Безграничная любовь к книгам

starolyadnenskaya-bibl1Задаю пытанне вяскоўцу: “Якая лепшая ўстанова культуры на сяле?”. “Канечне, бібліятэка. Тут і сумненняў няма”, – чую ў адказ. І я згодна з гэтым: культурнае жыццё вёскі нельга ўявіць без установы, якая з’яўляецца адзінай крыніцай інфармацыі, ведаў для жыхароў і на працягу шматлікіх гадоў застаецца самай даступнай для людзей.

Штогод 15 верасня ўсе бібліятэкары Беларусі адзначаюць сваё прафесійнае свята. Цяжка знайсці чалавека, які б па тых ці іншых прычынах у розныя перыяды жыцця не наведваў кніжны храм. Можна з упэўненасцю сказаць, што Дзень бібліятэк – гэта свята кожнага з нас. Немагчыма ўявіць свет без ведаў, а іх мы чэрпаем з кніг…

Вясковая бібліятэка –
якая яна?
Напярэдадні Дня бібліятэк вырашыла наведаць Старалядненскую сельскую бібліятэку не выпадкова. Пра гэту ўстанову я чула шмат добрых водгукаў. Аднойчы ж зазірнула на яе старонку ў інтэрнэце і здзівілася, колькі ва ўстанове адбываецца цікавых мерапрыемстваў: конкурсаў, карысных сустрэч, аглядаў кніжных навінак.
На старонцы бібліятэкі ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” можна знайсці шмат цікавай інфармацыі. Галоўнае – падпісацца на старонку “Старалядненская сельская бібліятэка”.
Частыя наведвальнікі ўстановы – дзеці, якія бягуць сюды пасля вучобы з вялікім задавальненнем, удзельнічаюць у розных мерапрыемствах і з’яўляюцца членамі клуба “Любознайки”.
Асабліва вялікая ўвага ў бібліятэцы надаецца вольнаму часу дзяцей і падлеткаў. У гэты перыяд яны павінна быць заняты карыснай справай, таму пры падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў улічваюцца іх інтарэсы, узрост і сацыяльны статус. Не забываюць тут і пра бяспеку на дарозе, перыядычна разважаюць пра праблемы сучаснай моладзі.
Кожнае каляндарнае свята знаходзіць сваё адлюстраванне ў мерапрыемствах, якія тут праводзяцца.
Тут вучаць любіць радзіму…
Як вядома, любоў да Бацькаўшчыны з’яўляецца ў чалавека ў дзяцінстве. У кожнага з нас ёсць свая малая радзіма – месца, дзе мы нарадзіліся і выраслі. Бібліятэкар Аксана Урбановіч на сваіх мерапрыемствах закранае шмат тэм, але гэтай надае асаблівую ўвагу, бо сама ўсёй душою любіць свой родны край.
– Як выглядае сучасная сельская бібліятэка? – задаю пытанне Аксане Аляксандраўне.
– Гэта перш за ўсё новыя кнігі, газеты, часопісы і, канечне, шмат цікавых мерапрыемстваў, бо адна з функцый бібліятэкі – арганізацыя вольнага часу. Любое мерапрыемства спрыяе духоўнаму і эстэтычнаму развіццю, дорыць станоўчыя эмоцыі.
– Ці шмат чытаюць жыхары сельскай мясцовасці?
– Магу з упэўненасцю сказаць, што шмат. Пра гэта сведчыць вялікая колькасць наведвальнікаў.

Сельскі бібліятэкар
Аксана Аляксандраўна перасягнула 20-гадовую прыступку работы ў бібліятэчнай галіне. Геаграфія працы ў бібліятэках раёна ў жанчыны даволі вялікая: вёскі Жэжліна, Бароўка, аграгарадок Камень, г. Лепель, в. Старое Лядна.
Аксана Аляксандраўна цалкам аддае сябе высакароднай працы. Жанчыну паважаюць за любоў і вернасць кнізе, імкненне да ведаў, добразычлівасць і душэўную шчодрасць, працавітасць і бясконцую энергію. Бібліятэкар ведае, што прапанаваць наведвальнікам, увесь час цікавіцца, што жадаюць пачытаць людзі. А калі хтосьці не можа наве­даць установу па стане здароўя, бібліятэкар прынясе патрэбнае выданне на дом.
Наведвальнікаў бібліятэкі можна назваць адной вялікай сям’ёй. Кожны клапоціцца, каб вярнуць загадзя кнігу, некаторыя прыносяць сюды выданні, набытыя за ўласныя грошы, каб іх прачыталі іншыя. Такая сяброўская атмасфера ва ўстанове створана дзякуючы добрай душы маёй суразмоўцы.
Менавіта ў Старалядненскай бібліятэцы Аксана Аляксандраўна рупіцца 7 гадоў, цесна супрацоўнічае з мясцовай яслі-сад – базавай школай, імкнецца заціка­віць кнігамі і перыядычнымі выданнямі дашкольнікаў, бо гэта патэнцыйныя чытачы.
Сама жанчына нарадзілася ў вёсцы Слабодка Лепельскага сельсавета. Сюды ж і прывяла яе працоўная сцяжынка пасля заканчэння вучобы. Аксана Аляксандраўна скончыла Магілёўскі дзяржаўны бібліятэчны каледж і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры па спецыяльнасці “Бібліятэкар-бібліёграф”.
Праца маёй суразмоўцы заканчваецца а 20 гадзіне, але ж яна паспявае яшчэ папрацаваць і на прысядзібным участку, дзе расце шмат рознай гародніны. Сапраўдная памочніца для маці – дачка Таццяна, якая ў наступным годзе пойдзе ў 1 клас. Дзяўчынка вельмі любіць наведваць бібліятэку, бо тут час заўсёды пралятае хутка. Пакуль усе часопісы перагледзіць, ужо і дадому трэба ісці.
– Ніколі не пашкадавала пра тое, што выбрала прафесію бібліятэкара, – прызналася Аксана Урбановіч.
* * *
Наведваць бібліятэку заўсёды прыемна. Тут дапамогуць выбраць кнігу па душы, растлумачаць, як зрабіць даклад ці напісаць рэферат. Напярэдадні Дня бібліятэк шчыра жадаем работнікам кніжных храмаў, каб іх праца заўсёды прыносіла людзям радасць. Моцнага здароўя, сямейнай цеплыні, творчых поспехаў і сямейнага даб­рабыту!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.