До 2030 года Лепель прирастет более чем на тысячу человек

img_9681 Пра генеральны план забудовы Лепеля гутарым з начальнікам аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Наталляй Кляшторнай.

— Наталля Леанідаўна, якія фактары ўлічваюцца пры складанні генеральнага плана?
— Літаральна ўсе. Прадпрыемства “БЕЛНДІПГОРАДАБУДАЎНІЦТВА” распрацоўвае яго больш за год менавіта таму, што трэба ўлічыць мноства фактараў і прадбачыць іх на перспектыву да 2030 года і далей. Напрыклад, кожнае прадпрыемства ў горадзе мае сваю ахоўную зону, якая накладае пэўныя абмежаванні. Паглядзіце на прамысловыя кварталы вакол завода шасцерняў, МКК, лясгаса, сельгастэхнікі, былога завода ЖБВ — вакол іх усюды ахоўныя зоны. А вось зона амаль у цэнтры горада — яна атачае нашу метэастанцыю, старэйшую ў рэспубліцы. Вакол станцыі забараняецца ўзводзіць будынкі, вышэйшыя за існуючыя, каб не зашкодзіць руху паветраных мас і не ўнесці памылкі ў паказанні метэаралагічных прыбораў.
Па-другое, абавязкова трэба ўлічыць колькасць насельніцтва, якая пражывае ў горадзе і ў кожным асобным квартале, мікрараёне. Прычым важная не толькі сітуацыя ў дадзены момант, а і на перспектыву. Ад гэтага ідзе разлік магутнасцяў сетак водазабеспячэння, водаадвядзення, цэнтралізаванага ацяплення, газіфікацыі, электразабеспячэння, абавязкова трэба пралічыць магчымасці заезду і выезду. На сёння, паводле даных статыстыкі, у Лепелі пражываюць каля 17690 чалавек. Плануецца, што ў 2030 годзе будзе пражываць каля 18700. Трэба ўжо цяпер працаваць, каб ствараць камфортныя ўмовы для жыцця будучых пакаленняў.
Яшчэ адзін фактар — перспектыўныя напрамкі эканамічнага развіцця. Лепель пазіцыянуе сябе як горад з перспектывамі для развіцця турызму, прыёму гасцей, аказання сэрвісных паслуг. З мэтай развіцця турызму ў генплане закладзены так званыя фестывальныя зоны — месцы, дзе будуць арганізоўвацца фэсты, святы, народныя гулянні. Там забаронена капітальнае будаўніцтва, аднак прадугледжаны атракцыёны на вольным паветры, малыя архітэктурныя формы для культурнага адпачынку. Першая такая зона — узбярэжжа Святога возера, месца правядзення Купалля і іншых імпрэзаў. Пад фестывальную зону адводзяцца цэнтральны і Камсамольскі паркі, гарадскі пляж. Другая фестывальная зона — працяг Полацкага тракту, узбярэжжа Лепельскага возера ажно да мяжы горада, былога завода “Платан”. Наступная зона — паўвостраў за мікрараёнам Бяленіца. Там таксама вялікая прастора, з усіх бакоў акружаная вадой, — выдатнае месца для адпачынку, народных гулянняў, святаў.
— А вытворчасць?
— Ва ўсім свеце поспех маюць вытворчасці, прадпрыемствы, заснаваныя на прымяненні навукаёмістых тэхналогій: хімія, электроніка, ІТ. У Лепелі чакаюць такіх інвестараў, у раёнах прамысловай забудовы дастаткова плошчаў з падведзенымі камунікацыямі. Калі будуць нейкія асаблівыя прапановы, генплан прадугледжвае пэўныя рэзервы.
— Значны водгук выклікалі планы пабудовы чыгуначнай лініі з Лепеля на Круляўшчызну. З рэалізацыяй гэтага плана Лепель перастаў бы быць тупіковай станцыяй. Калі яе будуць будаваць?
— Я і сама хацела б, каб чыгуначная лінія Лепель — Круляўшчызна была пабудавана як мага хутчэй, але гэта не ў нашай кампетэнцыі. Задуме ўжо некалькі дзясяткаў гадоў. Пры складанні новага генплана мы звярнуліся да кіраўніцтва Беларускай чыгункі. Адтуль прыйшоў адказ захаваць два варыянты выхаду чыгуначнай лініі з Лепеля ў заходнім накірунку. Першы варыянт — па існуючай лініі паміж заводам шасцерняў і аптовай базай райспажыўтаварыства, другі — у абыход МКК.
* * *
— Калі мы вядзём гаворку пра генеральны план, то немагчыма прамінуць варыянты расшырэння горада, стварэння новых кварталаў.
— Новы квартал індывідуальнай жылой забудовы ствараецца на месцы былога аўтадрома. Там ужо робяцца вуліцы Магістральная і Аўтадромная, намечаны 30 участкаў. Сярэдняя плошча каля 10-12 сотак. Там ужо пракладзены камунікацыі: электразабеспячэнне, водаправод, каналізацыя, у хуткім часе будзе падведзена сучасная дарога. Меліяратары няблага папрацавалі, адвялі лішнія грунтавыя воды. Акрамя гэтага, вакол будучага квартала фарміруецца зялёны пояс з ляснога масіву. Самі гараджане выказваюць прапановы зрабіць побач сквер, месцы адпачынку.
— Вы распавялі пра квартал на месцы былога аўтадрома. У якіх яшчэ напрамках плануецца рост Лепеля?
— За апошнія гады пракладзена некалькі новых вуліц з участкамі пад індывідуальную забудову ў мікрараёне Поўдзень уздоўж Мінскай шашы. Жадаючыя атрымліваюць там участкі, будуюцца. Свабодныя землі пакуль што ёсць. А вось забудова прасторы паміж існуючымі вуліцамі і вёскай Забаенне ў бліжэйшыя гады не плануецца. Там палі, землі сельскагаспадарчага прызначэння, пад забудову іх пусціць можна толькі пры дзвюх умовах — адсутнасці свабодных участкаў і згоды Прэзідэнта.
Другі напрамак росту Лепеля — у бок вёскі Стаі. Плануецца абапал дарогі на гэты населены пункт пракласці некалькі вуліц, зрабіць там таксама квартал індывідуальнай забудовы. У ім будзе каля сотні ўчасткаў плошчай у сярэднім па 12-15 сотак.
Наступны напрамак — у працяг Полацкага тракту, да тэрыторыі колішняга завода “Платан”. Там таксама будзе індывідуальная забудова, некалькі дзясяткаў участкаў.
Зямлі досыць будзе ўсім жадаючым. Мяркуецца, што img_9681. Значыць, усім будзе дадзена магчымасць забяспечыць сябе жыллём.
— Аднак мы пакуль што вялі гаворку пра жыллё індывідуальнае. А якія планы адносна будаўніцтва шматкватэрнага?
— За мінулыя гады ўзяты даволі неблагі тэмп, збаўляць яго не маем намеру. Аднак пакуль што пераносім увагу з ускраіны паміж вуліцай Чуйкова і Мінскай шашой бліжэй да цэнтра. Бліжэйшым часам пачнецца будаўніцтва дома па вуліцы Калініна, расчышчаюцца і рыхтуюцца пляцоўкі на вуліцы Савецкай каля будучага раённага музея, а таксама на скрыжаванні вуліц Войкава і М. Горкага. Там калісьці планавалася пабудаваць гасцініцу, але гэтыя планы засталіся нерэалізаванымі.
Уздоўж цэнтральных вуліц аддавацца перавага будзе планам і праектам пабудовы сумешчаных аб’ектаў — жылых дамоў з гандлёвымі кропкамі або пунктамі сэрвісу. Адным з такіх, так бы мовіць, пілотных праектаў можна лічыць краму “Гранд” на вуліцы М. Горкага. На першым паверсе ажыццяўляецца гандаль, а другі — жылы.
Такая ж крама дзіцячых тавараў у пачатку вуліцы Савецкай каля СШ №1. У бліжэйшы час будзе пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю дом з крамай на вуліцы Данукалава. Многія лепяльчане і вяскоўцы памятаюць, які на тым месцы стаяў лядачы барак, як псаваў ён выгляд цэнтральнай вуліцы, быў месцам прытулку асацыяльных асоб, мякка скажам. Зараз месца прыгажэе на вачах, а праз некаторы час прадстане ва ўсёй красе.
* * *
— Жылая забудова — гэта выдатна, але ж не варта забываць пра сацыяльныя аб’екты. У прыватнасці, гаварылася, што ў мікрараёнах новабудоўляў прадугледжана будаўніцтва двух дзіцячых садкоў. Ці не зашмат дашкольных устаноў на вуліцы Чуйкова?
— Папраўлю вас. На вуліцы Чуйкова прадугледжана будаўніцтва аднаго дзіцячага садка. Яго плануецца ўзвесці ў двары паміж новымі дамамі і супермаркетам “Хатні”. Мяркую, што гэтым будзе закрыта патрэба ў месцах для дзяцей у квартале шматпавярховікаў як існуючых, так і будучых.
— На які час намечана будаўніцтва?
— Наколькі мне вядома, на бліжэйшыя год-два.
— А другі садок?
— Другі дзіцячы сад плануецца пабудаваць на Пясчанцы. Дакладней, у мікрараёне, які будзе ўзведзены як працяг Полацкага тракту. Там вялікі квартал існуючай індывідуальнай забудовы, яшчэ больш індывідуальнага жылля будзе ўзведзена ў бліжэйшыя гады. Натуральна, што жыхарам ужо патрэбны дзіцячы садок. Аднак яго будаўніцтва — справа больш аддаленай перспектывы.
— Што яшчэ цікавае ў генеральным плане?
— Планам прадугледжана будаўніцтва яшчэ аднаго пажарнага дэпо. На сёння нормы прыбыцця пажарнай машыны даволі жорсткія, некалькі хвілін, за гэтыя хвіліны часам вырашаецца, жыць ці не жыць чалавеку, які патрапіў у бяду. З існуючай пажарнай часці пажарным машынам аператыўна дабірацца на Пясчанку даволі праблематычна, ехаць на вялікай хуткасці па звілістых вуліцах складана. Таму запланавана будаўніцтва новага пажарнага дэпо, машыны з якога змогуць закрываць кварталы за Эсай, а таксама прылеглыя вёскі Стаі, Мацюшыну, Стары Лепель, Юркоўшчыну, Жарцы.
— Неаднойчы падымалася пытанне аб пераўтварэнні некаторых цэнтральных вуліц у цалкам пешаходныя.
— І ў генеральным плане, які распрацоўваецца, таксама прадугледжана магчымасць пераўтварэння вуліц Данукалава, К. Маркса, Дзяржынскага, Ленінскай у пешаходныя. Аднак, будзем рэалістамі, у бліжэйшы час я не бачу такой магчымасці. Хаця б таму, што на азначаных вуліцах жывуць людзі, якія маюць асабісты транспарт, якім трэба прыязджаць дахаты і ад’язджаць на працу, і ніякім іншым чынам, як па вуліцах, зрабіць гэта немагчыма. На вуліцах працуюць крамы, дзейнічаюць арганізацыі, якія таксама выкарыстоўваюць транспарт.
Генеральным планам прадугледжана далейшае развіццё вулічнай сеткі горада. Напрыклад, скрыжаванне вуліц Барысаўскі тракт і Чуйкова, каля завода шасцерняў плануецца зрабіць у выглядзе кальцавой развязкі. Гэта дазволіць пазбегнуць затораў у гадзіну пік, калі мноства людзей раніцай едзе на працу і ўвечары вяртаецца дахаты.
— Дзе лепяльчане і госці горада могуць пазнаёміцца з генеральным планам?
— У райвыканкаме. Зараз генплан выстаўлены на ўсеагульны агляд і абмеркаванне. Любы жадаючы можа паглядзець, як будзе развівацца, забудоўвацца яго мікрараён, якія камунікацыі мяркуецца пракладваць, якія будынкі ўзводзіць. Акрамя гэтага, можна ўносіць свае прапановы, выказаць сваё бачанне далейшых тэндэнцый развіцця горада. Усе прапановы заносяцца ў асобны журнал. У далейшым яны будуць разгледжаны, абмеркаваны і, калі іх прызнаюць слушнымі, унесены ў генплан і стануць законам, ажыццявяцца.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: Наталля Кляшторная абмярковае генеральны план з галоўным спецыялістам аддзела Ганнай Бяльковіч; квартал новай забудовы па вуліцы Чуйкова.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.