Лепельскія курсанты

У ваенны камісарыят сёлета паступілі 17 заяў ад выпускнікоў школ аб жаданні вучыцца ў ваенных навучальных установах і на ваенных факультэтах цывільных ВНУ. Раённая медыцынская камісія аднаго кандыдата не прызнала годным па стане здароўя. Астатнія накіраваны на медкамісію ў абласных медыцынскіх установах. Як паказвае практыка, самым галоўным выпрабаваннем пры паступленні ў ваенныя навучальныя ўстановы і на ваенныя факультэты становяцца менавіта медыцынская камісія і выпрабаванні па фізкультуры.
Сярод лепельскіх прэтэндэнтаў ёсць адна дзяўчына, якая выразіла жаданне паступаць у Інстытут пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.
Сярод навучальных устаноў лідзіруе Ваенная акадэмія, трое лепяльчан будуць спрабаваць свае сілы пры паступленні на разведвальны факультэт гэтай ВНУ. Некалькі гадоў таму сярод лепельскіх абітурыентаў быў вельмі папулярны факультэт сувязі. Сёлета туды мяркуюць падаваць заявы толькі лепяльчане.
Сярод ваенных спецыяльнасцяў прыярытэтам карыстаецца медыцына, чацвёра выпускнікоў школ Лепельшчыны мяркуюць паступаць на ваенны факультэт Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Адзін прадстаўнік нашага раёна сёлета праявіў жаданне вучыцца ў Расіі, у Ваеннай акадэміі матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.