Кабінет фізікі… ў падарунак атрымала лепельская гімназія

OLYMPUS DIGITAL CAMERAЯк паведаміла намеснік дырэктара гімназіі Ірына Быкава, іх навучальная ўстанова брала ўдзел у дзяржаўнай праграме па абсталяванні кабінетаў фізікі. Настаўнікі фізікі пабывалі ў Мінску на выставе сучасных кабінетаў для навучання. У выніку сярод сямі іншых па вобласці наша гімназія атрымала ў падарунак цалкам укамплектаваны кабінет фізікі коштам прыкладна 380 мільёнаў рублёў, альбо сорак тысяч долараў. Сродкі на новы кабінет выдаткаваны з рэспубліканскага бюджэту. З мясцовага будзе толькі аплачана работа па яго абсталяванні.
Заходзім у кабінет, дзе ўжо часткова зманціравана мэбля.
— Завезена трынаццаць спецыяльных сталоў, да якіх неўзабаве будзе падключана неабходнае электраабсталяванне, плюс дэманстрацыйны стол настаўніка, — распавядае і паказвае лабарант кабінета Ігар Кузьміч, — два камплекты шафаў з секцыямі і антрэсолямі па сем штук у кожным — для класа і лабаранцкага пакоя, дэманстрацыйная панэль для мацавання наглядных дапаможнікаў, мультымедыйны праектар, камп’ютар-“тройка”, машына для паказу доследаў па статыцы электрычнасці, святлафільтры, камплект класных дошак (звычайныя і інтэрактыўная) і ўвесь набор абсталявання для лабараторных работ — камертон, асцылограф і г.д. Усяго 250 найменняў рознага абсталявання.
Штосьці з гэтага ўжо завезена, штосьці яшчэ чакаюць атрымаць у бліжэйшы час. На сцяне ўжо красуецца вадкакрышталічны экран на 42 дзюймы айчыннага тэлевізара “Гарызонт”.
Пакуль жа паступіць астатняе абсталяванне кабінета, лабарант і двое рабочых збіраюць мэблю. Абсталяванне падключаць спецыялісты з фірмы “Глобус”. Мэбля выраблена ў індустрыяльна-педагагічным каледжы ў Мінску.
У гімназіі лічаць, што такі падарунак яны па праве заслужылі, штогод рыхтуючы прызёраў раённых алімпіяд. Аляксей Гапееў удзельнічаў у абласной алімпіядзе па фізіцы і прывёз адтуль дыплом ІІІ ступені. У гімназіі працуюць трое выкладчыкаў фізікі — Алена Цалуйка, Людміла Качан і Валянціна Ерашова, якая будзе загадваць новым кабінетам. Неўзабаве яны паедуць на рэспубліканскі семінар па рабоце з новым абсталяваннем кабінета фізікі.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: лабарант Ігар Кузьміч дэманструе мэблю новага кабінета фізікі.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.