Лепельскія ветэраны ў сталіцы

Пры Лепельскім райвыканкаме ўжо не першы год дзейнічае каардынацыйны Савет, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі грамадскіх арганізацый раёна. На пася­джэннях каардынацыйнага Савета разглядаецца шэраг актуальных пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця горада і раёна. На адно з пасяджэнняў Савета ў свой час быў запрошаны дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Пётр Шыкшнян. Для таго, каб прадстаўнікі арганізацый, сярод якіх ёсць ветэраны, воіны-інтэрнацыяналісты, члены Камуністычнай партыі Беларусі, маглі больш блізка пазнаёміцца з дзейнасцю Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Пётр Генрыхавіч паабяцаў арганізаваць экскурсію па будынку, у якім працуюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
— Экскурсія, вядома, пакінула ў нас незабыўныя ўражанні, — кажа старшыня раённага Савета ветэранаў Васіль Майзус. — Мы пабывалі ў музеі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дзе дэталёва пазнаёміліся з яе дзейнасцю, пабачылі шэраг шматлікіх узнагарод, якіх былі ўдастоены дэпутаты, разнастайныя сувеніры ад розных краін свету. Вельмі цікава было пабываць у зале пасяджэнняў Палаты прадстаўнікоў, дзе абмяркоўваюцца многія заканадаўчыя пытанні.
У гэты ж дзень удзельнікі экскурсіі пабывалі ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Вельмі прыемна было сустрэцца з яго дырэктарам Уладзімірам Пракапцовым, якому ў 2012 годзе, у час святкавання Дня горада Лепеля было прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін г.Лепеля”. Для лепяльчан была праведзена пазнавальная экскурсія па музеі, які стаў культурнай скарбніцай Беларусі. У цяперашні час гэта не толькі музей-галерэя, а і сучасны навукова-адукацыйны цэнтр, арт-пляцоўка для мастакоў. У музеі прадстаўлена больш за трыццаць тысяч экспанатаў — шэдэўраў беларускай і замежнай творчасці, якія складаюць дваццаць калекцый і два зборы твораў нацыянальнага і сусветнага мастацтва, у тым ліку майстроў Заходняй Еўропы і краін Усходу XVI — XX стагоддзяў. Вельмі цікава было пабачыць унікальную калекцыю беларускага мастацтва, якая ўключае старажытны іконапіс, скульптуру, тканіну, разьбу па дрэве і г.д.
Шмат незабыўных уражанняў у лепяльчан пакінула таксама экскурсія ў Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Наведвальнікам вельмі цікава было пабачыць графічныя творы, жывапіс, самаробную партызанскую зброю, ваенную тэхніку і г.д.
Запомнілася лепяльчанам таксама экскурсія па музеі аівяцыйнай тэхнікі. Ан-2, Ан-26, Іл-14П, Іл-18в, Л-29, МіГ-25БМ, МіГ-17 — больш за трыццаць экспанатаў прадстаўлена ў музеі. Наведвальнікі з задавальненнем пабывалі ў кабінах лятальных апаратаў, дзе адчулі сябе сапраўднымі пілотамі.
— Самых шчырых слоў падзякі хочацца выказаць дырэктару КУП ДРАЦ “Жамчужына” Веры Закрэўскай, якая прадаставіла аўтобус для паездкі, — адзначыў начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкма Ігар Урбан. — Матэрыяльную дапамогу ўдзельнікам экскурсіі аказала ААТ “Лепельскі МКК” і раённае аддзяленне Беларускага Фонду свету.
Кожны з удзельнікаў паездкі вярнуўся са сталіцы са мноствам станоўчых эмоцый і добрых уражанняў. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь на справе даказаў, што жыхары раёна адчуваюць з боку ўлады ўсебаковую падтрымку. Пётр Генрыхавіч рэгулярна сустракаецца з мясцовым насельнцітвам, даведваецца аб надзённых праблемах лепяльчан і прымае канкрэтныя захады па іх вырашэнні. Давер жа народа грунтуецца на канкрэтных справах.
Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.