Вясковая руплівіца

4 ліпеня 024Бабуля падалася нейкай жа надта стомленай. Зрэшты, чаму я кажу “бабуля”? Можа, Галіне Пятроўне і не спадабалася б. Яна заўсёды па жыцці была, як кажуць, вярхом на кані, а тут… бабуля. Аднак калі ты стабільна на восьмым дзясятку і калі цябе ўжо даглядае ўнучка, то няма чаго маладзіцца, а трэба адэкватна ўспрымаць свой узрост.
Ды Галіна Пятроўна і не супраць. Што там казаць: і састарэла, і хваробы данялі. Проста старэць вунь як не хочацца…
А была маладая, а была на грэбні жыцця… Галіна Яско — з той непахіснай гвардыі камуністаў, якія не толькі верылі ў ідэю, а і ахвяравалі ўласным дзеля спраў грамадскіх.
— А як было з уласным агародам, — пытаюся, — калі вы загадвалі комплексам? Хто яго даглядаў?
— А як прыйдзецца, — махнула рукою мая суразмоўца. І стала зразумела, што для яе і сапраўды грамадскае было важней за асабістае.
Было… А зараз стамілася. Дзіва што стомішся, спаткаўшыся на жыццёвым шляху з вайною, перажыўшы нястачу і нягоды, пахаваўшы дзяцей.
У вайну, праўда, была настолькі маленькая, што і не памятае амаль. Расказвае, што бацька быў на той вайне ці не ад самага пачатку. Скардзіцца, што пакуль у лазні мыліся, партызаны вывезлі апошняе з хаты. Сям’я засталася ні з чым. Менавіта вось так — катэгарычна. Яна заўсёды ў жыцці была катэгарычнай і выказвалася адназначна. Ці ўсім тая катэгарычнасць падабалася!
Пяцёра дзяцей у сям’і. Аднак яе бацькі ля дому не трымалі, далі магчымасць вывучыцца. Вось і вучылася — чатыры класы ў Чарнаруччы, затым тры гады ў школу хадзіла, а пасля паехала паступаць у Лужаснянскі тэхнікум на агранома.
Працаваць вярнулася на радзіму. Зрэшты, важных пасадаў Галіна ніколі не займала, проста працавала брыгадзірам на саўгасным участку ў Кордзіках, Казлах, Чарнаруччы, пасля — у Забалацці.
Пэўны час была начальнікам комплекснага ўчастка. І былі ў яе падпарадкаванні не толькі паляводы, а і жывёлагадоўчая ферма.
Рана падпільнавалі хваробы. Можна сказаць, што згарэла на працы. У сорак восем гадоў здарыўся інсульт.
Ды і ўласны лёс не песціў, а біў, як кажуць, наводмаш. Двух сыноў маладымі пахавала, малодшаму ўсяго крыху за дваццаць было, калі загінуў.
Двойчы Галіна была замужам. У пяцьдзясят сёмым выйшла за трактарыста з Кордзікаў Мікалая Яско. Чатырох дзяцей нарадзілі. А калі Мікалая не стала, не пажадала заставацца сам-насам з адзінотаю і старасцю. Пайшла замуж за Васіля Ігнатовіча з Забалацця. Пайшла яшчэ на трое дзяцей, меўшы сваіх чацвёра. І, відаць, была неблагой мачахай, бо чужыя дзеці сталі сваімі і прызнаюць зараз, і прыязджаюць. Трымалі і карову, і каня, і свіней, і розную птушку — качак, гусей і курэй. За вялікай гаспадаркай патрэбен быў догляд. Аднак усюды спраўлялася. А яшчэ ж і брыгадзірства, і грамадскія нагрузкі — была старшынёй у таварысцкім, засядальнікам у народным судах, абіралі дэпутатам сельскага, раённага Саветаў, накіроўвалася на пленум абкама партыі. Дзіва што стамілася.
Зараз па-ранейшаму жыве ў Забалацці, мае агарод. А як жа без яго! Вось толькі даглядаюць агарод, як, зрэшты, і яе самую, унук з унучкаю.
Шасцёра ўнукаў, васьмёра праўнукаў — жыві, бабуля, і радуйся. А яна ў маркоце, стамілася жыць, бо нават і ў металу бывае стомленасць, не тое, што ў чалавека, які шчырае сэрца.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Галіна Пятроўна Яско.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.