Начало деятельности бригады «Железняк»

dzyaka%d1%9eУ гады Вялікай Айчыннай вайны партызанская брыгада “Жалязняк” дзейнічала ў паўднёва-заходняй частцы Лепельшчыны і прылеглых да яе тэрыторыях.
У снежні 1942 года пасёлак Бягомль, вызвалены партызанамі, стаў цэнтрам створанай пазней вялікай Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоны. Сёння мала хто ведае, што брыгада сфарміравалася на базе атрада “Рамана”, які быў створаны з жыхароў шэрага запаведніцкіх вёсак і чырвонаармейцаў-акружэнцаў. Камандаваў атрадам кадравы ваенны, малодшы лейтэнант Раман Дзякаў. Камісарам у атрадзе быў Сцяпан Манковіч.
Большасць чырвонаармейцаў летам і восенню 1941 года пад кіраўніцтвам Дзякава выходзілі з акружэння, але ў сілу розных абставінаў засталіся на зіму ў запаведніцкіх вёсках, прыпісаўшыся для гэтага ў мясцовых уладаў да калгасаў. Тады ж, пакінуты ў нямецкім тыле для арганізацыі партыйнага падполля трэці сакратар Бягомльскага райкама партыі Сцяпан Манковіч пазнаёміўся з Дзякавым. У іх узнікла папярэдняя дамоўленасць аб вывадзе людзей Дзякава ў лес, але аж да вясны справа не прасоўвалася. Сам Манковіч зіму правёў на нелегальным становішчы ў Домжарыцах, а ранняй вясной адправіўся на пошукі партызанаў. Праз замёрзлае Домжарыцкае балота ён выйшаў да лясоў Валовай Гары, дзе і знайшоў атрад дэсантнікаў пад кіраўніцтвам лейтэнанта НКУС Івана Кузіна. 28 сакавіка 1942 года мясцовыя партызаны сумесна з байцамі Кузіна разграмілі Домжарыцкі паліцэйскі гарнізон. Гэта была першая добра спланаваная і праведзеная аперацыя. У пачатку красавіка 1942 года Раман Дзякаў сабраў прыпіснікоў, якія жылі ў Кветчы, Крайцах, Пераходцах, Рожне і Саўскім Бары, і адвёў іх у разбіты недалёка ад базы Кузіна лясны лагер на адным з астравоў Домжарыцкіх балот. Некалькі падпольшчыкаў Манковіча таксама далучыліся да іх.
У верасні 1942 года атрад “Рамана” разгарнуўся ў брыгаду пад той жа назвай у складзе двух атрадаў. У кастрычніку 1942 года брыгада названа імем героя грамадзянскай вайны Анатоля Жалезнякова (“Жалязняк”). З кастрычніка па снежань 1942 года Раман Дзякаў з’яўляўся намеснікам камандзіра брыгады. У снежні 1942 года быў адкліканы за лінію фронту і накіраваны камандзірам спецатраду. Брыгаду “Жалязняк” узначаліў Іван Ціткоў.
Партызанская брыгада “Жалязняк” паступова ператвараецца ў моцную, баяздольную адзінку, на рахунку якой шмат баявых аперацый супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў.
Валерый ТУХТА, краязнаўца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.