Бой за лепельскае Пышна

42 На гэты раз размова пойдзе пра Анатоля Маруньку — аднаго з кіраўнікоў партызанскага руху на Лепельшчыне ў Вялікую Айчынную вайну, партрэт якога намаляваў лепельскі мастак Аляксей Ляшчоў у рамках рэалізацыі творчага праекта “Жыць, каб памятаць”.

…Анатоль Адамавіч нара­дзіўся ў вёсцы Губіна Лепельскага раёна. Служыў у Чырвонай арміі, закончыў ваеннае вучылішча авіяцыйных тэхнікаў. Член КППС з 1939 года. У 1938 — 1941 гадах працаваў настаўнікам, дырэктарам Старалепельскай школы. З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі ўключыўся ў актыўную барацьбу з ворагам. У жніўні 1941 года пад яго кіраўніцтвам была створана падпольная група ў Лепелі, затым у вёсцы Губіна.

— У суседняй вёсцы быў Анатоль Марунька, — успамінаў былы партызан і франтавік Анатоль Сямёнавіч Ханяк. — Аднойчы адзін да мяне на лыжах прыходзіць: “Ты ведаеш, ноччу самалёт ляцеў, вось пачак лістовак. Давай іх распаўсюдзім”. Лістоўкі былі аб разгроме немцаў пад Масквой, аб падзеях на фронце. Кожнае слова праўды падбадзёрвала людзей, прыносіла радасць. Адразу я не ўцяміў, што цэлы пачак самалёт не можа выкінуць. На самой справе лістоўкі друкаваліся ў нашай друкарні. Іх перадалі хлопцам, каб распаўсюдзілі, а яны мяне прыцягнулі. Мы на лыжах пайшлі па вёсках і разнеслі гэтыя лістоўкі”.

Летам 1941 года ў вёсцы Ізафатава Сушанскага сельсавета спынілася сем ваеннаслужачых, якія выйшлі з акружэння, на чале з Дзмітрыем Цімафеевічам Караленкам. Восенню 1941 года цераз мясцовага жыхара А.С. Ладзіка яны наладзілі сувязь з падпольным райкамам КПБ, і з гэтага часу выконвалі яго заданні.

У сакавіку 1942 года група Д.Ц. Караленкі, узброеная двума аўтаматамі і іншай стралковай зброяй, прыбыла на партызанскую базу ў Саснягоўскую пушчу і склала ядро першага партызанскага атрада.

Камандзірам атрада №68 стаў Уладзімір Елісеевіч Лабанок, камісарам — Анатоль Адамавіч Марунька, начальнікам штаба — Дзмітрый Цімафеевіч Караленка. Партызаны разграмілі і спалілі Несінскую і Палянскую ўправы, нападалі на паліцэйскія гарнізоны, пункты па нарыхтоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, знішчалі жывую сілу і тэхніку ворага.

Весткі пра баявыя дзеянні партызан з Саснягоўскай пушчы разляцеліся па ўсёй Лепельшчыне. З імі пераклікаліся паведамленні, якія прыходзілі з Ушацкага раёна. Там дзейнічаў атрад №9 на чале з былым дырэктарам Ушацкай МТС, а перад самай вайной — старшынёй Ушацкага райвыканкама Фёдарам Фамі­чом Дуброўскім.

28 жніўня 1942 года па рашэнні Віцебскага падпольнага абкама партыі абодва атрады аб’ядналіся і стварылі партызанскую брыгаду “Дубава”. Камандаваў ёю Фёдар Фаміч Дуброўскі, камісарам быў Уладзімір Елісеевіч Лабанок, начальнікам штаба — Сцяпан Якаўлевіч Барадаўкін.

З 15 верасня 1942 года Анатоль Марунька стаў другім сакратаром Лепельскага падпольнага райкама КПБ. У хуткім часе абставіны склаліся так, што ўжо ў лістападзе 1942 года Анатоль Адамавіч узначаліў другі атрад партызанскай брыгады “Дубава”. Пад яго камандаваннем было праведзена некалькі аперацый. Адна з іх — бой за Пышна — упісана залатымі літарамі ў партызанскі летапіс. Гэта мястэчка служыла як бы варотамі ў партызанскую зону з боку Лепеля.

Практычна адразу ж, у першыя дні свайго нашэсця, фашысты размясцілі тут гарнізон, які павінен быў кантраляваць праходзячыя паблізу вёскі важныя транспартныя шляхі — аўтама­більны і чыгуначны, якія злучалі Докшыцы і Лепель. Менавіта па гэтым накірунку немцы планавалі ажыццяўляць тылавое падмацаванне перадавых войскаў 3-й танкавай арміі, якая ваявала на Усходнім фронце.

І спачатку гэта ім удавалася рабіць. Аднак усё змяні­лася ў кастрычніку 1942 года, калі партызанская брыгада “Дубава” выбіла немцаў з Пышна і стварыла там свой апорны пункт.

Нямецка-фашысцкае камандаванне імкнулася вярнуць сабе Пышна. 22 снежня 1942 года яно кінула супраць народных мсціўцаў да батальёна салдат.

Вось як апісваецца гэты бой у справаздачы брыгады: “Атрад пад камандаваннем Марунькі, які ахоўваў гарнізон, завязаў бой з ворагам на ўскрайку лесу за два кіламетры ад Пышна. П’яныя фашысты ўсё лезлі і лезлі… Былі моманты, калі здавалася, што што вось-вось яны ўварвуцца на ўзлесак. Але гучны голас адважнага камандзіра ў цяжкую хвіліну падбадзёрваў байцоў, і гітлераўцы не вытрымлівалі нашага агню, адкатваліся назад. Падышло падмацаванне. Фашысты адступілі, больш за 40 забітых пакінулі яны на полі бою”. Аднак, на жаль, у хо­дзе гэтай баявой аперацыі адна з варожых куль абарвала жыццё сапраўднага патрыёта Айчыны Анатоля Адамавіча Марунькі.

Імя Анатоля Марунькі прысвоена піянерскай дружыне Старалепельскай базавай школы, у яго гонар названа вуліца ў горадзе Лепелі.

Мікалай ГАРБАЧОЎ.

На здымку: партрэт Анатоля Адамавіча Марунькі, які намаляваў мастак Аляксей Ляшчоў (творчы псеўданім Manchado).

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.