Елочки подаренные с душой

img_2898Мая гісторыя — пра дабрыню. Менавіта яна перамагае зло і застаецца назаўсёды…

У свой час мы з бабуляй Лідай гаварылі і на гэту тэму. Памятаецца, я паскардзіўся ёй, што на свеце шмат злых людзей. Бабуля прышчурыла задуменна вочы і сказала:
— Іх шмат, але ўсё роўна дабрыні на свеце болей, і яна пераможа.
З Васільеўнай — менавіта так называлі яе і калегі на рынку, і я — раней сустракаліся даволі часта. Калі ў Лепелі заходжу на рынак, ніколі не праміну бабуль, якія гандлююць тут садавінай, гароднінай, ляснымі дарамі, кветкамі і нават шкарпэткамі, што звязалі самі доўгімі зімовымі вечарамі. Люблю я гэтых гандлярак усёй душой. Несамавітыя, па-сялянску простыя, бачу, што надзвычай працавітыя, бо сваімі ж рукамі вырасцілі ўсё гэта багацце і расклалі на прылаўку, па-жыццёваму мудрыя. У іх нават хітрыць не атрымліваецца. Ідзеш і чуеш:
— Капустачку вазьміце. Агурочкі, бачыце, якія прыгожыя, адзін у адзін, а свежанькія, толькі з градачкі, яечкі бярыце, — нахвальваюць жанчыны свой тавар.
— Дзякуй, свае ёсць, — усміхаюся ў адказ.
— Ну, тады хоць кветачкі вазьміце, жонцы падорыце.
Ну, як тут не загаварыць! А загаворыш — і пазнаёміліся. У мяне на тым гандлёвым шэрагу ўжо шмат знаёмых, а з некаторымі нават сябрамі сталі. Пра многіх я ўжо пісаў. У кожнай гандляркі — свой непаўторны лёс.
На жаль, а можа, на шчасце, жыццё не стаіць на месцы. Мае знаёмыя паступова пакідаюць рынак. Прозвішчаў многіх з іх я нават не ведаю. Марыя Антонаўна нечакана рана памерла, а Ларыса Дзмітрыеўна — у даволі пажылым узросце. Кажуць, паехала жыць да дачкі ў вялікі горад. Пасля зніклі з базару бабулі Каця, Зіна, Ніна, Валя (менавіта так іх тут усе называлі). Зінаіда з Нінай, чуў, нядаўна памерлі. І вось ужо не прыходзіць гандляваць і мая Васільеўна. Кажуць, захварэла.
З Лідзіяй Васільеўнай раней мы размаўлялі часта. Праўда, гэта былі кароткія сустрэчы. Бяжыш па пільных справах, спынішся, спытаеш пра жыццё… Бабуля Ліда заўсёды сядзела сярод кветак, не тых, што на клумбах, а хатніх, якія ў вазонах. Прадавала яшчэ і саджанцы вінаграду. Вельмі спрытна атрымлівалася ў яе іх разводзіць. Аднак падчас кароткіх сустрэч мы паспявалі з ёй абмеркаваць шмат надзённых спраў. Мудрая бабуля Ліда. На ўсё мае свой погляд, і гэты погляд абавязкова адметны, абгрунтаваны. Так вось і пазнаёміліся. У свой час я нават быў у яе дома, а потым і пісаў пра яе. Аднак зараз ужо не памятаю ні адрасу, па якім жыве, ні нават прозвішча. Затое памятаю яе дабрыню, шчодрасць і шчырасць.
Аднойчы Лідзія Васільеўна кажа мне:
— А хочаш, Валодзя, я табе падару елачкі?
— Ой, ну, што вы, няёмка неяк. І потым, у мяне елак на агародзе — цёмны лес. Я ж іх люблю і ў свой час пасадзіў нямала. Вялікія выраслі.
— Гэтыя вялікімі не вырастуць, яны дэкаратыўныя. Мы іх дома панскімі звалі: маленькія, а прыгожыя! Я іх з бацькаўшчыны сюды прывезла, размножыліся.
Бабуля Ліда прыезджая, з заходняга раёна. Падарыла яна мне два зялёныя саджанцы. Я іх ля сваёй копанкі дома і пасадзіў. Хуценька прыжыліся, з яе лёгкай рукі пайшлі ў рост. А праз нейкі час Лідзія Васільеўна вырашыла яшчэ і трэцюю “панскую” елачку мне прэзентаваць. Тая была крыху аднабокая, і я пасадзіў яе хібным бокам да сонца. Зноў жа імгненна прыжылася. Вось што значыць з дабрынёю падораная. А зараз выпрамілася, набыла, як і дзве яе папярэдніцы, цёмна-зялёны колер. Прыгажунька мая!
Асабліва радуюць ялінкі ўвесну, калі толькі пачынаюць расці іх маладыя лапкі. Такія ж яны прыгожыя тады, слоў няма! Мяккія, пушыстыя, ласкавыя…
Кажуць, саджаць яліны ля хаты — прыкмета нядобрая. Я чытаў, што нібыта калі елка падымаецца вышэй даху хаты, яе гаспадар памірае. Няпраўда! Мае старыя яліны, пасаджаныя мною яшчэ ў дзяцінстве, ужо даўно выраслі вышэй даху.
Ялінкі ж бабулі Ліды, напэўна, да майго вільчыка не дарастуць. Мабыць, і праўда, што яны нейкія асаблівыя — нізкарослыя, але надзвычай бухматыя і прыгожыя.
Дрэвы — гэта заўсёды добрая памяць. Вось пакінула рынак бабуля Ліда — і болей ужо не з’яўляецца на сваім звыклым месцы ў гандлёвым шэрагу. Гады бяруць сваё, здароўе падводзіць. І мы ўжо не маем магчымасці болей, прыпыніўшыся ў імклівым жыцці, пагаварыць з ёй пра звычайныя справы. Аднак растуць, прыгажэюць ялінкі, кожны дзень нагадваючы мне пра гэтага добрага і мудрага чалавека. Елкі — дрэвы вечназялёныя, а зеляніна — гэта маладосць. І таму побач з елкамі сам маладзееш душою. Вось чаму мне яны так падабаюцца.
А наконт таго, што дабрыня ўсё роўна мацней, чым зло, Лідзія Васільеўна, напэўна, мела рацыю. Вось мы жывем у вечнай спешцы, імкнёмся як мага больш зарабіць… Падарыла мне бабуля Ліда елачкі — і тым самым сама сабе падарунак зрабіла. Вось і я прыгадаю яе некалі праз гады добрым словам, а пасля мяне ўспомняць іншыя. Аднак гэта будзе праз гады. А зараз пажадаю Лідзіі Васільеўне як найхутчэй паправіцца і зноў заняць годнае месца ў шэрагу рыначных гандляроў. Неяк пуставата зрабілася на прылаўку без яе вінаграднікаў, прыгожых кветак.
Вы ж, елачкі, тым часам расціце зялёныя і прыгожыя! Вам яшчэ жыць і жыць!
Міхась ВАЛОХА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.