Лепельскіх вуліц назвы адметныя

386 За працяглы час існавання і развіцця Лепеля ўзнікла больш за 150 вуліц, завулкаў, трактаў, якія звязваюць кварталы горада ў ­адзінае цэлае, маюць выхад да надзейных шляхоў зносін з суседнімі раёнамі Віцебскай вобласці, з абласнымі цэнтрамі і Мінскам. На працягу апошніх дзесяцігоддзяў створаны або працягваюць фарміравацца гарадскія мікрараёны Пясчанка, Садовы, Плінтоўка, Залінейны, Бяленіца, Зялёнка, Поў­дзень-1, Поўдзень-2. Кожны мікрараён займае пэўную тэрыторыю, мае свае тапаграфічныя адметнасці. Гэта ўплывае на характар назваў многіх вуліц, паходжанне якіх цікавіць многіх лепяльчан.
Частка вуліц абавязана сваім з’яўленнем савецкаму мінуламу, вядомым палітычным і дзяржаўным дзеячам, удзельнікам Грама­дзянскай вайны: Ленінская, Маркса, Энгельса, Кірава, Дзяржынскага, Бу­дзённага, Лазо, Савецкая, Першамайская, Піянерская, Камсамольская і інш. Цікавай з’яўляецца назва Мопраўскага завулка (ад скарочанага слова МОПР — Міжнародная арганізацыя дапамогі барацьбітам рэвалюцыі, што існавала ў 1922 — 1947 гг.)
У сувязі з 70-годдзем з часу Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне з асаблівай увагай успомнім абаронцаў Айчыны, у гонар якіх былі названы лепельскія вуліцы. Гэта Героі Савецкага Саюза І. М. Ерашоў, М. М. Тамашэвіч, І. М. Туфтаў, П. У. Ялугін, А. Ф. Данукалаў, У. Е. Лабанок, Ф. Ф. Дуброўскі, поўны кавалер ордэна Славы Ф. П. Занько і інш.
Услаўлены імёны воінаў-інтэрнацыяналістаў І. Нападоўскага, І. Салаўёва, С. Спірыдо­віча. Сёння можна прайсціся па вуліцах Т. Кляшторнага, Я. Купалы, Я. Коласа. Заслугоўваюць ушанавання, на мой погляд, імёны нашых землякоў В. Быкава, Р. Барадуліна.
Зробім далейшае віртуальнае падарожжа па карце горада. З якой увагай, дасціп­насцю жыхары мікрараёнаў прыглядаліся, заўважалі непаўторныя тапагра­фічныя асаблівасці мясцовасці, даючы вуліцам назвы Палявая, Лугавая, Лясіс­тая, Паркавая, Сонечная, Зялёная, Вясенняя або Бярозавая, Рабінавая, Каштанавая. У мікрараёне Пясчанка ў некаторым аддаленні ад возера Святое знайшлі сваё месца вуліца Берагавая і чатыры аднайменныя завулкі, у напрамку да возера Проша — ву­ліца Азёрная, на поў­дзень ад Лепельскага возера — Азёрны завулак. У мікрараёне Садовы ўздоўж ракі Эсы праходзяць вуліцы Эсенская, Набярэжная Эсы, а каля былой плаціны вадзянога млына — два Мельнічныя завулкі.
Некаторыя назвы вуліц пачалі складвацца яшчэ ў 1920-я гады, калі была пабудавана чыгунка Орша — Лепель. Тут пазней цэлы гарадскі мікрараён атрымаў назву Залінейны (за чыгуначнай лініяй), у якім тры вуліцы Залінейныя, дзве Станцыйныя, дзве Дэпоўскія. Часам накірункі дарожных шляхоў указваюць самі назвы: Полацкі, Барысаўскі тракты, Віцебская, Мінская вуліцы, Аршанская вулі­ца і шаша.
З кожным годам Лепель пашыраецца, расце, ствараюцца новыя вуліцы. Аднак радуюць вока толькі чыстыя, упарадкаваныя дарогі. Жыхары горада павінны са­дзейнічаць гэтаму, каб нашыя родныя мяс­ціны былі больш прывабныя як для лепяльчан, так і гасцей горада.
Ілья ЯНУШ,
краязнавец.

One thought on “Лепельскіх вуліц назвы адметныя

  • 29.03.2015 в 8:32 пп
    Permalink

    Даже не знала, что у нас есть улицы Вясновая, Рабинавая…

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.