Единый день безопасности в Лепеле объединил и взрослых, и детей

dsc_0036Па ўсёй рэспубліцы прайшлі мэтанакіраваныя прафілактычныя мерапрыемствы па папярэджанні надзвычайных сітуацый, правапарушэнняў і злачынстваў, а таксама навучанні паводзінам ва ўмовах надзвычайных сітуацый, аварый і аказанні першай медыцынскай дапамогі.

dsc_0021Ужо з самай раніцы нагадала аб гэтым паведамленне, якое прыйшло на тэлефон з нумара “101”: “Праводзіцца праверка сістэмы абвесткі. Ніякіх дзеянняў не патрабуецца”. Асабліва гэтым зацікавіліся дзеці, пачалі пытаць, што гэта было за смс-паведамленне.
Задачы Адзінага дня бяспекі — фарміраванне сумеснымі намаганнямі ў грамадстве культуры бяспекі жыццядзейнасці і правядзенне адукацыйна-выхаваўчай работы з падрастаючым пакаленнем.
Лепельскія ўстановы не засталіся ў баку ад важнай справы. Пры садзейнічанні райвыканкама ў выхадны дзень былі разгорнуты пляцоўкі рознымі важнымі службамі, пра якія дзеці павінны ведаць з самага маленства. Канечне, няхай да іх не прыйдзецца звяртацца, але ўяўленне пра іх мець павінны.
dsc_0041Чамусьці адразу накіравалася туды, дзе стаялі вялікія машыны чырвонага колеру. Таццяна Федаровіч, інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Лепельскага РАНС, распавядала дзецям пра правілы пажарнай бяспекі і як дзейнічаць у розных надзвычайных сітуацыях.
— Дзеці, па якім нумары мы выклікаем ратаўнікоў? — задае першае пытанне Таццяна Уладзіміраўна.
— Па нумары “101” альбо “112”, — без сумневу разам пачалі крычаць хлопчыкі і дзяўчынкі.
Крыху, праўда, узніклі складанасці з пытаннем, чым адрозніваюцца гэтыя нумары. Аказваецца, “112” — гэта адзіны нумар Еўропы. Разгледзелі сітуацыю, што адразу трэба рабіць, калі ўзнік пажар, якую інфармацыю трэба паведаміць па нумары.
Асабліва зацікавіў дзяцей мабільны дадатак “МНС Беларусі. Дапамога побач”. У некаторых ён ужо ўстаноўлены ў тэлефоне. Таццяна Федаровіч кожнаму ўдзельніку мерапрыемства падарыла вельмі карысныя кніжачкі з яркімі малюнкамі, дзе расказваецца, як устанавіць гэты дадатак, а таксама як дзейнічаць у розных надзвычайных сітуацыях.
Сама, пагартаўшы, зацікавілася многімі артыкуламі. Што рабіць, калі знікла электрычнасць, разбілі градуснік, запаўзла ў дом змяя, пакусаў сабака і іншыя — 47 розных сітуацый апісана дакладнай і цікавай мовай. Лічу, што такі дапаможнік павінна прачытаць кожнае дзіця.
dsc_0008На гэтай пляцоўцы таксама ўсе пазналі пра пажарны апавяшчальнік, знакі эвакуацыі, паразважалі над магчымым пажарам у гандлёвым цэнтры, пра правілы паводзін у натоўпе, а самыя маленькія складалі тэматычныя пазлы.
Кожны захацеў пабываць у пажарнай машыне, на выратавальнай лодцы, памацаць розныя прадметы для выратавання людзей.
Далей накіроўваюся да міліцэйскай машыны, якая пужае сваім унутраным начыннем. Гэта не просты мікрааўтобус, у якім мы едзем у іншыя гарады. У такіх перавозяць злосных парушальнікаў у выпраўленчыя ўстановы. Як паведаміў начальнік МРЭА ДАІ Лепельскага РАУС маёр міліцыі Мікалай Куранны, у такім транспартным сродку адразу можна перавозіць восем злачынцаў. Па два чалавекі змяшчаюць за двума металічнымі дзвярамі і чатыры — за кратамі. І яшчэ ёсць тры месцы для канваіраў. Адзін выгляд замкоў і металічных рашотак пужае, бачыла такія раней толькі ў фільмах. Зверху размешчана некалькі тумблераў, дзе ўключаюцца зімой — печка, летам — вентылятар.
А вось фельчар хуткай медыцынскай дапамогі ўстановы аховы здароўя “Лепельская ЦРБ” Ганна Федаровіч распавяла дзецям і іх бацькам пра тое, што знаходзіцца ў аўтамабілі. Вельмі цікава было ўсім унутры ўбачыць шмат невядомых прыбораў, якія дапамагаюць ратаваць людзей — такія раней многія не бачылі.
Першае, што выкарыстоўвае медыцынскі работнік, накіроўваючыся да пацыента, гэта ўкладка выязной брыгады хуткай медыцынскай дапамогі. На любы выклік брыгада бярэ з сабой гэтую ўкладку і карыстаецца ёю пры аказанні дапамогі ў салоне аўтамабіля, на вуліцы, у дарозе, у хаце… Я б назвала яе аптэчкай, толькі вельмі вялікай. Ад яе шмат у чым залежаць аператыўнасць, якасць першаснай дыягностыкі і аказання экстранай дапамогі пацыенту.
Адразу побач стаяць кардыёграф, дэфібрылятар, з дапамогай якога можна вярнуць да жыцця чалавека. Заўважыла і кіслародную маску, шыны. Аўтамабіль укамплектаваны так, што ў ім можна аказаць любую хуткую дапамогу і нават прыняць роды. Кожны мог зайсці, памацаць важныя прыборы і ацаніць сітуацыю знутры.
Заўважыла стол з цікавымі вырабамі, зроблены сваімі рукамі. Вазоны з кветкамі, заколкі, талісманы, пасцельная бялізна… Чаго там толькі няма! Такую выставу зрабілі работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў на чале з дырэктарам установы Наталляй Івановай. А яшчэ кожнаму прапаноўваліся буклеты, дзе змешчаны назвы і тэлефоны ўстаноў і арганізацый раёна, якія аказваюць дапамогу грамадзянам, што апынуліся ў складаных жыццёвых сітуацыях. Трэба сказаць, карысны даведнік. Кожнаму была прапанавана памятка, у якой расказваецца пра паслугу часовага прытулку.
Сабраліся гледачы і каля пляцоўкі гаргаза, дзе начальнік Лепельскага раёна газазабеспячэння ПУ “Чашнікігаз” Дзмітрый Буланчыкаў расказаў, якія надзвычайныя сітуацыі могуць здарыцца пры няправільным абыходжанні з газам у побыце. Нагадаў, што не трэба пакідаць газавую пліту ўключанай, неабходна абавязкова зачыняць краны і г.д.
Дзеці з цікавасцю разглядалі прыборы, якімі можна змерыць колькасць угарнага газу ў памяшканні. А яшчэ Дзмітрый Віктаравіч змадэляваў выбух, які можа адбыцца ад уцечкі газу.
Работнікамі ўстановы таксама падрыхтаваны памяткі з карцінкамі здарэнняў, якія адбыліся пры няправільным карыстанні газавымі прыборамі.
У гэты дзень прыйшлі на плошчу выхаванцы сацыяльна-педагагічнага цэнтра разам са сваімі педагогамі. Дзеці з цікавасцю разглядалі розныя машыны, прыборы, уважліва слухалі работнікаў службаў і адказвалі на пытанні. Бачна, што ў цэнтры вядзецца прафілактычная работа, бо на ўсе пытанні паступілі правільныя адказы.
Прадстаўнікі Лепельскага РК ГА “БРСМ” на чале з першым сакратаром Вікторыяй Пшонка таксама актыўна далучыліся да акцыі. Дзяўчаты раздавалі розныя ўлёткі прафілактычнай накіраванасці, расказвалі прысутным пра прафілактыку надзвычайных сітуацый, запрашалі наведаць розныя пляцоўкі.
Увесь час на плошчы гучалі тэматычныя песні — сапраўднае свята падарылі работнікі раённага Дома культуры на чале з Наталляй Івановай. Узнялі настрой гледачам кампазіцыі Ганны Шаркоўскай і іншых артыстаў. Мерапрыемства было не толькі вясёлае, а і карыснае. Дзеці пазналі шмат цікавага пра работу важных службаў і пра тое, як пазбегнуць надзвычайных сітуацый.
Праца з падрастаючым пакаленнем патрэбная і важная. Як паказвае практыка, навучанне з малых гадоў дзяцей асновам бяспекі дае добрыя вынікі. Навыкі, якія дзеці атрымліваюць у такія навучальныя дні, спатрэбяцца ўсюды. Гэта дапаможа ім не разгубіцца ў крытычнай сітуацыі. Акрамя гэтага, дзеці будуць ведаць, як дапамагчы тым, хто трапіў у бяду.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.