У гасцях у лепельскай траўніцы

102Летась неаднойчы праязджаў па вуліцы Кветкавай у Домжарыцах, на якой узводзіцца адразу некалькі новых аднакватэрных жылых дамоў сядзібнага тыпу.

Прыемна было бачыць, што пашыраецца цэнтральная сядзіба Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Грукацелі сякеры, заўзята скавыталі мотапілы. Міжволі заўважыў, як асабліва старанна працаваў каля адной з будуемых жылых сядзіб малады і прыгожы, высокі і падцягнуты, спартыўнага выгляду хлопец.
— Гэта будуе сабе жылы дом зяць вядучага навуковага супрацоўніка Бярэзінскага біясфернага запаведніка Васіля Натарава, — паведаміў мясцовы жыхар. — Ён нарадзіўся і вырас у Мінску, але пагадзіўся пераехаць сюды на пастаяннае месца жыхарства. Пакуль што маладыя жывуць у бацькоў нявесты, але хутка перабяруцца ў сваё ўласнае асобнае жыллё, паколькі будоўля ўжо блізіцца да завяршэння.
Гэта невялікая гутарка ўспомнілася сёлета, калі крочыў па Домжарыцах у накірунку да мясцовай бібліятэкі, каб пазнаёміцца з работай гэтай установы культуры, сустрэцца з бібліятэкарам Таццянай Смаляной — дачкой Васіля Натарава, мужа якой я бачыў летась на ўзвядзенні свайго жылога дома на вуліцы Кветкавай. Хацелася пазнаёміцца з той, якая “заякарыла” на сваёй малой радзіме такога добрага і працавітага хлопца, былога сталічнага жыхара.
Для мяне бібліятэка — гэта нібыта святы кніжны храм. Нездарма яшчэ знакаміты расійскі пісьменнік Максім Горкі гаварыў: “Усяму добраму, што ў мяне ёсць, я абавязаны кнігам”. У дзяцінстве і юнацтве, у час вучобы ў сярэдняй школе я перачытаў амаль усе мастацкія кнігі ў Замошскай сельскай бібліятэцы, якая знаходзілася на адлегласці паўтара кіламетра ад маёй роднай вёскі Аношкі. Прытым тагачасныя кнігі вучылі толькі разумнаму, добраму і вечнаму, а іншыя тады проста не друкаваліся.
— У нашай сельскай бібліятэцы маюцца толькі кнігі высокага мастацкага ўзроўню, — адразу сказала ў час нашай сустрэчы Таццяна Васільеўна. — Для гэтага ў раённай цэнтралізаванай сістэме ёсць спецыяльны аддзел камплектавання, які дасылае кнігі належнага зместу. Зразумела, што ў нас маецца і спецыяльная навуковая літаратура, прызначаная, прынамсі, толькі для супрацоўнікаў дзяржзапаведніка, аднак асноўная колькасць выданняў — гэта мастацкія творы для дзяцей, падлеткаў і дарослых людзей.
Шмат хто да нас заходзіць, каб пачытаць свежыя газеты і часопісы, пагартаць падшыўкі перыядычных выданняў. Тым больш што фінансавыя магчымасці асноўнай колькасці людзей зараз дазваляюць выпісаць дадому толькі адну-дзве газеты або часопісы.
— Каго з найбольш актыўных чытачоў можаце назваць?
— Гэта Дзмітрый Стаўроўскі, Людміла Кузьміч, Дзіна Вайцялёнак, Тамара Аленгус, Васіль Аўтушка, Ніна Кудзіна, Святлана Мяшчанава і многія іншыя. Усяго налічваецца 390 чытачоў.
— А што за высушаныя расліны размешчаны побач з кнігамі?
— Пры бібліятэцы працуе аматарскае аб’яднанне “У гасцях у траўніцы”, якое наведваюць як людзі сталага ўзросту, так і моладзь. Вывучаем лячэбныя травы нашай мясцовасці, назапашваем, сушым іх без нанясення шкоды навакольнаму прыроднаму асяроддзю. За зімовыя месяцы нашы запасы змяншаюцца, паколькі спажываюцца. Напрыклад, вельмі карысны для здароўя, смачны будзе чай, калі яго прыгатаваць з такой лячэбнай раслінай, як чабор.
Вырабляем таксама і невялікія кулькі-зернясушкі, якія ў народзе лічацца абярэгамі, ахоўваюць ад сурочвання, ад злых духаў і дрэнных людзей.
З палосак звычайнай паперы нашыя мясцовыя ўмельцы вырабляюць невялікія прыгожыя кошыкі, якія выкарыстоўваюць у паўсядзённым ужытку. Дзеці, асабліва дзяўчаты, з задавальненнем вучацца вязанню кручком, выкананню іншых карысных хатніх спраў.
Наогул, наша бібліятэка — гэта месца, куды чалавек можа прыйсці не толькі для таго, каб узяць і пачытаць кнігі, азнаёміцца са свежай перыёдыкай, але і проста пагутарыць, заняцца рукадзеллем, цікава правесці свой вольны час.
— Ці вялікая сям’я?
— У мяне двое дзяцей. Сын Дзмітрый вучыцца ў дзявятым класе Домжарыцкай сярэдняй школы, дачка Ульяна — у другім класе гэтай жа школы.
М. АЗЁРНЫ.
На здымку: бібліятэкар Домжарыцкай сельскай бібліятэкі Таццяна Смаляная дэманструе кошыкі, вырабленыя з палосак паперы, і запасы сушаных лячэбных траў аматарскага аб’яднання “У гасцях у траўніцы”, якія вельмі дапасуюць, выдатна дапаўняюць багаты кніжны бібліятэчны фонд.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.