Комбайнеры ОАО «Черейщина» работают в экстремальных условиях

img_3786Пад’язджаю да Чарэйшчыны з боку віцебскай трасы. Справа — поле кукурузы. Расліна высокая, гонкая, адразу бачна, што гаспадарка будзе забяспечана сіласам пры ўмове, што надвор’е не падвядзе. А што надвор’е можа прынесці нечаканыя і непрыемныя сюрпрызы, можна пераканацца, зірнуўшы налева. Там поле ячменю, які вырас, выспеў, але з-за дажджоў убраць яго стала вялікай праблемай. Невялікі ўчастак поля ўжо зжаты, але якой цаной! Усе праходы камбайнаў адзначаны глыбокімі каляінамі ў расквашанай дажджамі глебе.
Вось і на гэты раз камбайнеры падрыхтаваліся выязджаць. Меркавалі, што няхай сабе і пахмурнае неба, але дажджу пакуль што не было, магчыма, і ўдасца зжаць некалькі гектараў. Чатыры машыны выправіліся на поле. Аб’ехалі вёску, бо па вуліцы з шырокімі жняяркамі праехаць немагчыма. Заехалі на палетак, але карціна мінулых дзён паўтарылася. Тры камбайны спачатку рушылі па масіве збажыны, але якая ж цяжкая аказалася гэта праца! За кожнай машынай цягнуліся каляіны глыбінёй ледзь не па калена. Урэшце камбайн, які ехаў першым, спыніў працу канчаткова. Механізатары патэлефанавалі на мехдвор, прыехаў магутны трактар з тросам і выцягнуў машыну. Астатнія змаглі выбрацца на дарогу самі. Мехатрад вярнуўся ў майстэрню.
— Хлопцы, а другое нязжатае поле ёсць, дзе камбайн можа праехаць? — задаю пытанне камбайнерам.
— Усе палі з пясчанымі глебамі мы ўжо зжалі, — кажа камбайнер Віктар Гарыслаўка. — Засталіся толькі гліністыя. Увогуле, такіх у нашым наваколлі шмат, пласты гліны даволі магутныя. Такая сітуацыя крыўдная: вырас сёлета багаты ўраджай, каласы доўгія, зярняты налітыя, а зжаць і абмалаціць іх праблематычна.
Дажджлівае надвор’е сапраўды стварае шмат праблем і цяжкасцяў для камбайнераў. Калі збажына нават крыху сырая, яна горш вымалочваецца, недаравальна шмат збожжа высыпаецца міма бункера. У дадатак з-за дажджоў шыбуе ў рост пустазелле, засмечвае палі. У выніку ў бункер разам з зернем трапляюць зёлкі, якія потым цяжка высушыць і адчысціць.
Між тым пад’ехалі на поле дырэктар ААТ “Чарэйшчына” Яўген Судаленка і аграном гаспадаркі Сяргей Ададзюк.
— Ну што, хлопцы, зноў?
— Зноў, ледзьве выбраліся. Што цяпер рабіць будзем? — спытаў Сяргей Плігаўка.
— Давайце паспрабуем працаваць на другім полі, паміж Чарэйшчынай і Усавікамі, — прапанаваў Сяргей Ададзюк. — Там глеба больш лёгкая, магчыма, не так набракла вадой. Павінна вытрымаць камбайн. Прапаную спачатку ехаць адной машынай. Калі яна пойдзе, тады паедуць і астатнія, тут недалёка.
Першым паехаў камбайн Руслана Галая і Андрэя Барысёнка. Астатнія ж чакалі, толькі Аляксандр Пшонка дастаў з кабіны мабільны тэлефон, кажа:
— Калі ўсё добра пойдзе, мне патэлефануюць.
І сапраўды, прыблізна праз дваццаць хвілін прагучаў званок, пасля кароткай размовы механізатары разышліся па камбайнах і таксама паехалі ў бок поля.
На сённяшні дзень ААТ “Чарэйшчына” перасягнула экватар жніва, зерневыя і зернебабовыя ў гаспадарцы ўбраны на больш, як 650 гектарах, што перавышае 55 працэнтаў палёў. Сярэдняя ўраджайнасць складае 32,8 цэнтнера з гектара. Найбольшую ўраджайнасць дало поле азімага трыцікале — 58 цэнтнера з гектара! Астатнія культуры паказалі больш сціплыя вынікі жыта — 31ц/га, азімая пшаніца — 34 ц/га, ячмень — 30 ц/га.
— Нам бы яшчэ тыдзень-другі добрага надвор’я, мы б завяршылі жніво і ўсе сілы перакінулі на азімую сяўбу, — кажа намеснік дырэктара ААТ “Чарэйшчына” Віктар Голубеў. — Кожны дзень гляджу прагноз надвор’я, сёння яшчэ павінен быць дождж. Пакуль няма, а ў бліжэйшыя дні прагназуецца яснае надвор’е. Пабачым…
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.