«Кубак правінцыі»

552Правінцыя — не геаграфічнае становішча, а стан душы. Можна жыць у “глыбінцы” і адчуваць сябе ў эпіцэнтры, а можна і ў сталіцы быць правінцыялам. Вось, напрыклад, Віктар Радзько, які стаў па сутнасці “хросным бацькам” інтэлектуальнага руху ў асяродку дзяцей і моладзі, назваў галоўныя інтэлектуальныя спаборніцтвы году “Кубкам правінцыі”, ніколькі не камплексуючы перад паняццем правінцыйнасці. Якая правінцыя, калі ў Лепелі створаны інтэлектуальны цэнтр, і на штогадовы “Кубак правінцыі” з’язджаюцца юныя інтэлектуалы не толькі з нашай вобласці, але і з Мінску!
Сёлета — сямнаццаты турнір. Сямнаццаць гадоў існуе на Лепельшчыне маладзёжны інтэлектуальны рух. Віктар Мікалаевіч расказвае, што першы турнір прайшоў другога снежня 1997 года ў межах абласнога спаборніцтва і пры актыўнай падтрымцы Сяргея Кухто, які зараз працуе на рэспубліканскім тэлебачанні. Праводзіўся ён на антыСНІДаўскую тэматыку. Удзельнічалі каманды з сямі гарадоў. У гэты час сам Віктар Радзько працаваў у структуры раённага камітэта ГА “Беларускі патрыятычны саюз моладзі” і па сумяшчальніцтве вёў гурток у цэнтры дзіцячай творчасці. Клубам інтэлектуалаў “РА” гурток стаў у 2004 годзе. Першыя філіялы з’явіліся ў СШ №1 і №3. Гэта — з гісторыі, а зараз — пра сённяшні дзень.
Вялікая зала РДК ледзьве змяшчае ахвочых паспаборнічаць у інтэлектуальнай гульні. Дзіва што! Прыехалі трыццаць тры каманды, дакладней, сабраліся, бо прыехала з іншых гарадоў вобласці і рэспублікі дваццаць адна каманда, і дванаццаць лепельскіх удзельнічаюць у турніры. Адрасы юных інтэлектуалаў — Мінск, Віцебск, Полацк, Смалявічы, Лагойск, Новалукомль, Міёры, Гарадок, Чашнікі, Фарынава. Геаграфія дзвюх абласцей. Кажуць, быў час, калі прымалі трыццаць дзевяць каманд. Аднак практыка паказала, што аптымальна зала можа змясціць на гульні не болей як трыццаць тры. Давялося правесці “аптымізацыю”.553
…Гучыць гімн гульні ў выкананні вакальнай студыі “Капі­тошка”, якой кіруе Марыя Шумель. Як высветлілася, сёлета гімн выконваецца ўпершыню. А напісала яго дзяўчына з… Новасібірску. Ганна Кротава працуе ў Новасібірскім музычным тэатры і з’яўляецца аўтарам гімну, напісанага для дзіцячых Алімпійскіх гульняў. Арганізатары лепельскага турніру скантактаваліся з ёю ў інтэрнэце.
І вось распачынаецца інтэлектуальны паядынак, да драматызму востры і па-сапраўднаму захоплены. Атмасфера творчага спаборніцтва “ўзвінчвае” падлеткаў, кружыць галаву. Сапраўдны бенефіс розуму! Вялікі экран мультымедыя бліскуча дапамагае арганізаваць гульню. Элегантна, у стылі лепшых узораў тэлевізійных паядынкаў знатакоў выглядаюць вядучыя. Сем конкурсаў, амаль шэсць гадзін напружанай інтэлектуальнай працы… Выдатная трэніроўка і для памяці, і для зрокавага ды слыхавога ўспрыняцця. Іспыты на кемлівасць, эрудыцыю, рэакцыю. Бліскучы паядынак капітанаў. Медыяазбука — конкурс у цікавым музычным суправаджэнні, арганізаваным з дапамогаю мультымедыя­ўстаноўкі. Хочаце ведаць, колькі дзяцей было ў кампазітара Баха, калі пачынаецца ў Польшчы навучальны год, колькі сузор’яў у паўночным паўшар’і, колькі чалавек высаджваліся на месяцы, колькі альбомаў у групы “Бітлз”, якая грузазмяшчальнасць “БелАЗу” — удзельнічайце ў турніры знаўцаў.
Дарэчы, сёлета ўпершыню юным знаўцам наўпрост задавалі пытанні інтэлектуалы з розных гарадоў свету — Філадэльфіі, Дрэздана, Бруселю і іншых. Пытанні далёка не просценькія.
Раз-пораз прыходзіла думка, ці не перастараліся арганізатары турніру, начынне якога часам выглядала вельмі ж па-даросламу. Бо часам і сталаму чалавеку пытанні здаваліся надта складанымі.
Пасля гульні сярод іншых задам і такое пытанне Віктару Радзько. Ён адкажа ўсмешкаю і — лічбамі:
— Каманда-лідар турніру са ста дзесяці пытанняў правільна адказала на семдзесят восем.
Адно шкада, беларуская мова прысутнічала на турніры знаўцаў хіба што ў фармаце аднаго з конкурсаў ды і то ў якасці асобнага звяна. Інтэлектуалы ламалі галаву, што азначаюць беларускія словы швэдар, панчоха, кашуля і г.д. Хацелася б, каб беларускамоўнае поле інтэлектуальнай гульні пашыралася і дзеці маглі не толькі разгадваць просценькія моўныя “рэбусы”, але і свабодна “інтэлектуаліць” па-беларуску.
І, нарэшце, вынікі гульні.
Вось каманды — абсалютныя чэмпіёны па ўзроставых катэгорыях: у старэйшай (юніёры) —“Brainstorm” (Полацк), у сярэдняй (ювеналы) — “Ин-прайд”, у малодшай (міні) — “Ниагара”. Каманда “Иггдрасиль” стала лепшай па блоку “Эрудыцыі”. Акрамя полацкай, усе астатнія каманды з Лепеля. Капітаны нашы — Марк Радзько, Стэфанія Пазняк, Яўгенія Санько. Цікава, што каманда “Ин-прайд” стала абсалютным пераможцам турніру сярод усіх узроставых катэгорый і атрымала пуцёўку на фінал кубка краіны сярод ювеналаў, які пройдзе ў Мазыры ў маі 2015 года. Прыемна!
Апрача медалёў, удзельнікі атрымалі яшчэ і каштоўныя падарункі: старэйшыя — фотаапарат, сярэднія — флэшкі, малодшыя — акустычныя калонкі. Каштоўны падарунак ад райвыканкама — ноўтбук — атрымаў і нязменны на працягу сямнаццаці гадоў арганізатар інтэлектуальнага рынгу Віктар Радзько. Былі і салодкія прызы, аб якіх паклапацілася ГА “БРСМ”.
Чарговыя спаборніцтвы ў Лепелі засведчылі, што інтэлектуальны рух у нашым рэгіёне мацнее і набірае сілы.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: непаўторныя імгненні інтэлектуальнага паядынку.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.