Будни фермы на Лепельщине

— Не трэба казаць пра фізічную нагрузку, калі распавядаеш пра цяжкасці працы жывёлавода ці даяркі. Варта проста мець пад увагай той факт, што наш працоўны дзень пачынаецца а 4-й гадзіне раніцы, праходзіць з разрывамі і заканчваецца ў 20-21 гадзіну, — пераканаўча кажа загадчыца фермы УП “Пражэктар-агра” Ларыса Садоўская. — І так кожны дзень, у будні і святы, незалежна ад умоў надвор’я.

Жанчына добра ведае сваю справу, працы ў жывёлагадоўлі аддала шмат гадоў.

Велеўшчынская ферма — адна з лепшых ва УП “Пражэктар-агра”, яе работнікі неаднойчы былі пераможцамі і прызёрамі розных вытворчых спаборніцтваў. У пакоі адпачынку Ларысы Рыгораўны захоўваюцца дзясяткі дыпломаў і грамат, якіх удастоены працоўны калектыў.

— Хтосьці з жартам сказаў, што, калі ўсе нашы ўзнагароды павесіць на сцены, то шпалеры не спатрэбяцца, — кажа Ларыса Садоўская.

Дзякуючы ферме, у аддаленай вёсцы Велеўшчына віруе жыццё, бо толькі тут ёсць праца для 20 вяскоўцаў.

На сённяшні дзень на ферме ўтрымліваецца 540 галоў буйной рагатай жывёлы, з іх 293 — дойныя, 120 — маладняк, цялушкі і нецелі. Дарэчы, летась на ферме ўтрымліваліся 285 дойных кароў, так што прадукцыйны статак крыху павялічваецца. За суткі надойваецца каля 3860 кілаграмаў малака, або каля 13,1 кілаграма на карову. Гэта даволі неблагі паказчык. У продаж паступае каля 3,5 тоны малака, і таварнасць такім чынам складае 90 працэнтаў. 78 працэнтаў здадзенай прадукцыі мае гатунак экстра.

— Для працоўнага калектыву, асабліва для даярак, якасць малака — вельмі важны паказчык і аргумент, бо ад яго наўпрост залежыць заробак. Вышэйшая якасць — большы заробак, — кажа Ларыса Рыгораўна.

Колькасць пагалоўя на ферме — велічыня не пастаянная, рухомая, бо рэгулярна праводзяцца агляд кароў, іх выбракоўка па ўзросце, стане здароўя, а на змену паступае маладняк. Напрыклад, толькі сёлета на папаўненне статка прыбыло 120 галоў маладняку. Раздойваць іх пасля першага ацёлу, прывучыць да працы даільнага абсталявання часам бывае даволі цяжкай справай. Недарэмна даяркам, якія пагаджаюцца займацца раздоем цялушак, ажыццяўляюцца значныя даплаты.

Праходзячы паміж шэрагамі, міжволі звярнуў увагу, што жывёла добра адкормденая, укормленая. Перад кожнай каровай была насыпана сумесь з сенажу і сіласу, якую жывёлы з апетытам жавалі.

— Ларыса Рыгораўна, наколькі ферма забяспечана кармамі? Справа ў тым, што неаднаразова ў размовах з вяскоўцамі падымалася тэма таго, што па прычыне сёлетняй засухі не вырасла дастаткова травы, не вельмі набрала сілу кукуруза, а ў выніку менш нарыхтавана сена, сенажу і сіласу.

— У нас поўныя запасы кармоў, закладзены ўсе наяўныя траншэі. Больш таго, мы маем 2 тысячы тон кармоў яшчэ з мінулага года. Імі, дарэчы, і кормімся, пачалі, так бы мовіць, новы зімовы стойлавы сезон. Сена ж у асноўным даём цялятам, падкормліваем кароў у запуску. Абавязкова дадаём камбікармы, якія вырабляюць тут жа, з уласнага зерня.

— У размове са старымі жывёлаводамі мы неаднаразова ўзгадвалі, што яшчэ ў савецкі час і ў 1990-я гады добрым дадаткам да рацыёну кароў былі кармавыя буракі. Каровы іх з ахвотай елі, а потым нават павялічваліся надоі. Пра гэта, дарэчы, неаднаразова расказвалася ў публікацыях раённай газеты за мінулыя дзесяцігоддзі, якія нам удалося знайсці.

— Не думаю, што ўключэнне буракоў у корм істотным чынам павысіла б надоі. Са свайго вопыту скажу, што гэта дазволіла б павялічыць шчыльнасць малака, павысіла б яго якасць. Аднак буракі – культура, даволі затратная ў вырошчванні. Не думаю, што яе выкарыстанне дало б эканамічны эфект, адпаведны ўкладанням.

У Велеўшчыне ферма дагледжаная, можна нават сказаць, прыгожая. Некалькі гадоў таму ў рамках кампаніі па мадэрнізацыі асноўных фондаў тут быў зроблены капітальны рамонт, абноўлена абсталяванне. Аднак на гэтым праца не спынілся. Толькі сёлета быў капітальна адрамантаваны дах. Парывамі ветру сарвала полікарбанат. Кіраўніцтвам прадпрыемства “Пражэктар-агра” было прынята рашэнне не проста накрыць дах, а і паднавіць страпільную сістэму, бэлькі.

Сёлета ж былі капітальна адрамантаваны памяшканні для ўтрымання маладняку. Цяляты гадуюцца ў новых зручных і цёплых клетках, дзе ёсць сухая подсцілка, у кармушцы — корм і вада. У такіх зручных умовах жывёла хутка падрастае, набірае вагу.

Здавалася б, усё добра складваецца: каровы даюць малако, цяляты падрастаюць, але Ларысу Рыгораўну, як і многіх дбайных кіраўнікоў, вельмі хвалюе кадравае пытанне.

— Справа ў тым, што працоўны калектыў паступова, але няўхільна старэе, асноўнай частцы работнікаў — 50 і больш гадоў. Моладзь, на вялікі жаль, не вельмі жадае працаваць на ферме, — са шкадаваннем кажа жанчына.

Шчыра дзякую Ларысе Рыгораўне за цікавую размову. На ферме ў гэты час кіпіць праца: даяркі ўключаюць даільныя апараты, слесар запускае халадзільнікі, жывёлаводы рыхтуюцца прыбіраць гной — ідзе чарговы працоўны дзень.

Тэкст і фота: Васіль МАТЫРКА

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.