Лепяльчане, якія на прысядзібных участках займаюцца вырошчваннем гародніны, добра ведаюць такое паняцце, як абнаўленне сартоў

Вяскоўцы, гараджане, якія на прысядзібных участках займаюцца вырошчваннем гародніны, добра ведаюць такое паняцце, як абнаўленне сартоў. З гадамі нават самая элітная бульба пачынае губляць свае галоўныя якасці: ураджайнасць, устойлівасць да шкоднікаў і хвароб, смак.

Таму дбайныя земляробы з пэўнай перыядычнасцю мяняюць сарты, старую бульбу пускаюць на харчаванне, корм жывёле, заводзяць новае насенне. Прыблізна такім жа чынам робяць і жывёлаводы, толькі ў гэтым выпадку абнаўляюць пароды.
Кіраўніцтва ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” прыняло прынцыповае рашэнне абнавіць пароды свіней на комплексе ў вёсцы Дражна, правесці некаторыя мерапрыемствы па мадэрнізацыі вытворчага працэсу, санацыі памяшканняў, даабсталявання жывёлагадоўчага комплексу.
У некаторых памяшканнях яшчэ застаюцца свінаматкі парод “дзюрок” і “ландграс”, пакрытыя яшчэ ў лістападзе, яны ў хуткім часе павінны апарасіцца. Прыплод пасля пэўнага часу ўтрымання пад маткамі будуць аддзяляць і перавозіць у іншы комплекс для дарошчвання. Свінаматак жа паступова адпраўляюць на мясакамбінат.
У вызваленых памяшканнях поўным ходам праводзяцца санацыя, дэзінфекцыя, рамонт, паўторныя санацыя і дэзінфекцыя. Галоўную пагрозу для свінапагалоўя ўяўляюць інфекцыйныя хваробы, сярод якіх на першым месцы, безумоўна, афрыканская чума свіней. Адзіны і самы эфектыўны спосаб супрацьстаяць ёй — своечасовая, планамерная, поўнамаштабная прафілактычная работа. Менавіта для гэтага свінаводы з Дражна выкарыстоўваюць зручны час, пакуль у стойлах і клетках не будзе свіней, каб цалкам, стапрацэнтна вычысціць іх, апрацаваць самымі эфектыўнымі дэзінфекцыйнымі прэпаратамі. А калі трэба — то і паўтарыць, каб прадухіліць назапашванне патэнцыйна небяспечных вірусаў.
Свіны гной — вельмі агрэсіўнае рэчыва, насычанае аміякам, які здольны разбуральным чынам уздзейнічаць на цэглу, жалеза, нават на бетон. За некалькі гадоў назапасіліся пашкоджанні, якія раней не ўдавалася хутка ліквідоўваць. Зараз жа з’явілася выдатная магчымасць грунтоўна адрамантаваць паломкі, паднавіць сістэмы гноевыдалення, вентыляцыі, падачы корму, ацяплення.
Паступова будзе мяняцца і структура гадавання свіней. У Дражне будуць утрымлівацца толькі свінаматкі. Іх будуць абсемяняць, даглядаць увесь перыяд пароснасці, праводзіць апаросы. Малых парасят мяркуецца трымаць каля месяца, пасля чаго накіроўваць на дарошчванне і далейшы адкорм на іншыя фермы і комплексы, у тым ліку і на бліжэйшую свінаферму ў Стаях. Дадзеная форма свінагадоўлі, як мяркуецца, павінна стаць больш рэнтабельнай у параўнанні з існуючай.
Галоўнай цяжкасцю, якую даводзіцца пераадольваць свінаводам, з’яўляецца абмежаванасць у фінансавых сродках. Усе мерапрыемствы праводзяцца за кошт сродкаў ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, прыцягненне крэдытных сродкаў праблематычнае найперш з-за высокіх працэнтных ставак. Чытач можа ўявіць сабе сітуацыю: комплекс пэўны перыяд не працуе, не дае прадукцыю, ды яшчэ і патрабуе значных капіталаўкладанняў. Натуральна, гэты перыяд трэба па магчымасці скараціць. Рамонтныя работы плануецца завяршыць у канцы мая — пачатку чэрвеня, тады ж мяркуецца завезці і новае пагалоўе племянных свінаматак.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.