Лепшы падворак

408Пасля некалькіх тыдняў невыноснай летняй спёкі, калі тэмпература паветра ўдзень трымалася пераважна на ўзроўні больш за 30 градусаў цяпла, нарэшце, прайшлі ліўневыя дажджы, якія прынеслі з сабой прахалоду, удосталь напаілі расліны доўгачаканай вільгасцю. Адразу ўсё наўкол зазелянела, расквецілася рознакаляровымі фарбамі. Асабліва прыгожа стала выглядаць у гэты час вясковая сядзіба сям’і Прывада па вуліцы Маладзёжная ў Пышне. Белыя, чырвоныя і блакітныя бутоны кветак зазіхацелі ў падвешаных гаршочках між вокнамі жылой пабудовы і на поручнях веранды, запоўнілі сабой усю прастору перад уваходам у дом, павольна гайдаліся пад лёгкімі павевамі ветру. Калі ж гаспадары запрасілі прайсці крыху далей па дваровай тэрыторыі, каб можна было пабачыць абуладкаванне ўсяго прыся­дзібнага зямельнага ўчастка, там таксама дзе-нідзе, між роўнымі радамі градак з разнастайнай гароднінай заўважыў купіны рознакаляровых кветак, якія стваралі прыемнае, гарманічнае аздабленне навакольнага добраўпарадкаванага ландшафту.
Потым Сяргей Іванавіч і Зінаіда Уладзіміраўна з задавальненнем прадэманстравалі добра дагледжаныя зарасці клубніц і чырвоныя гронкі садовых суніц, якія пладаносяць з ранняй вясны і да глыбокай восені. Уразілі і шырокія дзялянкі з цыбуляй, агуркамі, памідорамі. Знайшлося тут месца і для яблынь, якія глыбока ўкараніліся ў зямлю і выцягнуліся ў вышыню такім чынам, што не зацяняюць іншыя расліны, не перашкаджаць іх росту і плоданашэнню.
Асобна на зямельным участку размясціўся парнік памерам чатыры на шэсць метраў, прызначаны для вырошчвання памідораў. Ён не плёначны, а зашклёны, што дазваляе выкарыстоўваць яго на працягу многіх гадоў, не праводзячы амаль ніякіх рамонтных работ у міжсезонны перыяд.
— Акрамя разнастайнай садавіны і гародніны, на значных плошчах вырошчваем збожжавыя культуры і бульбу — усяго выкарыстоўваем пад ворыва адзін гектар зямлі, — паведаміў Сяргей Прывада. — Для гэтага маем трактар “Т-25” і ўвесь неабходны для яго прычапны інвентар. Тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў мне хапае, каб працаваць з сельскагаспадарчай тэхнікай — як-ніяк больш за дваццаць гадоў адпрацаваў вадзіцелем аўтамашыны ў мясцовым калгасе “Чырвоны партызан”.
— Якую трымаеце жыўнасць?
— Карову і цяля. Быў час, калі даглядалі нават тры-чатыры каровы, але ўзрост і сілы ўжо далёка не тыя, каб маглі справіцца з такой вельмі вялікай гаспадаркай. Таму ў апошні час усё звялі да мінімуму. Нават курэй цяпер у нас налічваецца ўсяго адзін дзясятак.
Непрыкметна гутарка зайшла пра дзяцей, іх дапамогу бацькам. Зінаіда Ула­дзіміраўна распавяла, што іх сыны Ілья і Дзмітрый — першыя памочнікі па гаспадарцы. Тым больш, што абодва яны ўжо дарослыя. Ілья закончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, працуе інжынерам цепласетак у Віцебску, а Дзмітрый пасля завяршэння навучання ў Лепельскім дзяржпрафліцэі ў хуткім часе будзе прызваны на тэрміновую службу ў армію.
— Старэйшы сын Ілья, калі яшчэ вучыўся ва ўніверсітэце, рэгулярна прыязджаў да нас у госці, і, нягледзячы на стомленасць ад вучобы і дальняй дарогі, заўсёды перш за ўсё спяшаўся дапамагчы нам управіцца па гаспадарцы і толькі потым адпачываў, — сказала Зінаіда Прывада. — Ніколі не забывае своечасова прыкласці свае рукі, прыйсці нам на дапамогу і малодшы сын Дзмітрый.
— Застаецца час на адпачынак?
— Звычайна не хапае часу таму, хто лайдачыць. А той, хто заняты справай, заўсёды знойдзе час і на адпачынак. Тым больш, што на ўзбярэжжы возера Доўгае ў нас ёсць асобнае добраўпарадкаванае лецішча, каля якога нават зладкаваны лодачны прычал. А каб можна было дабрацца туды ці ў нейкія іншыя аддаленыя месцы, набылі легкавую аўтамашыну французскай вытворчасці “Рэно”.
— Ці заахвочваюць за такую рукатворную прыгажосць?
— Летась праводзілася свята вёскі Пышна. Наш падворак быў прызнаны адным з лепшых у населеным пункце. За гэта мы былі ўзнагароджаны каштоўным падарункам — газонакасілкай, якую ўрачыста ўручыў старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Місюра.
Мікалай ГАРБАЧОЎ.
На здымку: добры ўра­джай памідораў вырасцілі сёлета ў сваім парніку Зінаіда і Сяргей Прывады.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.