.
Вучні дзявятага класа Слабадской сярэдняй школы ўважліва вывучылі біяграфію маршала артылерыі У. Міхалкіна. У сваім пісьме да яго яны напісалі: “Паважаны Уладзімір Міхайлавіч! Вы пачалі сваё жыццё, як і мільёны іншых хлопчыкаў, што нарадзіліся ў 1927 годзе, але біяграфія маршала Міхалкіна стала легендарнай. Мы ганарымся вашым гераічным мінулым! Ваша жыццё з’яўляецца для нас прыкладам мужнасці, працавітасці і бескарыснай любові да Радзімы!”.
Праз некаторы час у школу была даслана бандэроль ад маршала, у якой знаходзілася яго кніга “Маршалскі жэзл у салдацкім ранцы” і пісьмо да вучняў дзявятага класа.
У Беларусь на пасаду ракетных войскаў і артылерыі сёмай танкавай арміі генерал-маёр Міхалкін прыбыў у красавіку 1974 года. У гэты час і адбылася яго сустрэча з роднымі сэрцу лепельскімі краявідамі, памяць аб якіх ён захаваў назаўсёды. Аб гэтым выразна расказваюць старонкі з яго кнігі: “Вечарам мы паехалі ў гарадок Заслонава (каля дзесяці кіламетраў), дзе праходзіла маё дзяцінства. Перад выездам я па памяці на лістку паперы схематычна намаляваў месца, дзе стаяў мой дом. Пры гэтым нават указаў згіб ракі, якая цякла перад домам, школай і іпадромам, дзе мы займаліся коннай падрыхтоўкай. На асобным лістку паперы я намаляваў падрабязны план кватэры з указаннем вокнаў, балкона і нават пліты на кухні. Калі мы пад’язджалі да гэтага дома, сэрца маё калацілася, і пульс, напэўна, быў не меншы за 120 удараў за хвіліну…
Палкоўнік Валошын разгарнуў план кватэры, складзены мной, і быў ашаломлены, з якой дакладнасцю ўсё супала” (1974 г.).
Маршал Уладзімір Міхалкін — удзельнік абароны Ленінграда. Яго выступленні таксама вельмі змястоўныя. Вельмі хацелася б, каб у Год гасціннасці маршал быў госцем горада Лепеля, каб у раённым краязнаўчым музеі з’явілася экспазіцыя, прысвечаная жыццю Уладзіміра Міхалкіна, а адна з вуліц горада насіла яго імя…
Галіна МАРКОЎСКАЯ,
былая настаўніца Слабадской сярэдняй школы.
На здымку: Уладзімір Міхайлавіч Міхалкін.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.