Комбайнеры за день успевают намолотить от семи до десяти бункеров

img_0956— Добры дзень, дзе сёння працуюць вашы камбайны? — задаю пытанне галоўнаму аграному ААТ “Чарэйшчына” Ігару Парахоньку.
— Да адзінаццатай гадзіны пад’язджайце да Усавікаў, яны будуць жаць трыцікале. Раней прыязджаць не мае сэнсу. Пакуль сонца не падымецца і не высушыць капітальна збажыну, камбайнам няма чаго рабіць на полі.

Ранішні час механізатары, як заўсёды, выкарыстоўваюць па максімуме. У першую чаргу прачышчаюць рэшаты і транспарцёры, пераглядаюць клавішы. Абавязкова трэба змазаць валы, праверыць узровень масла ў рухавіку, каробцы перадач. Вядома ж, трэба правесці бягучы рамонт: падкляпаць сегменты, замяніць зношаныя падшыпнікі, рамяні. Адным словам, працы хапае кожную хвіліну.
Пасля рэгламентных работ усе чатыры камбайны а дзясятай гадзіне выехалі з мехдвара. Следам за імі рушылі і два МАЗы для адвозу збожжа.
А адзінаццатай гадзіне рэдакцыйная машына заязджала ва Усавікі. Па дарозе аглядаў палі. На большасці ўбраная не толькі збажына. Салома не ляжыць у валках, а адразу, пакуль сухая, скручваецца. Палі закладзены рулонамі, а на некаторых яны ўжо сабраныя ў сцірты — глеба гатовая для пераворвання. Пасля ворыва на палетках можна сеяць азімыя культуры або пакідаць іх пад сяўбу яравую.
Патрэбнае поле знайшлі дзякуючы пажарнай машыне. Чырвоныя барты былі бачныя здалёку. Агняборцы прыпыніліся на ўскрайку поля і пільна сачылі за тым, як чатыры камбайны працавалі.
Адразу звярнуў увагу на контурнасць поля. Гэта на Палессі палі роўныя як стол ад гарызонту да гарызонту па 200, 300, 400 і больш гектараў. Поле ж каля Усавікаў было тыповым для Лепельшчыны: агульная плошча каля пяці гектараў, крывыя краі паўтараюць рэльеф мясцовасці, пасярод поля вымачкі, дрэвы-пералескі, кусты, пагоркі. Што яшчэ забыў? Вядома ж, камяні — біч лепельскіх палеткаў. У СВФ “Заазер’е” правільна робяць, выбіраюць для новага імпартнага камбайна самыя шырокія палі, роўныя. На пагорку ж такому камбайну давялося б вельмі цяжка і нязручна, адзін край 11-метровай жняяркі вісеў бы над масівам збажыны, а другі зарываўся б у зямлю. Таму выкарыстанне камбайнаў меншых габарытаў, такіх як айчынныя КЗС-1218 і КЗС-10, цалкам апраўданае.
Камбайн зжаў загонку, разварочваецца, прыпыніўся на нейкія імгненні, якія я выкарыстаў, падняўся на мосцік. За штурвалам стары знаёмы Віктар Барысёнак, памочнікам у яго Арцём Шышкароў. Мужчыны дазволілі праехаць з імі пару кругоў, адчуць, што такое праца на камбайне. У кабіне, хоць і халаднавата, аднак адразу адчуваецца, што гэта не легкавая машына, а створана для цяжкай, адказнай працы. Нягледзячы на гукаізаляцыю, каб пагаварыць, даводзіцца перакрываць гул рухавіка і абмалотных механізмаў.
— Нешта трыцікале не надта густое, — заўважаю.
— Так, — пагаджаецца камбайнер, — бывалі палеткі з больш прыгожай збажыной, дзе глебы не відаць за каласамі. Аднак і гэтае поле трэба ўбіраць. Затое яно чыстае, пустазелле толькі дзе-нідзе паказваецца. У бункер сыплецца чыстае збожжа, без зёлак. Праўда, на такім полі даводзіцца даўжэй паездзіць, каб поўны бункер насыпаць.
img_0949Неўзабаве ён і запоўніўся, у кабіне запішчаў сігнал. Камбайнер выводзіць машыну з масіву, адстаўляе выгрузны шнэк. Пад разгрузку пад’язджае МАЗ Сяргея Кузьмічонка. Мужчына, можна сказаць, не тыповы для калгаса кіроўца. Якім мы прывыклі бачыць прадстаўніка гэтай прафесіі? У замасленай спяцоўцы, летам, па прычыне спёкі, у шортах або спартыўных штанах, майцы. Сяргей Сцяпанавіч заўсёды ахайна апрануты. Канешне, калі здараецца рамонт, ён апранае чыстую спяцоўку, якая хутка становіцца замасленай.
Бункеры напоўнілі ўсе чатыры камбайны, таму пад выгрузку сталі ўсе разам. Натуральна, адзін МАЗ Сяргея Кузьмічонка не прыняў бы ўсё збожжа. Другім быў МАЗ Руслана Галая. Пад час выгрузкі перайшоў на мосцік другога камбайна. На ім працуе сямейны экіпаж, тату Сяргею Плігаўку дапамагае сын Віталь. Хлопец на камбайне працуе першы сезон.
— Віталь, як вам праца? Часта рукі па локаць у мазуце бываюць?
— Не часта. Зараз во, бачыце, рукі чыстыя. Аднак, калі пачынаецца рамонт, даводзіцца вымазвацца.
Віталь перайшоў на другі курс Полацкага каледжа. На канікулах, каб не сядзець дома, пайшоў дапамагаць бацьку. Дома засталіся яшчэ адзін сын і маленькая дачушка.
— Поле, здаецца, апрацавана нядрэнна, каляін няма… — Звяртаюся да Сяргея Плігаўкі.
— Гэта яшчэ не самая высокая якасць. Увесну пад піўны ячмень поле апрацоўвала тэхніка, прыкамандзіраваная з інтэграванай структуры ААТ “Віцебскі мясакамбінат”, трактар К-744 з імпартным культыватарам. Вось дзе якасць! Глеба роўненькая, як стол. Увесну ўзрыхліў і выраўняў зямлю так, што нават цяпер, у сярэдзіне лета, камбайн па полю ехаў як па нітачцы, нідзе не скалыхнуўся.
— Поле ў вас, бачу, вельмі зрэзанае…
— Не тое слова! Пакуль бункер намалоціш, столькі рулём накруцішся. Даводзіцца манеўраваць, аб’язджаючы кусты, дрэвы, вымачкі. Бачыце, дзе трапляюцца плямы пустазелля, гэта і ёсць былыя вымачкі, мясціны, куды з-за павышанай вільготнасці не магла дабрацца тэхніка.
Для запаўнення бункера камбайну трэба працаваць амаль гадзіну. Такім чынам, камбайнеры за дзень паспяваюць намалаціць ад сямі да дзесяці бункераў. Працоўны дзень доўжыцца да дзевяці гадзін вечара, пакуль не выпадзе раса. Камбайнеры цалкам забяспечаны спецвопраткай, гарачым харчаваннем. А самае галоўнае — кожны работнік на полі, на сушыльным комплексе, на аўтамабілі ведае, за што працуе. Перад пачаткам уборачнай кампаніі кожнаму быў уручаны ліст з расцэнкамі, дзе ўказаны нормы выпрацоўкі і аплата. Механізатары кажуць, што з пачатку года расцэнкі аплаты працы не нашмат, але павысіліся. Што немалаважна, сёлета затрымак з выплатай заробку не было, усё аддавалася своечасова.
Праехаўшы чарговы круг, развітаўся і саскочыў з мастка камбайна…
Васіль МАТЫРКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.