Магазин «Счастье»

img_1903Вядома, што найдаражэйшым скарбам для кожнага чалавека з’яўляюцца яго дзеці. Ні з чым немагчыма параўнаць тыя шчаслівыя хвіліны, калі ўпершыню чуеш крык нованароджанага сыночка або дачушкі, бачыш яго маленькія вочкі і першую мілую ўсмешку. На ўсё жыццё запамінаюцца моманты, калі дзіця робіць першыя няўпэўненыя крокі і вымаўляе першыя словы. І так хочацца, каб жыццё нашых дзетак было яркім, радасным і шчаслівым! З самага нараджэння бацькі імкнуцца набыць для сваіх дзетак прыгожае зручнае адзенне і абутак, цікавыя гульні і цацкі для ўсебаковага развіцця, сродкі гігіены для купання… Літаральна кожны тыдзень бацькі наведваюць аддзелы дзіцячых тавараў у магазінах і робяць патрэбныя пакупкі. Аднак сапраўдным падарункам для дарослых і дзетак стала адкрыццё прыватнага магазіна “Шчасце” ў новым гандлёвым цэнтры па вуліцы Чуйкова, што насупраць гандлёвага цэнтра “Хатні”. Пры ўездзе ў г. Лепель кожны, вядома, звярнуў увагу на прыгожую яркую шыльду і зацікавіўся асартыментам тавараў, якія прапануюцца ў магазіне “Шчасце”.
Адразу, увайшоўшы сюды, звярнула ўвагу на вялікую колькасць прадстаўленага тавару. Яркія куртачкі, шапачкі, камбінезоны, абутак, цацкі… Прызнацца шчыра, сярод такой разнастайнасці тавараў няцяжка і разгубіцца.
— Вас штосьці зацікавіла? У нашым магазіне вы зможаце знайсці ўсе патрэбныя тавары для дзетак ад нараджэння да школьнага ўзросту, ёсць таксама вялікі выбар адзення і абутку для дарослых, — адзначае заснавальнік магазіна, індывідуальны прадпрымальнік Святлана Арэхава. — Упэўнена, што ў нас вы зможаце знайсці ўсё, што патрэбна вашаму дзіцяці.
Разам са Святланай Уладзіміраўнай праходзім уздоўж вітрын. У адным з аддзелаў на выбар пакупнікоў прапануюцца канверты для нованароджаных — салатавага, ружовага, жоўтага, блакітнага колераў… Бацькі змогуць набыць камплект на любы густ. Тут жа прапануюцца камплекты пасцельнай бялізны, дзіцячыя парасоны. Кожны хлопчык будзе адчуваць сябе сапраўдным кіроўцам ва ўтульным аўтамабілі-пазадарожніку.
Праходзім у вялікую залу. Проста вочы разбягаюцца ад багацця яркіх, рознакаляровых цацак. Бразготкі, неваляшкі, лялькі, развіццёвыя гульні, канструктары… Тут пакупнікі абавязкова знойдуць цацку, якая спадабаецца іх дзіцяці. Побач — шырокі выбар куртак і камбінезонаў як для самых маленькіх, так і дзяцей школьнага ўзросту, дзіцячы абутак, а таксама адзенне і абутак для дарослых.
— У нас прадстаўлены тавары лепшых прадпрыемстваў-вытворцаў Расіі і Беларусі. Вялікая колькасць прапануемых тавараў — гэта прадукцыя беларускіх прадпрыемстваў. Пакупнікі ахвотна набываюць цацкі Палессе. Гэта каталкі, вазкі, дзіцячыя наборы і г.д. Адзенне і абутак маюць належную якасць.
У тым, што магазін “Шчасце” сапраўды мае папулярнасць сярод дарослых і дзяцей, я пераканалася, пабываўшы тут разам са сваім маленькім сынулем. Максюша адразу выбраў сабе цацку-каталку. Я ж ніколі не праходжу міма секцыі дзіцячага адзення. Адразу звярнула ўвагу на два прыгожыя модныя касцюмчыкі. Адзін з іх абавязкова апранём на сямейную ўрачыстасць, а ў другім наведаем бліжэйшае мерапрыемства. У гэтым жа магазіне выбрала для Максюшы зручныя боцікі і зімовую шапачку.
— Мы пастаянна пашыраем асартымент тавараў, у нас мы зможаце набыць адзенне па сезоне, — адзначае Святлана Уладзіміраўна.
Са Святланай Арэхавай я знаёмая ўжо не адзін год. Ведаю, што больш за трыццаць гадоў яна аддала працы ў Лепельскім райспажыўтаварыстве.
— Як жа ў вас узнікла ідэя заняцца прадпрымальніцтвам і чаму вы выбралі менавіта продаж дзіцячага адзення?
— На гэту справу мяне натхніла першая ўнучка, — з усмешкай адказвае Святлана Уладзіміраўна. — У маёй малодшай дачкі Галіны нарадзілася першая дачушка Мілена. Для таго, каб выбраць для яе чарговы падарунак, мы часта наведвалі магазіны дзіцячага адзення. Заўсёды ўражвала вялікая колькасць разнастайных тавараў, і раптам узнікла думка: “А чаму б і нам не адкрыць падобны магазін?” Актыўна ўзяліся за справу. Спачатку ўзялі ў арэнду невялікае памяшканне, якое належыць КУВП “Бароўка” на старой базарнай плошчы. Зараз жа наш магазін знаходзіцца ў гэтым вялікім прасторным будынку, які належыць індывідуальнаму прадпрымальніку Сяргею Ганчару. Дарэчы, у цяперашні час у нас ужо чацвёра ўнукаў. Галіна стала шматдзетнай маці. Акрамя пяцігадовай Мілены, у яе падрастае двое дзетак. Марку ўжо споўнілася тры гады, а Стэфаніі — адзін год. Стала маці і мая старэйшая дачка Любоў, у якой нарадзілася дачушка Вера. Ёй таксама споўніўся адзін год.
Упэўнена, што кожны з пакупнікоў у нашым магазіне будзе адчуваць сябе ўтульна і камфортна.
У будучым мы плануем пачаць рэалізацыю адзення сэканд-хэнд і сток.
Дарэчы, распарадак работы гандлёвай кропкі вельмі зручны для пакупнікоў. Магазін “Шчасце” працуе штодзень з дзесяці да 20 гадзін, без выхадных, а ў суботу і панядзелак — з дзесяці да 18 гадзін.
Пакідаю гандлёвы аб’ект з выдатным настроем, бо зрабіла добрыя пакупкі і падрыхтавала прыемны сюрпрыз для маленькага сыночка. А ля багатых вітрын спынілася шмат пакупнікоў: упэўнена, што кожны з іх абавязкова знойдзе патрэбны тавар.
Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.