Инцидент в Старом Лядно

1155a5ed-f740-403f-9841-d213eb8560fd У вёсцы Старое Лядна адбылося здарэнне, якое адразу ж стала абрастаць самымі неверагоднымі чуткамі і плёткамі. Маўляў, нападалі злачынцы ледзьве не з кулямётамі. Мужная жанчына не спасавала, адбівалася як магла. Рабаўнікі, адступаючы, вынеслі здабычу – тысячы долараў, еўра і кілаграмы золата, а заадно разламілі агароджу. Пацярпелая Людміла Стэльмах пагадзілася распавесці пра тое, што адбылося, карэспандэнту.

— Людміла, успомніце, калі ласка, як усё адбывалася.
— Як заўсёды, раніцай, да сямі гадзін я павезла мужа на працу ў ваенны санаторый. Выехалі ў 6.55, прыехалі ў 7.00, па радыё ў машыне давалі сігналы дакладнага часу. У 7.05 я вярнулася дахаты. Калі пад’язджала да двара, якраз скончыўся выпуск навін і прагноз надвор’я. Дом стаіць не адразу каля дарогі, а ў глыбіні ўчастка, да яго вядзе дарожка. На ёй у святле фар убачыла двух мужчын, якія адыходзілі ад дома. Прыблізна на сярэдзіне дарожкі мы параўняліся, я прыпынілася. Адбыўся кароткі дыялог.
— Стэльмахі тут жывуць?
— Так, я Людміла Стэльмах.
— Тады мы пойдзем за дакументамі і зараз падыдзем.
Тут трэба даць некаторае тлумачэнне. Людміла ўжо 18 гадоў працуе страхавым агентам Белдзяржстраху. Усе мясцовыя жыхары гэта ведаюць. Калі трэба застрахаваць машыну, карову, дом, хатнюю маёмасць, пабудовы, часцей не едуць у Лепель, а ідуць непасрэдна да яе дадому або стэлефаноўваюцца і дамаўляюцца аб сустрэчы ў іншым зручным месцы. Людміла тут жа афармляе страхавы поліс, прымае аплату, выдае квітанцыю, а раніцай, едучы на працу, адразу заязджае ў банк і здае выручку. Такі стыль працы, накіраваны на максімальную зручнасць для кліентаў, прывычны для ўсіх, хто займаецца страхаваннем. Таму жанчына напачатку ніколькі не здзівілася, што да яе завіталі.
Распавядае далей:
— Яны скіраваліся на вуліцу, а я тым часам пайшла ў дом. Яшчэ падумала, што не хутка прыйдуць, бо машыны побач не было, дзе ў іх тыя “дакументы”? Аднак калі яны літаральна праз хвіліну адчынілі дзверы і зайшлі, здзівілася толькі крыху.
— Вы іх разгледзелі?
— Гэта былі маладыя людзі гадоў па 20-22. Астатняе я распавяла ў міліцыі пазней.
— Што далей адбывалася?
— Зайшлі двое. Я ім кажу: “Праходзьце на кухню, сядайце”. Па-мойму, на долю секунды яны нават разгубіліся. Раптам у руцэ аднаго з іх я заўважыла нож. На галаве ў яго была вязаная шапка. Рэзкім рухам ён нацягнуў яе на твар — атрымалася балаклава (галаўны ўбор, які цалкам закрывае твар, застаюцца толькі дзіркі для вачэй і рота).
У мяне ў галаве пранесліся тысячы думак, але першай эмоцыяй, як ні дзіўна, стала не боязь, а злосць, нянавісць. Мяне ў маім доме нейкія малакасосы, смаркачы будуць палохаць ды рабаваць?! Накрыла мяне хваляй рашучасці адбівацца, супраціўляцца да краю. Хаця, шчыра кажучы, па жыцці я зусім не смелы чалавек, хутчэй наадварот. Закрычала: “Ідыёты! Што вам патрэбна?! Што гэта за цырк вы тут учынілі?! Малакасосы! Дома мама і муж! Міша! Хутчэй ідзі сюды! Тут нейкія!…”
Убачыўшы, што справа набірае зусім не тыя абароты, на якія разлічвалі, маладзёны сіганулі з дому. Я хутчэй замкнула дзверы і выклікала міліцыю. Выклік пайшоў у 7.14.
Міліцыянеры прыбылі даволі хутка.
Намеснік начальніка РАУС Аляксандр Калінічэнка паведаміў:
— Па-першае, скажу, што пацярпелая дзейнічала правільна, рашуча. Яна збянтэжыла нападнікаў і вымусіла іх уцякаць ні з чым. Са свайго боку міліцыя, супрацоўнікі крымінальнага вышуку робяць усё магчымае для пошуку. Арганізавана следча-аператыўная група, якая збірае і аналізуе ўлікі, рэчавыя доказы. Ёсць апісанні падазроных, некаторыя прыкметы. Не буду раскрываць усіх таямніц. Пакуль праводзяцца следчыя дзеянні, ніякай іншай інфармацыі даваць не можам. Калі будуць вядомыя дадатковыя звесткі, мы абавязкова вам паведамім.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.